У Польшчы выяўлены першы выпадак заражэння каронавірусам. Пра гэта на спецыяльна скліканай прэс-канферэнцыі паведаміў міністр аховы здароўя краіны Лукаш Шумоўскі. Усе асобы, з якімі кантактаваў хворы, ахопленыя каранцінам. У краіне прадпрымаюцца адпаведныя захады на выпадак павелічэння колькасці заражаных, сказаў міністр.
Лукаш Шумоўскі паведаміў журналістам, што пацыент родам з Любускага ваяводства (заходняя Польшча), нядаўна ён вярнуўся з Германіі. Ён шпіталізаваны ў бальніцы горада Зялёна Гура, а яго стан медыкі ацэньваюць як здавальняючы.
- Гэтай ноччу мы атрымалі станоўчыя вынікі тэстаў пацыента. Ён першы, у якога ў Польшчы пацверджана заражэнне каронавірусам.
Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя дадаў, што, як і павінны быць у такой сітуацыі, усе асобы, з якімі кантактаваў хворы, ахопленыя каранцінам.
Лукаш Шумоўскі таксама заклікаў усіх грамадзян краіны захоўваць спакой і рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя.
Марэк Дзялашыньскі, дырэктар бальніцы ў Зялёнай Гуры, дзе знаходзіцца заражаны пацыент, падкрэсліў, што хворы паступіў адпаведна і, заўважыўшы сімптомы, адразу ж звярнуўся па дапамогу.
- Пацыент паступіў вельмі добра, ён звярнуўся па дапамогу і адразу ж трапіў у інфекцыйнае аддзяленне. Будынак шпіталя, дзе знаходзіцца інфекцыйнае аддзяленне, мы ізаліравалі ад іншых аддзяленняў, дзякуючы чаму распаўсюджванне хваробы значна абмежаванае.
Доктар Яцэк Смыкал з інфекцыйнага аддзялення шпіталя ў Зялёнай Гуры сказаў, што ўстанова адпаведна падрыхтаваная для барацьбы з каронавірусам. Бальніца гатовая на прыём чарговых пацыентаў, падкрэсліў медык.
- Мы падрыхтаваныя прыняць чарговых пацыентаў, бо чарговыя выпадкі захворвання альбо падазрэння на каронавірус напэўна з'явяцца.
Тым часам на каранціне знаходзяцца 200 чалавек з горада Паліцэ ў Заходнепаморскім ваяводзтве Польшчы, сказаў Лукаш Шумоўскі.
- У горадзе Паліцэ ўзятыя пробы, усе тэсты далі негатыўны вынік. Згодна з працэдурай, усе грамадзяне, у якіх існуе падазрэнне заражэння, ахопленыя каранцінам. Цяпер санітарная інспекцыя аналізуе дадзеныя, пасьля чаго будзе прынятае рашэнне аб заканчэнні каранціна.
У горадзе Паліцэ каранцінам ахопленыя два школьныя інтэрнаты з-за падазрэння заражэння каронавірусам. Тры чалавекі з гэтай групы трапілі ў шпіталь у Шчэціне ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя.
Тым часам у паасобных ваяводствах адбываюцца вучэнні адпаведных службаў, мэта якіх – каардынацыя дзеянняў на выпадак зʼяўлення большай колькасці заражаных каронавірусам. Пра тое, як выглядаюць вучэнні, расказаў прэс-сакратар вармінска-мазурскага ваяводы Кшыштаф Гузэк.
- Пажарная служба расставіць спецыяльную пнеўматычную палатку каля шпіталя. Гэта свайго роду палявы прыёмны пакой на выпадак, калі заражаных будзе больш. Я падкрэслю, што гэта толькі вучэнні адпаведных службаў, якія павінны быць падрыхтаваныя на павелічэнне колькасці пацыентаў.
У Польшчы з-за пагрозы эпідэміі адкладзеныя шматлікія масавыя мерапрыемствы, для прыкладу, міжнародныя спаборніцтвы па кампʼютарных гульнях у горадзе Катавіцы альбо адукацыйны кірмаш у Любліне. Тым часам спецыялісты зазначаюць, што пры захаванні элементарных правіл гігіены заражэнне каронавірусам амаль што немагчымае. Мікрабіёлаг, доктар біялагічных навук Марэк Барташэвіч сказаў, што каронавірус баіцца высокіх тэмператур і ў пакаёвай тэмпературы зможа быць актыўным максімальна некалькіх гадзін. Пасля гэтага ён губляе магчымасць заражэння. Галоўнае, часта мыць рукі, кажа спецыяліст.
- Калі мы не хочам, каб каронавірус на нас перайшоў, то бываючы ў месцах масавага скаплення людзей, напрыклад, у гандлёвых цэнтрах, старацца пазбягаць дакранання да вуснаў, твару, вачэй, бо гэта – патэнцыйныя месцы пранікання віруса ў наш арганізм. Ну і памятайма пра тое, каб дакладна мыць рукі – гэта найлепшы спосаб прафілактыкі, і не толькі супраць каронавіруса.
А ў сезоне росту заражэння віруснымі інфекцыямі варта адмовіцца ад вітання за руку, гаворыць доктар Барташэвіч.
- Найлепш вітацца, кажучы проста «прывітанне» альбо «добры дзень». Падаваць сабе рукі – не самы лепшы спосаб, бо гэтак перадаецца інфекцыя. Ну і стаяць ад сябе далей – некаторыя крыніцы паведамляюць пра два метры. Чым менш людзей вакол нас у пік захворванняў, тым лепш.
Да гэтага часу ва ўсім свеце зарэгістравана больш за 93 тыс. выпадкаў заражэння каронавірусам. За два месяцы гэтая хвароба забрала жыцці амаль 3 тыс. 200 чалавек. Большасць смяротных выпадкаў зарэгістравана ў Кітаі, Іране, Італіі і Паўднёвай Карэі.
Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, пераважную большасць заражаных складаюць дарослыя. Найбольш цяжка хвароба працякае ў людзей старэйшых за 60 гадоў, у якіх існуюць іншыя захворванні.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл