Беларуская Служба

У Варшаўскім універсітэце вучыцца больш за 700 беларусаў

10.03.2020 15:12
Адсотак замежных студэнтаў у гэтай самай буйной вышэйшай навучальнай установе ў Польшчы пастаянна расце.
Аўдыё
Галоўны ўваход у Варшаўскі ўніверсітэтфота: Н. Грышкевіч/radyjo.net

Вышэйшая адукацыя цяпер лічыцца ўжо практычна адукацыйным стандартам. У Польшчы ў 2019 годзе больш за 424 тыс. чалавек пачало вучыцца ў вышэйшых навучальных установах. Усё большы адсотак студэнтаў польскіх вну складаюць іншаземцы, у тым ліку беларусы. 

Якія напрамкі выбіраюць часцей за ўсё студэнты з Беларусі, якім чынам яны могуць стаць слухачамі вну, што неабходна дзеля таго, каб вучыцца бясплатна – усе гэтыя пытанні я задала прадстаўніцы адміністрацыі (офіса па кантактах з прэсай) Варшаўскага ўніверсітэту Даіве Максімовіч. Яна распавяла, што рэгулярна расце адсотак замежных студэнтаў у гэтай самай буйной вышэйшай навучальнай установе ў Польшчы.

- Студэнцкая грамада нашага ўніверсітэту становіцца ўсё больш разнароднай, інтэрнацыянальнай. З кожным годам расце колькасць студэнтаў з-за мяжы, якія пачынаюць вучобу. На дадзены момант вучыцца каля 5 тыс. іншаземцаў. Адну з самых буйных групаў складаюць беларусы. У нас вучыцца 720 чалавек з Беларусі. Для параўнання трэба сказаць, што агульная колькасць студэнтаў Варшаўскага ўніверсітэту, на першай і другой ступені навучання, а таксама аспірантаў, складае больш за 42 тысячы чалавек.

Якія напрамкі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю сярод замежных студэнтаў? Ці замежнікі часцей за ўсё выбіраюць такія ж факультэты, як і палякі? Сярод самых папулярных напрамкаў у Польшчы на першым месцы інфарматыка, пазней ідуць упраўленне, медычныя кірункі, псіхалогія. А што выбіраюць замежныя студэнты, у тым ліку беларускія?

- Самыя папулярныя напрамкі, якія выбіраюць замежныя студэнты ў Варшаўскім універсітэце, гэта міжнародныя адносіны, упраўленне, фінансы і бухгалтарскі ўлік, а таксама журналістыка і сувязі з грамадскасцю. Цалкам зразумела, чаму замежнікі выбіраюць напрамак «Міжнародныя адносіны», а вось чаму вялікай папулярнасцю карыстаецца журналістыка? На маю думку, часткова гэта вынікае з таго, што агулам журналістыка – вельмі папулярны факультэт, таксама сярод палякаў. Напэўна замежныя студэнты робяць планы на будучыню, магчыма, яны разлічваюць на тое, што пасля заканчэння адукацыі ў іх будзе магчымасць працаваць у Польшчы карэспандэнтам выдання, якое выходзіць у іх на радзіме, або карэспандэнтам нейкай польскай газеты ці іншага СМІ ў сябе на айчыне.

Якім чынам малады чалавек з Беларусі, які заканчвае сярэднюю школу, можа трапіць у польскую вну? Якія дакументы неабходна падаваць, як выглядае працэдура падачы дакументаў?

- Асобы з замежжа, якія імкнуцца стаць студэнтамі, павінны выканаць тыя ж самыя ўмовы, як і грамадзяне Польшчы. Неабходна зарэгістравацца ў электроннай сістэме падачы заяваў, запоўніць усе неабходныя дакументы. Замежныя студэнты павінны выслаць адсканаваныя дакументы аб сярэдняй адукацыі. Дакументы павінны быць перакладзеныя на тую мову, на якой чалавек намераны вучыцца, і афіцыйна зацверджаныя адпаведным органам.

Трэба сказаць, што ў Варшаўскім універсітэце можна вучыцца не толькі на польскай мове, але таксама на ангельскай, таму і дакументы трэба падаваць на той мове, на якой студэнт намераны вучыцца, пра што было згадана. А ці неабходна выдатна валодаць польскай мовай, каб выбраць польскамоўны напрамак? Калісьці, калі я прыехала на вучобу, можна было цэлы год прахадзіць курс падрыхтоўкі да навучання, між іншым вывучаць мову. Ці цяпер ёсць такая магчымасць?

- З новага акадэмічнага году (2020-2021) Варшаўскі ўніверсітэт уводзіць патрабаванне, што ўсе замежныя кандыдаты павінны ведаць польскую мову як мінімум на ўзроўні Б2. Неабходна прадставіць дакументы аб валоданні польскай мовай – напрыклад, што дадзеная асоба прайшла курсы польскай мовай і здала іспыты. Такі курс трэба прайсці ў школе, якая ўваходзіць у спіс, падрыхтаваны польскім міністрам навукі і вышэйшай адукацыі. У выпадку некаторых напрамкаў навучання ёсць магчымасць пацвердзіць свой узровень валодання польскай мовай падчас кваліфікацыйнай гутаркі.

Хто можа вучыцца ў Польшчы бясплатна? Дзеля таго, каб не плаціць за вучобу, неабходна быць грамадзянінам краіны, якая ўваходзіць у склад Еўрапейскага звязу. Беларусы, канешне, не выконваюць гэтай умовы. Аднак на такіх жа ўмовах, што і палякі, могуць вучыцца замежнікі, калі яны маюць від на жыхарства ў Польшчы або Карту паляка, з’яўляюцца жонкай або мужам, дзецьмі або бацькамі грамадзяніна Польшчы, атрымалі ў Польшчы палітычны прытулак, а таксама выконваюць некаторыя іншыя ўмовы, напрыклад, дасканала ведаюць польскую мову (на ўзроўні С2). У сваю чаргу вучоба ў прыватных вну платная, а замежнікі пераважна плацяць больш, чым грамадзяне Польшчы ці іншай краіны ЕЗ. Сярэдні кошт аднаго года вучобы – каля 1000-1500 тыс еўра на прыватных вну і нават 2000 тыс. еўра на дзяржаўных.

нг