Беларуская Служба

Былы Першы сакратар ЦК ПАРП будзе пахаваны на Павонзках

12.03.2020 13:36
Ваенныя Павонзкі – гэта самая прэстыжная некраполія сталіцы, дзе хаваюць заслужаных людзей палітыкі, мастацтва, навукі і спорту. 
.
.kropekk_pl/pixabay.com/CC0

Былы Першы сакратар Цэнтральнага камітэту Польскай аб’яднанай рабочай партыі Станіслаў Каня будзе пахаваны ў ганаровым месцы самай прэстыжнай варшаўскай некраполіі Павонзкі. Згоду выдалі гарадскія ўлады – піша Rzeczpospolita.

У гэтым месца на Павонзках спачываюць жаўнеры Першай арміі Войска Польскага. У 2014 годзе недалёка, у спецыяльна створанай магіле, быў пахаваны былы прэзідэнт і дыктатар ваеннага становішча генерал Войцех Ярузэльскі. Рашэнне выклікала шматлікія пратэсты.

Па інфармацыі газеты, у пятніцу там адбудзецца чарговае пахаванне – Станіслава Кані.

Ваенныя Павонзкі – гэта самая прэстыжная некраполія сталіцы, дзе хаваюць заслужаных людзей палітыкі, мастацтва, навукі і спорту. Па гэтай прычыне на пахаванне ў гэтым месцы патрэбная згода мэра Варшавы.

Станіслаў Каня, як сакратар Цэнтральнага камітэту, усе 70-ыя гады адказваў за працу службы бяспекі, а падчас пратэстаў у 1970 годзе на ўзбярэжжы Польшчы ўдзельнічаў у сустрэчы з кіраўніком партыі Уладзіславам Гамулкам, які загадаў войску і міліцыі выкарыстаць зброю.

У апублікаваным у інтэрнэце некралогу сям’я напісала: «Жаўнер Сялянскіх батальёнаў. Палітык. Грамадскі дзеяч. Фактычны стваральнік, з боку ўладаў, і паслядоўны абаронца Жнівеньскіх пагадненняў. Ён эфектыўна супрацьдзейнічаў савецкаму збройнаму ўмяшальніцтву ў снежні 1980 году. Сышоў з пасады ў выніку супраціву ўвядзення ваеннага становішча».

ав