Вялікая частка зместу сённяшніх друкаваных выданняў прысвечана пытанням пандэміі каранавіруса на свеце. Rzeczpospolita піша, што на польскім рынку няма ніводнага дыягнастычнага тэсту польскай вытворчасці. Польшча імпартуе тэсты з Кітая.
Выданне нагадвае, што ў Познані ўчора памерла жанчына, хворая на Covid-19. Гэта першая смяротная ахвяра ў Польшчы. Міністр аховы здароўя Лукаш Шумоўскі паведаміў, што ўсе асобы, якія прабываюць на каранціне, пройдуць дыягнастычнае тэставанне. Такім чынам праверку пройдзе больш людзей, паколькі цяпер тэсты робяць толькі тым, у каго існуе падазрэнне захворвання.
На думку экспертаў, неабходна пачаць карыстацца таксама экспрэс-тэстамі, якія дазволяць хутка вызначыць асоб, якія могуць заражаць іншых. На думку старшыні Польскай асацыяцыі эпідэміёлагаў і лекараў заразных хвароб праф. Робэрта Флісяка, Польшча павінна ўзяць прыклад з Карэі і зрабіць усім жыхарам хуткае тэставанне, каб пазбегнуць катастрофы, якая здарылася ў Італіі – рэзкага росту колькасці хворых. Праўда, гэтыя тэсты значна менш чуллівыя, чым тыя, якія выкарыстоўваюцца ў лабараторыі, але і так дазваляюць лепш ацаніць рызыку, чым тыя крытэрыі, якімі цяпер карыстаюцца лекары – павышаная тэмпература, кашаль і праблемы з дыханнем. У шпіталі звяртаецца вельмі шмат людзей, якія хацелі б праверыць, ці яны не з’яўляюцца носьбітамі віруса.
Gazeta Wyborcza дадае, што магчымыя два сцэнары развіцца пандэміі каранавіруса. І адзін, і другі сцэнар прадбачвае аднолькавую колькасць захварэлых, але наступствы для насельніцтва – драматычна розныя.
На думку спецыялістаў, на хваробу Covid-19, якую выклікае новая разнавіднасць каранавіруса SARS-CoV-2, можа захварэць ад 20% да 70% папуляцыі Польшчы. Гэта вельмі шмат, але вынікі пандэміі могуць быць розныя, у залежнасці ад таго, колькі часу гэта будзе працягвацца. Паводле першага сцэнару, інфекцыя распаўсюджваецца ў грамадстве вельмі хутка, назіраецца рэзкі рост лічбы хворых, шпіталі не спраўляюцца з ратаваннем пацыентаў у самым цяжкім стане. Такі сцэнар можа здзейсніцца тады, калі дзяржаўныя ўлады ды адпаведныя службы не прымуць драконаўскіх спосабаў абмежавання распаўсюду хваробы.
У сваю чаргу, калі ўлады прымаюць вельмі радыкальныя прэвентыўныя меры, тады пандэмія расцягнутая ў часе, пацыенты паступаюць у бальніцы паступова, у лекараў ёсць час і магчымасць, каб заняцца самымі цяжка хворымі. Магчыма, удасца нават абмежаваць колькасць заражаных.
Вядома, што каранавірусы не здольныя да такой хуткай мутацыі, як вірусы грыпу. Верагодна, калі частка насельніцтва перахварэе новым каранавірусам, а таксама, калі паявіцца прышчэпка, людзі выпрацуюць імунітэт. Аднак сёння важныя дысцыпліна, ізаляванне хворых і каранцін усіх, хто мог мець кантакты з заражанымі асобамі. Ад нас залежыць, паводле якога сцэнару будзе развівацца пандэмія.
нг