Павышэнне прававой граматнасці працоўных мігрантаў, у першую чаргу з Беларусі ды Украіны – гэта галоўная задача новага прафесійнага саюзу, які нядаўна пачаў сваю дзейнасць у Польшчы. Замежныя гастарбайтары, а гэта пераважна людзі з Украіны, у меншай ступені з Беларусі, часам працуюць і жывуць у дрэнных умовах, яны нярэдка падвяргаюцца дыскрымінацыі з боку некаторых польскіх менеджараў. Актывісты прафсаюзу намераныя гэта змяніць. Дзеля гэтага неабходна перагледзець адносіны паміж наймальнікам і працаўнікамі, паказаць першым, што хтосьці глядзіць ім на рукі, а другіх адукаваць, каб яны ведалі свае правы.
Арганізацыя была створаная на пачатку бягучага году. Яна называецца Прафесійны саюз іншаземцаў, якія працуюць у Польшчы «Салідарнасць іншаземцаў». Нашу рэдакцыю наведалі сакратар праўлення Надзея Чарнецкая і член прафсаюзу Максім Дубяга. Мы іх папрасілі распавесці пра асноўныя мэты, якія паставілі перад сабою заснавальнікі прафсаюзу.
Н. Чарнецкая: Членам нашага прафсаюзу можа стаць кожны – беларус, украінец, паляк. Не кожны працадаўца вітае прафесійны саюз у сваёй арганізацыі, таму палякі ўступаюць у прафсаюз, які дзейнічае на ўсёй тэрыторыі Польшчы. Найбольшая праблема працоўных мігрантаў – працоўная няграматнасць. Людзі прыязджаюць, не ведаючы заканадаўства Польшчы, не ведаючы, што абавязаны зрабіць працадаўца, якія дакументы павінен аформіць, якія тут нормы аховы працы, як адбываецца разлік, як выглядае медычнае абслугоўванне. Мы хочам павысіць узровень гэтых ведаў.
Была ў нас справа, якая датычыла беларуса з Брэста. Ён ужо закончыў працу ў Польшчы, віза закончылася, ён прымушаны быў выехаць у Беларусь. Наймальнік з ім не разлічыўся. У сацсетках чалавек даведаўся пра наш прафсаюз, звярнуўся да нас. Ён толькі згадаў, што яго інтарэсы будзе прадстаўляць прафсаюз, і працадаўца адразу згадзіўся выслаць яму грошы. Іх прывезлі прама ў Брэст, у кватэру.
М. Дубяга: Наша задача – дапамагаць не толькі працаўнікам, якія працуюць у Польшчы, але таксама і працадаўцам: пытанні падаткаабкладання, як чалавека акліматызаваць максімальна хутка, як яму стварыць добрыя ўмовы, каб зменшыць цякучку кадраў, якая нікому не патрэбная. Здараецца, што менеджары дыскрымінуюць працаўнікоў паводле нацыянальнай, моўнай прыкметы, колеру скуры і г.д. Мы імкнемся гэтую з’яву выключыць, каб яна перастала існаваць.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным аўдыё-файле
нг