Наведваць Варшаву і не быць у сталічным заапарку – невыбачальная памылка. Прынамсі, так гавораць знатакі пытання – людзі, якія нядрэнна арыентуюцца ў тэме. Нядаўна варшаўскі заапарк адзначыў сваё 92-годдзе.
Варшаўскі заапарк на фоне іншых польскіх заапаркаў даволі малады. Ён быў адкрыты 11 сакавіка 1928 года. У Познані, напрыклад, у той час заапарк існаваў ужо 53 гады. Пачаткі сталічнага заапарку былі даволі сімвалічныя – на няпоўных 12 га было каля 500 жывёл.
Цяпер заапарк займае плошчу ў 39 га. Ужо ў канцы 1970-х гадоў у ім было каля 2 тыс. звяроў, у тым ліку 380 – рэдкіх відаў. У тыя часы штогод варшаўскі заапарк наведвала каля 1 млн чалавек. Але пачатак установы быў даволі складаны.
Існуе гістарычная інфармацыя, што кароль Ян ІІІ Сабескі ў сваім загарадным палацы ў Вілянаве трымаў экзатычных жывёл. Пазней, у першай палове ХХ стагоддзя, былі аматары звяроў, якія адкрывалі невялікія прыватныя звярынцы. Для прыкладу, у 1926 годзе ў Варшаве быў папулярны звярынец Мечыслава Пангоўскага, у якім за плату можна было ўбачыць бурых мядзведзеў, лемураў, кенгуру, дзікабраза, алігатара ды некалькі мартышак. Зацікаўленне звярынцам было настолькі вялікім, што ў 1927 годзе варшаўскія ўлады прынялі рашэнне адкрыць гарадскі заапарк.
Першым дырэктарам установы быў Вэнанты Бурдзіньскі. Аднак неўзабаве пасля адкрыцця ён памёр і пасаду кіраўніка заняў Ян Жабіньскі, які кіраваў заапаркам да 1951 года. У сувязі з тым, што ён у часы вайны быў салдатам Арміі Краёвай, улады народнай Польшчы прымусілі яго пакінуць пасаду.
І менавіта ў часы Яна Жабіньскага і яго жонкі Антаніны варшаўскі заапарк пачаў развівацца, заняўшы адну з найлепшых пазіцый сярод падобных еўрапейскіх устаноў. У 1937 годзе ў заапарку нарадзілася сланяня, якое назвалі Тузінкай. А чаму Тузінка? Ад слова «тузін», таму што варшаўскае сланяня стала дванаццатым на планеце, якое прыйшло на свет у няволі.
Калі пачалася вайна, нямецкая адміністрацыя адмовілася ўтрымліваць заапарк, і гэтая задача была ўскладзеная на плечы Жабіньскіх. Яны звярнуліся да варшавякаў з заклікам прыносіць лупіны ды іншыя рэшткі ежы, каб пракарміць звяроў. І жыхары сталіцы дапамагалі карміць жывёл, нягледзячы на тое, што часы былі галодныя і часта самім не было чаго есці.
У вайну Ян і Антаніна Жабіньскія ў заапарку і ў сваім асабняку, які знаходзіўся на тэрыторыі звярынца, хавалі яўрэяў, якім пагражала смяротная небяспека. За гэта яны былі ўзнагароджаныя медалямі Праведнік народаў свету.
Пасля вайны заапарк адкрылі ў 1948 годзе. Знішчаная ваеннымі дзеяннямі ўстанова налічвала тады 150 жывёл. Але паступова сталічны заапарк развіваўся і пашыраўся, і цяпер – гэта любімае месца дзяцей і дарослых – не толькі з Варшавы, але і з Польшчы ды замежжа.
вс
слухайце аўдыёфайл