Беларуская Служба

У Польшчы некаторыя бальніцы змянілі профіль і з агульных шпіталяў сталі альбо стануць інфекцыйнымі

16.03.2020 17:05
Польшча не ўпускае ў краіну іншаземцаў за выключэннем тых, якія пражываюць на тэрыторыі дзяржавы. 
Аўдыё
  • Каранавірус атакуе Польшчу, краіна працягвае змагацца з эпідэміяй
   :         -
Вуліцы польскіх гарадоў апусцелі: безлюдная галоўная вуліца Святога Марціна ў горадзе Познань - аднаго з буйнейшых у краіне PAP/Jakub Kaczmarczyk

Каранавірус атакуе Польшчу, краіна працягвае змагацца з эпідэміяй. Сітуацыя мяняецца настолькі дынамічна, што невядома, колькі чалавек будзе заражана праз гадзіну альбо некалькі пасля публікацыі матэрыяла.

У апошнія тыдні бадай што найбольш працавітым польскім чыноўнікам з’яўляецца міністр аховы здароўя Лукаш Шумоўскі. Яму адведзеная непрыемная роля інфармавання грамадства аб чарговых выпадках распаўсюджвання каранавіруса ў Польшчы.

А сітуацыя мяняецца хутка: сёння раніцай у краіне было 150 чалавек з падцверджаным дыягназам, тры чалавекі памерлі. Каранавірус ёсць у 14 з 16 польскіх ваяводстваў: свабодныя ад эпідэміі толькі Падляскае ваяводства з цэнтрам у Беластоку і Куяўска-Паморскае з адміністрацыйнымі цэнтрамі ў Быдгашчы і Торуні. Найбольш заражаных у сталічным Мазавецкім рэгіёне.

Санітарныя і медыцынскія службы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Актуальна да 3 тыс. штук у суткі павялічылася колькасць выконваемых тэстаў на прысутнасць каранавіруса ў арганізме чалавека. Таксама з 14 да 19 вырасла лічба лабараторый, якія праводзяць аналізы. Акрамя таго, тэставанне пачалі дадатковыя лабараторыі ў некаторых польскіх гарадах: Беластоку, Быдгашчы, Варшаве, Кракаве і Гданьску.
Гаворыць міністр аховы здароўя Лукаш Шумоўскі.

- Пастаянна расце колькасць выконваемых аналізаў. Цяпер кожны пацыент, які звернецца па дапамогу з сімптомамі заражэння каранавірусам, будзе правераны на прадмет заражэння. Забор матэрыялу для аналізаў адбываецца таксама ў грамадзян, якія знаходзяцца на хатнім каранціне. Цяпер больш за 70 брыгад займаецца заборам матэрыялу ў пацыентаў, якія знаходзяцца дома на каранціне.

Лукаш Шумоўскі зазначыў, што ў лабараторый ёсць тэсты і праблем з іх даступнасцю быць не павінна.

- У лабараторыі мы завезлі больш за 40 тыс. тэстаў. Цяпер зроблена 7-8 тыс. тэстаў. Я думаю, што цягам бліжэйшых дзён колькасць зробленых тэстаў будзе павялічвацца.

Міністр яшчэ раз нагадаў, што грамадзяне, ахопленыя хатнім каранцінам, не маюць права пакідаць свайго дому альбо кватэры. Чалавек, які парушыць згаданую забарону, можа за гэта адказваць нават паводле Крымінальнага кодэксу. Такую магчымасць прадбачыць новы закон аб барацьбе з каранавірусам, які прыняў польскі парламент.

Пры гэтым кіраўнік Мінздароўя зазначыў, што паліцыя ды іншыя адпаведныя службы, а таксама санітарная служба будуць не толькі сачыць за выконваннем рэжыму каранціна, але таксама дапамагаць грамадзянам, якія згаданым каранцінам ахопленыя. Выконванне каранціна вельмі важнае для бяспекі ўсяго грамадства, сказаў Шумоўскі.

Некаторыя бальніцы змянілі профіль і з агульных шпіталяў сталі альбо стануць інфекцыйнымі. Інфекцыйная бальніца, дзе будуць лячыць толькі заражаных каранавірусам, будзе ў кожным ваяводстве. Агулам будзе створана 19 шпіталяў. У гэтыя медыцынскія ўстановы перш за ўсё будуць накіроўвацца сродкі асабістай абароны для персанала, сказаў Лукаш Шумоўскі.

- Кожны шпіталь атрымае 1 тыс. штук камбінезонаў і 1 тыс. штук масак ды адпаведную колькасць акуляраў, якія можна паддаць стэрылізацыі і выкарыстоўваць шматкроць.

Тым часам у краіне замірае жыццё. У Польшчы закрытыя рэстараны, тэатры, кінатэатры, гандлёвыя цэнтры, спартыўныя залы ды іншыя грамадскія месцы. У пунктах грамадскага харчавання ежу можна купіць толькі на вынас. У нармальным рэжыме працуюць прадуктовыя крамы, аптэкі, АЗС. Спыненае чыгуначнае і авіяцыйнае спалучэнне з замежнымі краінамі. Польшча не ўпускае ў краіну іншаземцаў за выключэннем тых, якія пражываюць на тэрыторыі дзяржавы. Польская авіякампанія LOT спыніла не толькі замежныя рэйсы, але і ўнутраныя, таму што рэйсы па краіне служылі перш за ўсё для давоза пасажыраў у Варшаву, якія пазней ляцелі за мяжу, сказаў прэс-сакратар авіяліній Міхал Чэрніцкі.

- На ўнутраных рэйсах мы давозілі ў Варшаву і развозілі з Варшавы пасажыраў, якія ляцелі з замежных краін.

Адначасова авіякампанія LOT рэалізуе пастанову ўраду Польшчы па вяртанні грамадзян краіны на радзіму. Авіялініі адкрылі чартарныя рэйсы з краін, дзе знаходзіцца шмат палякаў, якія хочуць вярнуцца дадому. Білет павінен купіць сам пасажыр, але да яго кошту даплаціць дзяржава. Актуальна на вяртанне дадому заяўку праз спецыяльны сайт падало 20 тыс. палякаў. Для прыкладу, толькі сёння авіякампанія рэалізуе 11 рэйсаў, найбольш (4 рэйсы) на трасе Лондан – Варшава. Акрамя таго, самалёты авіялініяй LOT прывязуць палякаў з Каломба ў Шры-Ланцы, Барселоны, Рэйк’явіка, Дубліна, Мальты, Тбілісі і Ларнакі.

Нагадаем, Польшча ўзнавіла кантроль на межах з Германіяй, Чэхіяй, Славакіяй і Літвой. Там на мяжы пачалі стварацца чэргі, на некаторых пераходах час чакання складае некалькі гадзін. У сваю чаргу на мяжы з Беларуссю, Расіяй і Украінай некаторыя пераходы зачыненыя ўвогуле, паведаміла прэс-сакратар памежнай службы Польшчы паручнік Агнешка Гольяс.

вс

слухайце аўдыёфайл