Каранавірус шырыцца Еўропай, але цягам апошніх содняў у Беларусі не быў зафіксаваны аніводзін новы выпадак гэтай хваробы. Адначасова, на фоне іншых дзяржаў Еўропы, санітарна-эпідэміялагічныя захады Беларусі выглядаюць занадта стрыманымі і далікатнымі.
Пакуль еўрапейскія краіны па чарзе зачыняюць свае межы, уводзяць аддалены рэжым працы і забараняюць масавыя мерапрыемствы, улады Беларусі выказваюцца стрыманасцю.
Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік паведаміў раніцай у аўторак, што цягам апошніх содняў у Беларусі не было выяўлена ніводнага новага выпадку захворвання каранавірусам.
Па дадзеных на 16 сакавіка, у Беларусі было зарэгістравана 36 лабараторна пацверджаных выпадкаў каранавіруса, у тым ліку ў пяці студэнтаў БДУ. Тры пацыенты ўжо выпісаныя, трое таксама рыхтуюцца да выпіскі. У васьмі назіраюцца мінімальныя прыкметы інфекцыйнага працэсу, праводзіцца неабходнае лячэнне. Адзін з пацыентаў знаходзіцца ў стане сярэдняй ступені цяжкасці, але ў яго назіраецца станоўчая дынаміка. У астатніх пацыентаў прыкмет інфекцыйнага працэсу наагул няма.
На фоне іншых краінаў Еўропы, беларускія дадзеныя сапраўды ўражваюць. Для параўнання, у адной толькі Іспаніі за адзін дзень памерла 82 чалавекі, агульная колькасць носьбітаў хваробы перакрочыла 11 тысяч чалавек.
Невядома, ці ў Беларусі атрымаецца забяспечыць такі нізкі ўзровень захворванняў каранірусам. Аднак кіраўнік Беларусі перакананы, што падставаў для рэзкіх рухаў і панікі няма. Аляксандр Лукашэнка пайшоў далей і падчас нарады з «верцікальшчыкамі» заявіў, што праца ў полі лечыць усё:
-Не трэба ніякай панікі, асабліва зараз. Трэба працаваць, асабліва на сяле. Прыемна глядзець па тэлевізару, людзі працуюць на трактары і ніхто пра вірус не гаворыць. Трактар вылечыць, поле лечыць усіх. (...)
Адметна, што такая рыторыка кіраўніцтва Беларусі ў пэўным сэнсе дае свае эфекты. Масавай панікі ў Беларусі не назіраецца, аднак негатыўны ўплыў пандэміі каранавіруса адчуваецца ўжо і ў гаспадарцы Беларусі. Пра гэта гаворыць індывідуальны прадпрымальнік з Мінску Вольга Каліноўская:
-Кожны дзень даводзіцца працаваць з прадстаўнікамі замежных кампаніяў. Калі паглядаеш на тое, што адбываецца ў іншых краінах – разумееш, што гэта хутка дойдзе і да нас. Асабісты прыклад, яшчэ тыдзень таму я сама смяялася, як у іншых’ краінах скуплялі туалетную паперу ў крамах, а цяпер скупляюць і ў нас.
Некаторыя прадпрыемствы зачыняюцца, некаторыя плануюць зачыніцца. У бізнесе ты працуеш у звязцы з іншымі, усё ўзаемазвязана. Ужо з’яўляюцца праблемы з аплатай паслуг, хтосьці проста прытрымлівае сродкі, а ў кагосьці фактычна няма магчымасці расплаціцца з кліентамі, у сваю чаргу тыя не могуць пакрыць свае абавязкі, напрыклад, перад намі. Атрымліваецца такі ланцуг. (...)
Кітайскі патаген нясе вялікую небяспеку ў першую чаргу людзям сталага ўзросту, пенсіянерам. Аднак не ўсе старыя лёгка пераконваюцца ў небяспецы каранвіруса. 80-гадовы жыхар Мінску Эдуард Хаменка не адчувае пагрозы свайму жыццю або здароўю:
-Я не адчуваю небяспекі ў Мінску, не бачыў ніякай панікі. Нядаўна хадзіў у краму – усё спакойна. Праўда, людзей не так шмат, але ніхто не панікуе. Калі недзе і з’яўляюцца хворыя, то гэта і так не адчуваецца ў масах. Нядаўна ў інтэрнэце праглядаў статыстыку па краінах, дык у Беларусі мала выпадкаў. Нават калі хтосьці захварэў, яны ж трапляюць пад каранцін, у ізаляцыю. Мы не баімся. Хутка трэба ісці на пошту па пенсію. Будзем сядзець у доўгай чарзе, але людзі не баяцца, ніякай панікі.
Нягледзячы на тое, што для некаторых намаганні сінявокай у барацьбе з вірусам могуць выглядаць недастатковымі, Сусветная арганізацыя аховы здароўя пераканаўча заявіла – захады Беларусі падчас эпідэміі адпавядаюць нашым рэкамендацыям. СААЗ ухваляе намаганні краінаў, якія грунтуюцца на навуковым падыходзе, і падтрымлівае захады, якія ажыццяўляюцца Беларуссю.
Слухайце аўдыё!
эж