Як мінімум да 11 красавіка ў Польшчы ўводзіцца забарона на выхад з дому. Дапускаецца выходзіць на працу, да лекара і за неабходнымі пакупкамі. У адным месцы могуць знаходзіцца толькі двое чалавек, на імшах – максімум пяць вернікаў. Аб новых абмежаваннях у Польшчы з-за каранавіруса інфармуе Gazeta Wyborcza.
Абмежавальныя правілы будуць дзейнічаць з сённяшняга дня, 25 сакавіка, па 11 красавіка.
Учора паведамілі аб гэтым прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі і міністр аховы здароўя Лукаш Шумоўскі.
Яны патлумачылі, што ідзецца пра тое, каб падчас эпідэміі каранавіруса максімальна, амаль да нуля абмежаваць кантактаванне паміж людзьмі, і гэтым самым прыпыніць распаўсюд хваробы.
У Польшчы з сённяшняга дня на вуліцу можна выходзіць толькі ў трох выпадках: гэта шлях на працу, валанцёрства ў барацьбе супраць каранавіруса і неабходныя пакупкі (прадукты, лекі, дэзынфекцыйныя сродкі).
А што з грамадскім транспартам? На аўтобусах, трамваях і цягніках дазваляецца праезд такой колькасці людзей, каб яны занялі палову сядзячых месцаў. Адначасова ўрад заклікае па меры магчымасцей не карыстацца гарадскім транспартам.
Абмежаванні ўведзеныя таксама ў выпадку царкоўных абрадаў. У храмах могуць знаходзіцца адначасова ня больш за пяць чалавек плюс святар. Паховіны, шлюбы – толькі самыя блізкія сваякі, – таксама пяць чалавек.
Падпарадкаванне правілам забароны будзе правяраць паліцыя, якая ўжо адсочвае людзей на каранціне. За парушэнне пагражае штраф да 30 тыс. злотых (па сённяшнім курсе 6,5 тыс. еўра).
Улады пакуль не дапускаюць ізаляцыі гарадоў ці паасобных раёнаў. Міністр аховы здароўя сказаў, што няма такой неабходнасці, бо каранавірус у Польшчы распаўсюджваецца раўнамерна.
яс