X
Паважаны карыстальнік!
25 траўня 2018 году ўвайшло ў сілу Распараджэнне Еўрапейскага парламента і Еўрапейскага савета (ЕС) 2016/6/79 за 27 красавіка 2016 (RODO). Прапануем азнаёміцца з інфармацыяй пра апрацоўку асабістых дадзеных на сайце Polskieradio.pl
1.Адміністратарам асабістых дадзеных з'яўляецца Polskie Radio S.A з сядзібай у Варшаве, Al. Niepodległości 77/85, 00-977 Warszawa
2.Па пытанню, звязаным з вашымі дадзенымі, звяртайцеся да Інспэктара аховы асабістых дадзеных па электроннай пошце iod@polskieradio.pl альбо па тэл. (0048) 22 645 34 03.
3.Асабістыя дадзеныя апрацоўваюцца ў маркетынгавых мэтах на падставе дазволу карыстальніка.
4.Асабістыя дадзеныя могуць быць даступныя толькі для выканання паслуг, указаных у палітыцы прыватнасці.
5.Асабістыя дадзеныя не будуць перададзены за межы Еўрапейскай эканамічнай прасторы або міжнародным арганізацыям.
6.Асабістыя дадзеныя будуць захоўвацца на працягу 5 гадоў пасля адключэння профіля ў адпаведнасці з законам.
7.Вы маеце права атрымаць доступ да вашых асабістых дадзеных, выпраўляць іх, выдаляць або абмяжоўваць апрацоўку.
8.Вы маеце права забараніць далейшую апрацоўку; у выпадку, калі вы раней далі згоду на апрацоўку вашых асабістых дадзеных, вы можаце яе адклікаць. Ажыццяўленне права на адмену згоды не ўплывае на апрацоўку, якая адбылася да адклікання згоды.
9.Вы маеце права падаць скаргу ў назіральны орган.
10.Polskie Radio S.A. паведамляе, што падчас апрацоўкі асабістых дадзеных аўтаматычныя рашэнні не прымаюцца, а прафіляванне не ўжываецца.
Больш падрабязная інфармацыя знаходзіцца на старонках dane osobowe, а таксама polityka prywatności.
ЗГОДЗЕН
Беларуская Служба

77 гадоў таму пачалося паўстанне ў Варшаўскім гета

18.04.2020 21:25
Байцамі былі ў асноўным маладыя людзі, як правіла, без сем'яў і без надзеі выжыць.
Аўдыё
  • 19 красавіка 1943 года члены Яўрэйскага воінскага саюза і Яўрэйскай баявой арганізацыі аказалі супраціў гітлераўцам, якія ўвайшлі на тэрыторыю гета, каб пачаць працэс яго ліквідацыі
   ,  1943 .            .
Ліквідацыя гітлераўцамі Варшаўскага гета, май 1943 года. Фота са справаздачы генерала СС Юргена Штропа Генрыху Гімлеру аб ліквідацыі гета. Адна з найбольш вядомых фатаграфій часоў Другой сусветнай вайныPublic domain

Амаль 77 гадоў таму пачалося паўстанне ў Варшаўскім гета. 19 красавіка 1943 года члены Яўрэйскага воінскага саюза і Яўрэйскай баявой арганізацыі аказалі супраціў гітлераўцам, якія ўвайшлі на тэрыторыю гета, каб пачаць працэс яго ліквідацыі.

Немцы стварылі гета ў польскай сталіцы 2-га кастрычніка 1940 года. У лістападзе таго ж года яўрэйская частка горада была аддзеленая ад астатняй высокім мурам. Варшаўскае гета было найбуйнейшым у акупаванай Еўропе: у красавіку 1941 года на яго тэрыторыі пражывала каля 450 тыс. чалавек.

Яўрэі ў гета былі прымушаныя працаваць на нямецкую ваенную махіну. Ім нельга было пакідаць межы гета. Паколькі паступленне прадуктаў харчавання і лекаў было вельмі абмежаванае, то ў гета назіралася надзвычай высокая смяротнасць: людзі звычайна паміралі на вуліцы.

Летам і восенню 1942 года ў выніку вялікай акцыі па высяленні і знішчэнні яўрэяў было вывезена 80% жыхароў гета, якія былі забітыя ў лагеры смерці ў Трэблінцы.

Паводле гісторыкаў, загінула прыкладна 400 тыс. яўрэяў з гета: каля 100 тыс. у Варшаве ў выніку голаду, хвароб і расстрэлаў, і каля 300 тыс. у Трэблінцы.

Паўстанне ў Варшаўскім гета было апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення. Яго насельнікі разумелі, што ідуць на смерць, і пастанавілі ў апошні момант аказаць супраціў. Як узгадваў ужо ў мірны час выжыўшы апошні кіраўнік паўстання Марэк Эдэльман, які пасля вайны стаў вядомым польскім лекарам, лепш было памерці са зброяй у руках, чым у лагеры смерці.

Гісторык Кшыштаф Персак з варшаўскага Музея гісторыі польскіх яўрэяў нагадвае, што дрэнна ўзброеныя яўрэйскія паўстанцы ўступілі ў бой з гітлераўцамі, не маючы ані якіх шанцаў на перамогу. У той час у гета знаходзілася каля 60 тыс. яўрэяў.

Байцамі былі ў асноўным маладыя людзі, як правіла, без сем'яў і без надзеі выжыць. Яўрэйскія жыхары Варшавы разумелі, што той, хто застаўся ў гета, асуджаны на смерць. «І тады сярод яўрэйскай моладзі нарадзілася думка пра ўзброены супраціў, яны хацелі змагацца за годную смерць», – адзначае Кшыштаф Персак.

Сілы паўстанцаў налічвалі каля тысячы чалавек. У першы дзень паўстання ў гета ўвайшлі 2 тыс. узброеных нямецкіх салдат пры падтрымцы ваеннай тэхнікі. 8 мая 1943 года бункер, у якім знаходзілася каля 100 паўстанцаў, у тым ліку яго лідары, быў акружаны. Частка байцоў здзейсніла самагубства, некаторым удалося ўцячы. 16 мая 1943 года паўстанне было цалкам задушана.

Кіраваў аперацыяй па падаўленні паўстання групенфюрэр СС і генэрал-лейтэнант паліцыі Юрген Штроп, які ў 1952 годзе быў павешаны ў Варшаве за ваенныя злачынствы. Яго падрабязны рапарт пра знішчэнне гета захоўваецца ў архіве Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы.

Рапарт Штропа складаецца з 75 старонак машынапісу і 52 фатаграфій, якія ілюструюць ход ліквідацыі Варшаўскага гета. Гэты дакумент адыграў важную ролю падчас працэсу над нацысцкімі злачынцамі – як самім Юргенам Штропам, так і Германам Гёрынгам.

«Габрэйскі жылы раён у Варшаве ўжо не існуе», – паведамляў Юрген Штроп Генрыху Гімлеру пасля знішчэння Варшаўскага гета. Рапарт Штропа ілюструе метады, якімі нацысты знішчалі гета ў іншых рэгіёнах Еўропы, у тым ліку ў Беларусі.

Паўстанне ў Варшаўскім гета было першай гарадской маштабнай узброенай акцыяй супраць нацыстаў як у Польшчы, так і ў акупаванай Еўропе. Выжыла ўсяго больш за дзесяць паўстанцаў.

А нядаўна, у канцы снежня 2018 года, у Ізраілі памёр апошні ўдзельнік паўстання ў Варшаўскім гета Сімха Ратайзер-Ротэм. Яму было 94 гады.

Ратайзер-Ротэм, вядомы ў Польшчы таксама пад польскім імем Казік, у вайну быў сувязным Яўрэйскай баявой арганізацыі.

У Яўрэйскую баявую арганізацыю Сімха Ратайзер-Ротэм уступіў у 1942 годзе. Ён таксама ўдзельнічаў у Варшаўскім паўстанні. У 1946 годзе Ратайзер-Ротэм пераехаў у Палестыну.

Гадавіна паўстання ў Варшаўскім гета адзначаецца ў польскай сталіцы кожны год, а сімвалам збройнага чыну зʼяўляецца жоўты нарцыс. Таксама кожны год на вуліцах польскай сталіцы неабыякавая моладзь і вядомыя палякі раздаюць мінакам папяровыя жоўтыя нарцысы, якія можна прышпіліць да вопраткі. Сёлета гэтая акцыя не адбудзецца ўпершыню за многія гады ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу