Беларуская Служба

77 гадоў таму пачалося паўстанне ў Варшаўскім гета

18.04.2020 21:25
Байцамі былі ў асноўным маладыя людзі, як правіла, без сем'яў і без надзеі выжыць.
Аўдыё
  • 19 красавіка 1943 года члены Яўрэйскага воінскага саюза і Яўрэйскай баявой арганізацыі аказалі супраціў гітлераўцам, якія ўвайшлі на тэрыторыю гета, каб пачаць працэс яго ліквідацыі
   ,  1943 .            .
Ліквідацыя гітлераўцамі Варшаўскага гета, май 1943 года. Фота са справаздачы генерала СС Юргена Штропа Генрыху Гімлеру аб ліквідацыі гета. Адна з найбольш вядомых фатаграфій часоў Другой сусветнай вайныPublic domain

Амаль 77 гадоў таму пачалося паўстанне ў Варшаўскім гета. 19 красавіка 1943 года члены Яўрэйскага воінскага саюза і Яўрэйскай баявой арганізацыі аказалі супраціў гітлераўцам, якія ўвайшлі на тэрыторыю гета, каб пачаць працэс яго ліквідацыі.

Немцы стварылі гета ў польскай сталіцы 2-га кастрычніка 1940 года. У лістападзе таго ж года яўрэйская частка горада была аддзеленая ад астатняй высокім мурам. Варшаўскае гета было найбуйнейшым у акупаванай Еўропе: у красавіку 1941 года на яго тэрыторыі пражывала каля 450 тыс. чалавек.

Яўрэі ў гета былі прымушаныя працаваць на нямецкую ваенную махіну. Ім нельга было пакідаць межы гета. Паколькі паступленне прадуктаў харчавання і лекаў было вельмі абмежаванае, то ў гета назіралася надзвычай высокая смяротнасць: людзі звычайна паміралі на вуліцы.

Летам і восенню 1942 года ў выніку вялікай акцыі па высяленні і знішчэнні яўрэяў было вывезена 80% жыхароў гета, якія былі забітыя ў лагеры смерці ў Трэблінцы.

Паводле гісторыкаў, загінула прыкладна 400 тыс. яўрэяў з гета: каля 100 тыс. у Варшаве ў выніку голаду, хвароб і расстрэлаў, і каля 300 тыс. у Трэблінцы.

Паўстанне ў Варшаўскім гета было апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення. Яго насельнікі разумелі, што ідуць на смерць, і пастанавілі ў апошні момант аказаць супраціў. Як узгадваў ужо ў мірны час выжыўшы апошні кіраўнік паўстання Марэк Эдэльман, які пасля вайны стаў вядомым польскім лекарам, лепш было памерці са зброяй у руках, чым у лагеры смерці.

Гісторык Кшыштаф Персак з варшаўскага Музея гісторыі польскіх яўрэяў нагадвае, што дрэнна ўзброеныя яўрэйскія паўстанцы ўступілі ў бой з гітлераўцамі, не маючы ані якіх шанцаў на перамогу. У той час у гета знаходзілася каля 60 тыс. яўрэяў.

Байцамі былі ў асноўным маладыя людзі, як правіла, без сем'яў і без надзеі выжыць. Яўрэйскія жыхары Варшавы разумелі, што той, хто застаўся ў гета, асуджаны на смерць. «І тады сярод яўрэйскай моладзі нарадзілася думка пра ўзброены супраціў, яны хацелі змагацца за годную смерць», – адзначае Кшыштаф Персак.

Сілы паўстанцаў налічвалі каля тысячы чалавек. У першы дзень паўстання ў гета ўвайшлі 2 тыс. узброеных нямецкіх салдат пры падтрымцы ваеннай тэхнікі. 8 мая 1943 года бункер, у якім знаходзілася каля 100 паўстанцаў, у тым ліку яго лідары, быў акружаны. Частка байцоў здзейсніла самагубства, некаторым удалося ўцячы. 16 мая 1943 года паўстанне было цалкам задушана.

Кіраваў аперацыяй па падаўленні паўстання групенфюрэр СС і генэрал-лейтэнант паліцыі Юрген Штроп, які ў 1952 годзе быў павешаны ў Варшаве за ваенныя злачынствы. Яго падрабязны рапарт пра знішчэнне гета захоўваецца ў архіве Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы.

Рапарт Штропа складаецца з 75 старонак машынапісу і 52 фатаграфій, якія ілюструюць ход ліквідацыі Варшаўскага гета. Гэты дакумент адыграў важную ролю падчас працэсу над нацысцкімі злачынцамі – як самім Юргенам Штропам, так і Германам Гёрынгам.

«Габрэйскі жылы раён у Варшаве ўжо не існуе», – паведамляў Юрген Штроп Генрыху Гімлеру пасля знішчэння Варшаўскага гета. Рапарт Штропа ілюструе метады, якімі нацысты знішчалі гета ў іншых рэгіёнах Еўропы, у тым ліку ў Беларусі.

Паўстанне ў Варшаўскім гета было першай гарадской маштабнай узброенай акцыяй супраць нацыстаў як у Польшчы, так і ў акупаванай Еўропе. Выжыла ўсяго больш за дзесяць паўстанцаў.

А нядаўна, у канцы снежня 2018 года, у Ізраілі памёр апошні ўдзельнік паўстання ў Варшаўскім гета Сімха Ратайзер-Ротэм. Яму было 94 гады.

Ратайзер-Ротэм, вядомы ў Польшчы таксама пад польскім імем Казік, у вайну быў сувязным Яўрэйскай баявой арганізацыі.

У Яўрэйскую баявую арганізацыю Сімха Ратайзер-Ротэм уступіў у 1942 годзе. Ён таксама ўдзельнічаў у Варшаўскім паўстанні. У 1946 годзе Ратайзер-Ротэм пераехаў у Палестыну.

Гадавіна паўстання ў Варшаўскім гета адзначаецца ў польскай сталіцы кожны год, а сімвалам збройнага чыну зʼяўляецца жоўты нарцыс. Таксама кожны год на вуліцах польскай сталіцы неабыякавая моладзь і вядомыя палякі раздаюць мінакам папяровыя жоўтыя нарцысы, якія можна прышпіліць да вопраткі. Сёлета гэтая акцыя не адбудзецца ўпершыню за многія гады ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу