Беларуская Служба

Будучыя медыкі ў Польшчы не спяшаюцца дапамагаць у барацьбе з эпідэміяй

02.05.2020 09:00
Можа, трэба было б накіраваць студэнтаў у шпіталі ў рамках абавязковай практыкі?
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneDarkoStojanovic/Pixabay

Пасіўныя ў адносінах пандэміі – піша ў выданні Rzeczpospolita прафесар медычных навук Тадэвуш Зелёнка. У артыкуле гаворка ідзе пра стаўленне маладых людзей, у прыватнасці, студэнтаў медычных вну, да барацьбы з эпідэміяй COVID-19.

У мінулым для маладога пакалення палякаў была характэрная гатовасць ахвяраваць сабою за важную справу. У цяжкія часы заўсёды можна было разлічваць на моладзь. Можна было спадзявацца, што ў гадзіну выпрабавання, якой стала эпідэмія каранавіруса, маладыя таксама кінуцца самаахвярна дапамагаць лячыць хворых ці зоймуцца іншымі неабходнымі справамі. Але так не сталася. На заклікі ўраду ісці працаваць валанцёрамі адгукнулася вельмі мала людзей, у адрозненні ад іншых дзяржаваў, скажам, Вялікабрытаніі, дзе сотні тысяч добраахвотнікаў дапамагаюць змагацца з хваробай.

Канешне, у Польшчы таксама ёсць групы людзей, гатовых аказваць дапамогу бясплатна або за сімвалічную плату. Аднак адсутнічае арганізаваная сістэма, якая дазволіла б цалкам выкарыстаць іх памкненні. Выдатным прыкладам месца, дзе дапамога вельмі патрэбная, з’яўляюцца дамы спакойнай старасці. У выніку эпідэміі частка персаналу хварэе або знаходзіцца на каранціне, яго маглі б падмяніць студэнты старэйшых курсаў медычных вну, дзе заняткі адбываюцца цяпер дыстанцыйна, у маладых людзей ёсць свабодны час, каб дапамагчы пры пажылых людзях – накарміць, вывесці на прагулку, памыць.

Таксама дзіўна, што студэнтаў-добраахвотнікаў няма падчас эпідэміі ў шпіталях. Для іх гэта была б вельмі каштоўная практыка, досвед, які немагчыма атрымаць у іншым месцы. Праўда, рэктары заклікалі студэнтаў ісці працаваць валанцёрамі, але адгукнулася няшмат. Можа, трэба было б накіраваць студэнтаў у шпіталі ў рамках абавязковай практыкі? Студэнты – будучыя медыкі – гэта адзіныя рэзервы польскіх устаноў аховы здароўя, паколькі пенсіянераў ужо выкарысталі раней.

Тым часам у сацсетках папулярнасцю карыстаецца ліст маладога медыка, які піша, што не будзе працаваць валанцёрам у краіне, якая за шмат гадоў разваліла службу аховы здароўя, а цяпер спадзяецца, што моладзь пойдзе змагацца з заразай на першую лінію фронту. Такое стаўленне дрэнна сведчыць пра выхаванне сучаснай моладзі, якая ўмее хутка і правільна адказваць на пытанні тэсту, які правярае веды, але не ўмее ацаніць, што на самой справе важна ў жыцці і як неабходна сябе паводзіць у складаны час. Сведчыць таксама пра паразу медінстытутаў у галіне выпрацавання прафесійнай этыкі будучых лекараў.

нг