Беларуская Служба

Рэзкая рэакцыя польскага пасольства на выказванне італьянскага журналіста

12.05.2020 11:02
Італьянскі журналіст асабліва падкрэсліваў у сацыяльных сетках, што „лагер „Асвенцым” знаходзіўся ў вельмі каталіцкай Польшчы”.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Пасольства Польшчы ў Італіі жорстка адказала вядомаму італьянскаму журналісту, які ў сацыяльных сетках асабліва падкрэсліваў, што „канцлагер „Асвенцым” знаходзіўся ў вельмі каталіцкай Польшчы". Польскія дыпламаты палічылі такое выказванне „глыбока памылковым” і „неабгрунтаваным”. Словы журналіста выклікалі таксама рашучую рэакцыю з боку чытачоў, паведамляе niezalezna.pl.

Кіраўнік інфармацыйных праграм тэлеканала La7 Энрыка Ментана ўзгадаў пра канцлагер „Аўшвіц” пры нагодзе дыскусіі пра маладую валанцёрку Сільвію Рамана, вызваленую ў Самалі пасля амаль 18 месяцаў палону. Аказалася, што выкрадзеная ў Кеніі жанчына, якая ў нядзелю вярнулася ў Італію, падчас палону стала прыхільніцай ісламу.

Журналіст раскрытыкаваў у Фэйсбуку тых, хто параўноўваў вяртанне Рамана з вяртаннем з „Асвенцыма”, і пытаўся, ці чуў хто пра габрэя, „які перайшоў у нацызм і вярнуўся дадому ў форме эсэсаўца".

„Я хачу нагадаць вам таксама, што лагер „Асвенцым” знаходзіўся ў вельмі каталіцкай Польшчы, а сам Гітлер быў ахрышчаным каталіком”, - напісаў таксама італьянскі журналіст.  

Пасольства Польшчы ў Італіі адказала на гэтыя словы таксама ў сацыяльных медыях. Ягоныя прадстаўнікі выказалі перакананне, што выказваючыся па настолькі складаных тэмах, трэба быць „вельмі асцярожным” і пазбягаць „неабгрунтаваных і шкодных абагульненняў, якія заўсёды небяспечныя".

„Гэта праўда, што падчас Другой сусветнай вайны Польшча была вельмі каталіцкай краінай. Аднак трэба заўсёды і перш за ўсё нагадваць, што падчас гэтага глабальнага канфлікту Польшча была акупаваная нацыстамі”, - напісала польскае пасольства.

Акрамя таго, італьянскаму журналісту нагадалі, што самы вялікі канцлагер размяшчаўся ў Польшчы, таму што яна была краінай, дзе пражывала большасць габрэяў у Еўропе, а само месца было даступнае з усіх тэрыторый, акупаваных нацыстамі.

Выказванне вядомага італьянскага журналіста выклікала шматлікія каментары абураных ягонымі словамі палякаў, якія жывуць у Італіі, паведамляе niezalezna.pl.

аз