З сённяшняга дня ў Польшчы нанава адкрываюцца бары, рэстараны, цырульні, салоны прыгажосці. Нагадваем, да гэтай пары іхная праца была прыпыненая, або рэзка абмежаваная ў сувязі з пандэміяй каранавіруса.
Тым часам, з-за санітарных абмежаванняў і меншага зацікаўлення з боку кліентаў, многія рэстараны пакуль яшчэ не ўзновяць працы. Паводле розных ацэнак, на самой справе адкрыюцца 60-70 адсоткаў рэстаранаў і бараў, паведамляе Пётр Мазуркевіч - аўтар артыкула ў газеце Rzeczpospolita.
Тым ня менш, як кліентаў, так і ўласнікаў рэстаранаў будуць датычыць розныя абмежаванні.
„На першым этапе мы адкрыем некалькі дзясяткаў нашых рэстаранаў. На аснове размоваў з экспертамі й аналізу сітуацыі мы паступова будзем прымаць рашэнні аб адкрыцці наступных”, - кажа карпаратыўны дырэктар McDonald's Polska Ганна Борыс-Карвацкая (Anna Borys-Karwacka).
У 2019 годзе кошт рынку гастраноміі ў Польшчы складаў 36,6 млрд злотых, у гэтым годзе згаданы кошт напэўна зменшыцца, хаця пакуль рана гаварыць пра памер стратаў.
„Галіна грамадскага харчавання хутка пачне расці. Пасля закрыцця рэстаранаў многія ўласнікі хутка змянілі свой бізнес-профіль і пачалі, напрыклад, пастаўляць ежу кліентам. Зразумела, што гэтая форма працы не кампенсавала падзення даходаў, якія ў многіх выпадках сягаюць 70-80 адсоткаў, але, з іншага боку, гэта дазволіла мінімізаваць страты”, - кажа камерцыйны дырэктар групы GfK Polonia Шымон Мардасевіч (Szymon Mordasiewicz).
Між тым, цырульні й салоны прыгажосьці ў Польшчы перажываюць сапраўдную аблогу й большасць з іх з-за вялікага зацікаўлення адкрываецца адразу.
„Мы мяркуем, што большасць салонаў прыгажосці адновяць працу з 18 траўня. Іх уласнікі хочуць кампенсаваць фінансавыя страты, узніклыя за два месяцы, хаця, вядома, гэта будзе няпроста. Кліенты, у сваю чаргу, не могуць дачакацца паслуг, якімі яны звычайна карыстаюцца рэгулярна”, - кажа член управы Палаты касметолагаў Юстына Гарліцка-Крук (Justyna Gorlicka-Kruk).
Прадстаўнікі галіны паведамляюць, што пасля рашэння польскіх уладаў аб зняцці абмежаванняў, зацікаўленасць з боку кліентаў вырасла на некалькі соцень адсоткаў. Цягам гадзіны пры дапамозе платформы Booksy кліенты браніравалі 16 тысяч паслугаў цырульніка або касметолага, паведамляе Rzeczpospolita.
аз