Беларуская Служба

Агляд чэрвеньскага выдання беларусаў Падляшша Czasopis

14.06.2020 07:46
75 гадоў таму, 16 траўня, жаўнеры польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем маёра Зыгмунта Шэндзеляжа (мянушка «Лупашка») расстралялі чатырох жыхароў Патокі.
Аўдыё
  • Агляд чэрвеньскага выдання беларусаў Падляшша Czasopis
.
..

«Шлях Тызэнгаўза» за еўрапейскія грошы

За амаль два мільёны еўра Транспамежнай праграмы Еўразвязу Саколка і Гродна разам рэалізуюць праект «Шлях Тызэнгаўза». У яго рамках у абодвух гарадах праводзяцца рамонты па адной гістарычнай камяніцы, а неўзабаве злучыць іх яшчэ турыстычны роварны шлях.

У Саколцы рэстаўруюць камяніцу канца XVIII cт. па вуліцы Пілсудскага 1, у якой размесціцца між іншым цэнтр турыстычнай інфармацыі. А ў Гродне рэстаўруецца былы будынак гістарычнага архіва на плошчы Тызенгаўза. У ім з’явіцца таксама кавярня, якая будзе называцца «Ева», у гонар бурмістра Саколкі Евы Кулікоўскай.

Якасная роварная сцежка будзе пабудаваная ўздоўж возера Юбілейнае ў Гродне і з беларускага боку працягнецца з Гродна да Брузгоў, перасячэ беларуска-польскую мяжу ў Кузніцы і давядзе да самай Саколкі.

Назвай праект абавязаны Антонію Тызэнгаўзу, славутаму рэфарматару другой паловы XVIII ст. Тызэнгаўз перабудаваў на еўрапейскі манеўр сёлы і мястэчкі на цяперашняй Сакольшчыне і Гарадзеншчыне, пабудаваў каля пяцідзесяці фабрык-мануфактур. Тады перабудаваны быў між іншым цэнтр Саколкі і недалёкія Крынкі вакол славутай кругавой вулічнай развязкі – «ронда». Каб ушанаваць памяць пра Тызэнгаўза, у Саколцы і Гродне з’явяцца лавы-помнікі з яго выявай.

 

75-я гадавіна пацыфікацыі вёскі Патока

22 траўня жыхары вёскі Патока ў гміне Міхалова ды іх нашчадкі ўжо пяты раз сабраліся на месцы, дзе калісь стаяла царква, каб памаліцца за бязвінных ахвяр жудасных падзеяў 1945 года.

75 гадоў таму, 16 траўня, жаўнеры польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем маёра Зыгмунта Шэндзеляжа (мянушка «Лупашка») расстралялі чатырох жыхароў Патокі.

Былі забітыя браты Ян і Уладзімір Малашэўскія ды Ян і Уладзімір Бэкішы (бацька і сын). Праз пару дзён – 22 траўня – атрад «Лупашкi», якім кіраваў Зыгмунт Блажэевіч, па мянушцы, «Зыгмунт», спаліў усю вёску. У пажары згарэла трое дзяцей Герасімчукоў – Мікалай – 10 гадоў, Ніна – 8 гадоў, Яўгенія – 6 гадоў. Праз два дні памёр ад апёкаў Міхал Герасімчук (39 гадоў).

75-я гадавіна гэтых злачынстваў адзначалася паніхідай у новай капліцы, якую на месцы колішняй царквы пабудаваў прадпрымальнік Андрэй Шум.

 

Пробны перапіс насельніцтва на Падляшшы

З 1 па 30 красавіка ў адной гміне з кожнага з 16-ці польскіх ваяводстваў прайшоў пробны перапіс насельніцтва. Агульнанацыянальны перапіс насельніцтва ў Польшчы запланаваны на 2021 год. На Падляшшы дзеля гэтага Галоўная Статыстычнае Упраўленне вызначыла гміну Дубічы-Царкоўныя. Таму, што яна спецыфічная – налічвае няшмат жыхароў, пераважная большасць якіх сталага ўзросту. Апроч гэтага прыкладна 60 % насельніцтва гміны Дубічы-Царкоўныя- гэта праваслаўныя і беларусы.

Праз эпідэмію кранаівруса, каб запэўніць бяспеку анкетаваным і супрацоўнікам статыстычнай управы, пробны перапіс адбыўся выключна за пасрэдніцтвам інтэрнэту і тэлефоннай сувязі. Спачатку ў Дубіцкай гміне гэтага крыху пабойваліся, асабліва сталыя людзі. Але дзякуючы дапамозе дзяцей, унукаў і суседзяў, пры мабілізацыі насельніцтва і мясцовага самакіравання, перапісалася ажно звыш 70% жыхароў Дубічаў-Царкоўных. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў па ўсёй Польшчы. Каля 30%, якія перапісаліся, зрабілі гэта пры дапамозе інтэрнэту.

 

Анатоль Парэмбскі – апошні паэт Гарадоцкай зямлі

28 красавіка на 93-цім годзе жыцця ў Гарадку памёр беларускі народны паэт Анатоль Парэмбскі. Гэта быў незвычайны чалавек – інтэлігентны, таленавіты, з глыбокай душой, піша галоўны рэдактар падляшскага «Часопісу» Юрка Хмялеўскі. Як просты селянін, земляроб, але і з сярэдняй адукацыяй, з маленства меў цягу да культуры, да кніжак. Любіў пісаць вершы, а знаходзіў на гэта час, цяжка працуючы на гаспадарцы, а яшчэ і ў калгасе.

Калі перайшоў на пенсію, маючы больш свабоднага часу цалкам разгарнуў свае крылы паэта. Тады выйшлі тры зборнікі яго вершаў – «Хвалі лёсу» (2008), «Тут былі і будзем» (2010) і «Воблакі і промні» (2010). Творы, якія ў іх надрукаваныя, гэта найперш паклон Гарадку і Гарадоцкай зямлі, на якой Анатоль Парэмбскі пражыў усё жыццё.

Хаця пісаў таксама па-польску, то ў гісторыю перайшоў як беларускі паэт з Гарадка. І на жаль ужо апошні пасля славутых нашаніўцаў – Сцяпана Пятэльскага і Янука Дарашкевіча, а потым народных паэтак – Надзі Дудзік і Ніны Цыванюк (астаўся, праўда, яшчэ пажылы і хворы Ян Федзюкевіч, толькі дагэтуль яго вершаў у асобным зборніку ніхто не выдаў). Такіх аўтараў, якія вызначалі незвычайнасць Гарадоччыны, больш няма і не будзе. Штосьці канчаецца…

Пахавалі Анатоля Парэмбскага 29 красавіка на праваслаўных могілках у Гарадку.

Няхай сняцца Яму сны пра маляўнічую Гарадоцкую зямлю, якую так умілаваў і прыгожа апісваў у сваёй паэзіі, аддае даніну пашаны паэту галоўны рэдактар падляшскага «Часопісу» Юрка Хмялеўскі.

Czaspois/эж

Слухайце аўдыё!