Беларуская Служба

У Польшчы ўшанавалі памяць ахвяр нямецкіх фашысцкіх канцлагераў

15.06.2020 14:50
14 чэрвеня 1940 года ў канцэнтрацыйны лагер «Аўшвіц-Біркенаў» былі дастаўленыя першыя вязні.
Аўдыё
.  (2), .  (1), . -   .  (1)
А. Дуда (2П), П. Гліньскі (1П), Б. Вайнароўска-Гацье і ваявода П. Цьвік (1Л) на ўрачыстасці ў Асвенцімефота: PAP/Łukasz Gągulski

80 гадоў таму, 14 чэрвеня 1940 года, у канцэнтрацыйны лагер «Аўшвіц-Біркенаў» былі дастаўленыя першыя вязні. Гэтая дата лічыцца пачаткам дзейнасці нямецкага фашысцкага канцлагера. У Польшчы прайшлі памятныя ўрачыстасці.

У Польшчы 14 чэрвеня адзначаецца Нацыянальны дзень ушанавання памяці ахвяраў нямецкіх фашысцкіх канцлагераў і лагераў смерці. І хоць на свеце лічыцца, што ў лагеры «Аўшвіц-Біркенаў», створаным немцамі ў польскім горадзе Асвенцім, гінулі галоўным чынам асобы габрэйскай нацыянальнасці, то група першых вязняў складалася з палякаў – гэта было 728 чалавек. Агулам за ўвесь час дзейнасці канцлагера, немцы даставілі сюды як мінімум 1,3 млн. вязняў звыш 20 нацыянальнасцяў. Рашучая большасць з іх не выйшла з гэтага месцы жывымі. Па словах былой вязняркі Барбары Вайнароўскай-Гацье (Barbara Wojnarowska-Gautier), цяжка апісаць жах гэтага месца.

- Гэта было пекла, гэта было пекла на зямлі. Гэтага проста немагчыма расказаць словамі. Няма такіх словаў, якія перадалі б тое, праз што прайшлі вязні. Нягледзячы на нацыянальнасць – ці гэта былі палякі, ці гэта былі габрэі, пекла там было для ўсіх, хто пераступіў праз парог лагера. Гэта была трагедыя, гэта было сапраўднае пекла.

На працягу першых двух гадоў дзейнасці канцлагера, у яго траплялі галоўным чынам палякі. Такім чынам немцы хацелі цалкам знішчыць польскую нацыю, а тых, хто застанецца ў жывых, зрабіць паднявольнай рабочай сілаю. У сваю чаргу польскія землі былі б аддадзеныя нямецкім каланістам. Гэтая ідэя сягае каранямі яшчэ ў 19-ае стагоддзе, але фашысты ўзяліся ўсур’ёз за яе рэалізацыю. Забойствы прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі пачаліся ўжо ў першых днях вайны, – нагадвае Марцін Качароўскі (Marcin Kaczorowski) з Музею варшаўскага паўстання.

- Спачатку была акцыя, у выніку якой забілі звыш 10 тыс. асобаў – прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі. У адным толькі рэгіёне Памеранія было забіта 40 тыс. лекараў, настаўнікаў, прафесараў, выкладчыкаў. Пазней «Акцыя АБ», гэта значыць, паўтор першай акцыі, але ўжо ў Генеральным губернатарстве. Пачалі дзейнасць канцлагеры, якія на самой справе былі лагерамі смерці, як лагер у мясцовасці Памехувэк. У сваю чаргу нямецкі канцлагер Штутгаф (Stutthof) на поўначы Польшчы дзейнічаў практычна з першых дзён вайны да яе апошніх дзён.

Катавіцкі інстытут нацыянальнай памяці заклікаў учора запаліць свечкі ў месцах памяці ахвяр фашысцкіх канцлагераў. 14 чэрвеня – гэта выключная дата, – адзначае дырэктар аддзелу Інстытуту нацыянальнай памяці ў Катавіцах Анджэй Шнайдэр (Andrzej Sznajder).

- Першая група польскіх палітычных вязняў з Тарнава прыбыла ў Аўшвіц 14 чэрвеня. Тады гэта быў цалкам новы канцлагер, ён яшчэ толькі ствараўся, не быў яшчэ поўнасцю гатовы. Канешне, гэта не быў першы канцлагер, таксама не быў гэта першы канцлагер на польскіх землях, але гэтая дата мае для нас сімвалічнае значэнне.

Учора пасля поўдня ў цэнтры Варшавы была адкрытая выстава, якая прадстаўляе першых палякаў, вывезеных у канцлагер Аўшвіц. Аўтар працы Войцех Коркуць (Wojciech Korkuć) кажа, што ён выкарыстаў картатэку вязняў, якую вялі ў канцлагеры Аўшвіц.

- Верагодней за ўсё, аўтарам гэтых здымкаў быў Вільгельм Брасэ (Wilhelm Brasse), я іх толькі прадстаўляю публіцы. Форма гэтай экспазіцыя такая, якой раней не было – на адным плакаце даўжынёй у 20 з паловай метраў. На маю думку, гэты плакат робіць каласальнае ўражанне на гледачоў. Дарэчы, гэта бачна па першай рэакцыі людзей, якія ідуць па вуліцы Навагродзкай, затрымліваюцца і глядзяць у вочы людзей, якія тады былі прывезеныя ў канцлагер. Гэта ў вялікай ступені былі вельмі маладыя людзі, гімназісты, гарцэры. І гэта выклікае вялікія эмоцыі, адказвае на пытанне, чым на самой справе з’яўляецца фашызм.

Па словах былой прэм’ер-міністр Польшчы Бэаты Шыдла (Beata Szydło), неабходна памятаць не толькі пра вязняў і ахвяраў канцлагера, але таксама пра ўсіх, хто стараўся аказаць ім дапамогу, часта рызыкуючы ўласным жыццём.

- Гэта дзень, калі мы нагадваем, гаворым пра ўсіх, хто загінуў, пра ўсіх ахвяраў нямецкіх фашысцкіх канцлагераў. У гэты дзень мы памятаем пра ўсіх, хто аддаў сваё жыццё, згадваем таксама тых, хто аказваў дапамогу. Некаторыя аказвалі гэтую дапамогу нават за кошт уласнага жыцця. Неабходна пра гэта памятаць.

З нагоды Нацыянальнага дня ўшанавання памяці ахвяр нямецкіх фашысцкіх канцлагераў і лагераў смерці, у Асвенціме прайшлі ўрачыстасці ўскладання кветак, адбылося багаслужэнне за ахвяр. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел былыя вязьні канцлагера, прэзідэнт Анджэй Дуда, маршал Сейму Эльжбета Вітэк і віцэ-прэм’ер Пётр Гліньскі.

 

нг