У Беларусі поўнаю хадою ідзе перадвыбарчая кампанія, завяршаецца збор подпісаў у падтрымку кандыдатаў. Першы этам прэзідэнцкай кампаніі паказаў, што значаная частка грамадства пачала цікавіцца палітыкай і выказваць сваю падтрымку альтэрнатыве палітычнаму рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. На што дзяржава адказала хаатычнымі рэпрэсіямі.
Паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», з 6 траўня па 16 чэрвеня ў Беларусі 97 чалавек былі змешчаны пад арышт па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу. 105 чалавекі атрымалі штрафы на агульную суму каля 90 тысяч беларускіх рублёў – гэта статыстыка пачатку прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі.
Новая хваля рэпрэсіяў прымусіла беларусаў па ўсім свеце адгукнуцца на вялікую несправядлівасць, якая адбываецца на Радзіме і Беларусы Варшавы таксама не засталіся абыякавымі. 16 чэрвеня Беларускі дом у Варшаве распачаў «Марафон Салідарнасці».
Акцыя "Марафон салідарнасці" у Беларускім доме ў Варшаве, 16 чэрвеня 2020 г.
Арганізацыя вырашыла падтрымаць каля сотні палітычных зняволеных, якія цягам апошняга месяца апынуліся за кратамі праз свае перакананні або праз сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю. З Беларускага дому ў Варшаве можна адправіць паштоўку са словамі падтрымкі палітвязням. Старшыня арганізацыі Алесь Зарэмбюк падкрэсліў, што цяпер беларускае грамадства перажывае моцную хвалю рэпрэсіяў:
-Гэта мерапрыемства не было запланавана. Мы абсалютна не чакалі, што ўлады Беларусі на этапе збору подпісаў разагнуць поўнамаштабныя рэпрэсіі. Улада моцна спалохалася і разгублена накінулася на актыўную частку грамадства. Беларускі Дом прапануе даслаць паштоўкі палітвязням у Беларусь. Нават такі маленькі жэст можа аблегчыць іх перабыванне за кратамі. (...)
.
.
.
Удзельнікі акцыі перакананыя, што несправядліва затрыманым вельмі важная ўвага і падтрымка грамадства. Студэнтка Варшаўскага ўніверсітэту з Ліды Лізавета лічыць, што без салідарнасці не атрымаецца змяніць аблічча Беларусі:
-Я салідарна з тымі, хто зараз у Беларусі змагаецца за нашу будучыню і незалежнасць. Я вельмі ўдзячна тым, хто бароніць нашы правы. Зараз іх кінулі за краты, але ў нас нават за мяжой ёсць магчымасць хоць крыху падтрымаць іх і даслаць палітвязням «ліст салідарнасці». Цяжка сабе ўявіць, што ў ХХІ стагоддзі ў цэнтры Еўропы адбываюцца такія рэчы. Калі чытаю навіны мне становіцца сорамна за беларускую ўладу. (...)
«Паштоўкі салідарнасці» з Варшавы ў Беларусь прыйшлі адправіць прыкладна 30 чалавек.
Слухайце аўдыё!
эж