“Навука – гэта жанчына”. Пад такім загалоўкам выданне Polityka піша пра ўсё большы адсотак жанчын у кіраўніцтве вышэйшых навучальных устаноў у Польшчы. Да 30 чэрвеня былі абраныя сто рэктараў ВНУ. Упершыню ў гісторыі польскай навукі 12 з іх – жанчыны.
Сярод усіх студэнтаў на польскіх ВНУ звыш паловы складаюць жанчыны (58%). У сваю чаргу на паслядыпломным навучанні іх 72%, у аспірантуры – амаль 55%. Але, чым вышэйшая навуковая ступень, тым меншы адсотак жанчын. Каля 75% прафесараў – гэта мужчыны. Студэнткі як правіла вучацца лепш, чым студэнты, але калі жанчына хоча дасягнуць больш, чым толькі ступень магістра або доктара, пачынаюцца праблемы. Прычын некалькі. Першая – патрыярхальнае грамадства, якое бачыць жанчыну ў вызначаных ёй ролях, з чым звязана адпаведнае выхаванне, другая – аб’ектыўныя перашкоды, якія можна пераадолець хутчэй, чым гэтыя першыя.
Адна з важнейшых прычын – мацярынства, якога не заўважаюць польскія ВНУ, а калі заўважаюць, то трактуюць як баласт і перашкоду. У сваю чаргу на захадзе Еўропы стандартам сталі ўжо яслі і садкі пры ВНУ, куды могуць аддаваць дзяцей студэнткі і супрацоўніцы ўстаноў.
Іншая справа – жаночыя формы назваў афіцыйных пасадаў, напрыклад, прафесарка. Гэта можа здавацца малаважным пытаннем, але мова акрэслівае свядомасць. І таму жанчыны-навукоўцы імкнуцца замацаваць жаночыя формы, каб жанчына-дзякан магла афіцыйна называцца дзяканай, а прафесар – прафесаркай.
нг