9 жніўня тысячы грамадзянаў Беларусі намагаліся прагаласаваць на выбарах прэзідэнта ў беларускай амбасадзе ў Варшаве. Аднак праца выбарчай камісіі была арганізавана такім чынам, каб змагла як мага меншая колькасць выбарцаў. Рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права змаглі 248 чалавек.
Неабыякавыя грамадзяне Беларусі правялі альтэрнатыўнае галасаванне каля брамы Амбасады. Сярод каля трох тысяч выбарцаў альтэрнатыўнага ўчастка аказаўся і беларускі палітык, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Валер Цапкала, сярод іншага ён аднёсся да тэмы вяртання нацыянальным сімвалам статусу дзяржаўных:
-Я перакананы, што пасля таго я мы правядзем сумленны рэферэндум, абмяркуем змены сімволікі са спецыялістамі, і зробім нацыянальную сімволіку дзяржаўнай, нельга будзе ставіцца да цяперашняй дзяржаўнай сімволікі, як сёння ўлада ставіцца да бела-чырвона-белага сцяга. Яны топчуць сцяг, рвуць яго на кавалкі. Я перакананы, мы так сябе паводзіць не будзем. У іншым выпадку мы ператворымся ў іх. Мы павінны вучыцца талерантнасці.
Каля тузіна валанцёраў талакой зладзілі альтэрнатыўны выбарчы ўчастак. У адрозненні да ўчастка ў амбасадзе там змагалі прагаласаваць усе жадаючы. Адзін з чальцоў альтэрнатыўнай выбачай камісіі Павел Чыж быў моцна ўражаны колькасцю беларускіх грамадзянаў, якія прыйшлі выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю:
-Мы працуем з 6 гадзінаў раніцы. Збіралі подпісы, складалі спіс, усе за рэдкім выключэннем з вялікай ахвотай згаджаліся прыняць удзел у альтэрнатыўным галасаванні. Пануе надзвычай пазітыўны настрой, людзі прагнуць зменаў. Мы ладзім гэта галасаванне, бо наша родная амбасада сабатуе выбары і гэта недапушчальна!
Каб трапіць на афіцыйны выбарчы ўчастак, створаны пры Амбасадзе Беларусі ў Варшаве, некаторыя выбарцы стаялі ў чарзе нават 12 гадзін. Яніна правяла ў чаканні пад сценамі дыпрадстаўніцтва 11 гадзінаў:
-У амбасадзе моцна марудзілі, расцягвалі час. Мяне асабіста правяралі два разы. Калі я галасавала, людзі, якія сабраліся ля амбасады пачалі скандаваць «Ганьба» і «Жыве Беларусь» чальцоў камісіі аж перакасіла. Для мяне было важна адстаяць гэтыя 11 гадзінаў і прагаласаваць за перамены ў Беларусі. Калісьці маё дзіця запытаецца: «Мама, а што рабіла ў 2020 годзе» і мне будзе не сорамна глядзець ёй у вочы.
9 жніўня 2020 года ў Варшаве каля амбасады Беларусі былі праведзены альтэрнатыўныя сумленныя выбары прэзідэнта. Усяго ў альтэрнатыўным галасаванні ў Варшаве прынялі ўдзел 2379 грамадзянаў Беларусі.
Вынікі наступныя:
Андрэй Дзмітрыеў 2 галасы (0,08%)
Ганна Канапацкая 6 галасоў (0,25%)
Аляксандр Лукашэнка 3 галасы (0,13%)
Святлана Ціханоўская 2348 галасоў (98,7%)
Сяргей Чэрачэнь 4 галасы (0,17%)
Супраць усіх кандыдатаў 13 галасоў (0,54%)
Несапраўдных бюлетэняў 3 (0,13%)
Прыкладна апоўначы выбарчая камісія ў пасольстве таксама палічыла галасы 250 выбарцаў, якія трапілі 9 жніўня на ўчастак, а таксама 208 грамадзянаў, якія прагаласавалі датэрмінова Святланы Ціханоўскай 368 галасоў ( 81%), у Аляксандра Лукашэнкі 69 галасоў (15%).
Слухайце аўдыё!