Беларуская Служба

Затрыманы ў Беларусі паляк: Нацыянальнасць стала падставай для дадатковых пабояў

17.08.2020 15:59
Двое маладых палякаў разам з як мінімум сямю тысячамі беларусаў трапілі ў канвеер гвалту, здзекаў і прыніжэння, які стаіць на ахове «заваёваў» рэжыму Лукашэнкі.
Аўдыё
  • На нашых хвалях польскі фотакарэспандэнт Вітольд Дабравольскі расказвае, як ён апынуўся ў цэнтры лёсавызначальных для Беларусі падзеяў:
Вітольд Дабравольскі і Кацпэр Сяніцкі PAP/Marcin Obara

На мінулым тыдні буйныя польскія СМІ пастаянна паведамлялі пра знікненне падчас пратэстаў у Беларусі двух польскіх маладзёнаў – фотакарэспандэнта Вітольда Дабравольскага і студэнта Кацпэра Сяніцкага. Двое палякаў разам з як мінімум сямю тысячамі беларусаў трапілі ў канвеер гвалту, здзекаў і прыніжэння, які стаіць на ахове «заваёваў» рэжыму Аляксандр Лукашэнкі.

Гісторыя Кацпэра і Вітольда мае шчаслівы фінал – 14 жніўня хлопцы вярнуліся дадому. Пабітыя, катаваныя, але вярнуліся. На нашых хвалях польскі фотакарэспандэнт Вітольд Дабравольскі расказвае, як ён апынуўся ў цэнтры лёсавызначальных для Беларусі падзеяў:

-Часта выязджаю ў рэгіёны ахопленыя канфліктамі, вулічным процістаяннем. Намагаюся выконваць місію журналіста, у маім выпадку фотажурналіста, дакументуючы такія падзеі. Асаблівую ўвагу надаю людзям, якія ўдзельнічаюць у пратэстах, ці ваююць. Намагаюся паказаць, як адбываецца трансфармацыя людзей – раптам яны выходзяць са свайго штодзённага шэрага жыцця і становяцца барацьбітамі свабоды. Я назіраў за гэтым у Ганконгу, раней ва Украіне, а цяпер хацеў убачыць гэта ў Беларусі. Ужо даўно цікаўлюся Беларуссю, і проста чакаў таго моманту, калі там нешта пачнецца. І пачалося.

Як вас затрымалі і што было потым?

-Увечары, 10 жніўня я разам з Кацпэрам Сяніцкім шлі па Старым горадзе ў Мінску, намагаліся трапіць да месца пратэстаў. Трэба адзначыць, што навокал не было ніводнага дэманстранта. Усё было спакойна, нішто не прадказвала нейкіх вірлівых падзеяў. Раптам нас скруцілі, мяне адразу збілі да страты прытомнасці.

Потым нас завезлі ў нейкую катавальню, інакш гэта месца назваць не магу. У сутарэннях была зала для баскетболу, гэта знаходзілася ў нейкім будынку міліцыі. Там было прыкладна 300 чалавек. Нас там катавалі, здзекваліся фізічна і псіхічна. І гэта пакута працягвалася як мінімум 15 гадзінаў, калі не даўжэй. 300 чалавек ляжалі на падлозе спартзалы, мы былі скаваныя і не маглі рухацца. Нават самы дробны рух цела, выклікаў моцныя пабоі. У большасці там былі выпадковыя людзі – іх выкрадалі з аўтобусаў, з прыпынкаў, з крамаў. Нас білі гумовымі палкамі, нас білі кулакамі.

У нашым з Кацпэрам выпадку дадатковым стымулам для збіцця стала тое, што мы палякі. Наша нацыянальнасць стала прадметам абразлівых жартаў з боку беларускіх сілавікоў і падставай для чарговых пабояў. Апроч гэтага, на працягу прыблізна пяці гадзінаў нас змушалі ў вельмі невыгоднай пазіцыі кленчыць. Гэта было немагчыма вытрымаць. Нам давалі надзею на палёгку, маўляў, калі мы ўсе разам адпаведным чынам пракрычым лозунгі ў падтрымку Лукашэнкі і папросім прабачэнне за дзеянні дэманстрантаў, яны дазволяць нам змяніць пазіцыю. Гэтыя здзекі працягваліся няспынна. Пасля таго, як нас усіх зарэгістравалі, запакавалі ў аўтазак і даставілі ў Жодзіна, мы ўпершыню сустрэлі нейкае чалавечае стаўленне.

Хачу толькі дадаць, што я быў адзін з апошніх, каго выводзілі з той спартзалы. Дакладна памятаў, што там амаль уся падлога была ў плямах крыві.

Падчас гэтых працяглых здзекаў у чужой краіне, ты не страцілі надзею на ацаленне і шчаслівае вяртанне дадому, у Польшчу?

- Пытанне ў тым, што я, будучы фотакарэспандэнт, у пэўным сэнсе быў падрыхтаваны да такой сітуацыі. Перад паездкай на Данбас, у 2014 годзе прайшоў адпаведны курс пры міністэрстве абароны Польшчы, дзе цягам дня сімулявалася выкраданне. Пэўныя элементы той сімуляцыі былі вельмі падобныя, на тое што давялося перажыць у Беларусі. Такі вопыт безумоўна дапамог перажыць здзекі. Найгоршае – абсалютна не чакаў такога гвалту і брутальнасці з боку сілавікоў. Напярэдадні прыезду ў Беларусь я размаўляў з мясцовымі журналістамі і ніхто не мог сабе ўявіць, што дзеянні сілавікоў будуць такія зверскія.

У тых умовах усведамляў, што адбываецца сістэмны гвалт, спроба напалохаць і запужаць беларускае грамадства. Я разумеў, што гэта не будзе працягвацца вечна. Быў упэўнены, што ў досыць хуткім часе нас перавядуць у нейкія камеры і пакінуць у спакоі, але не ведаў як доўга гэта будзе працягвацца. Не разлічваў на тое, што гэта будзе так доўга: з васьмі гадзінаў вечара да падвячорка мы правялі ў гэтай катоўні ў спартзале. Я ледзьве гэта вытрымаў.

Вітольд, што ты вынес з гэтых падзеяў, з таго, што перажыў за гэтыя тры дні, праведзеныя разам з тысячамі беларусаў, у руках ашалелых сілавікоў? Як ты ацэньваеш гэты досвед?

 -Пра гэтыя здзекі магу сказаць словамі Ніцшэ – тое што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі. Калі ў будучыні са мною зноў здарыцца нешта падобнае, я буду лепей ведаць, што трэба рабіць у такім выпадку. Прынамсі цяпер мне так здаецца. У кантэксце прафесійных пытанняў, зразумеў, што трэба больш дакладна вывучаць сістэмы, з якімі збіраешся мець дачыненне. На жаль, праз тыя абставіны якія я апісаў, я не змог выканаць сваю місію фотакарэспандэнта. Зараз я яе бачу ў тым, каб інфармаваць як мага больш людзей пра падзеі ў Беларусі. Я сведчу аб тым, што перажыў сам і што перажываюць тысячы беларусаў. Намагаюся прыцягнуць да гэтага ўвагу свету. У гэтым сэнсе, я сваё журналісцкае заданне выконваю.

Нагадаем, двое польскіх маладзёнаў фотакарэспандэнт фрылансэр Вітольд Дабравольскі і студэнт Кацпэр Сяніцкі зніклі ў Мінску, увечары 10 жніўня. Дзякуючы намаганням польскага МЗС праз тры дні хлопцы былі вызваленыя. А сёння ў нашым эфіры паляк Вітольд Дабравольскі распавёў пра тыя катаванні і здзекі, якія ён перажываў разам з тысячамі беларусаў.

Матэрыял падрыхтаваў Эдуард Жолуд.

Слухайце аўдыё! 

Маці зніклага ў Беларусі паляка: Кацпэр усведамляў, што гэта гістарычны момант для Беларусі

12.08.2020 15:25
Амбасада Польшчы ў Беларусі пацвердзіла, што падчас падаўлення мірных акцыяў пратэсту ў Беларусі было затрымана трох грамадзянаў Польшчы.

Малады паляк расказаў, як яго катавалі ў мінскіх засценках

14.08.2020 17:06
« (...) І там пачалося пекла – гэта быў шматгадзінны працэс фізічных і псіхічных катаванняў».

Пацярпелы ад сваволля беларускіх сілавікоў: «Уся падлога спортзалы РУУС была залітая крывёю»

14.08.2020 18:42
Паводле афіцыйных дадзеных, каля 7 тысяч чалавек прайшлі праз канвеер гвалту ашалелых сілавікоў. 

У Польшчу вярнуліся затрыманыя ў Мінску палякі (ФОТА)

14.08.2020 19:03
«Нас некалькі гадзін катавалі: нас пастаянна збівалі і псіхічна мучылі. Нам таксама аказвалі нацыянальныя антыпатыі».