Арганізатары #BY_help запускаюць MediaSOL – збор сродкаў на падтрымку незалежных СМІ і журналістаў у Беларусі
«Свабодныя СМІ і журналісты сталі чарговай мэтай рэпрэсій беларускага рэжыму. На Акрэсціна трапляюць рэпарцёры, якіх за іх працу абвінавачваюць у каардынацыі масавых беспарадкаў. Улады заблакавалі дзясяткі незалежных сайтаў і ставяць ім у віну публікацыю праўды аб катаваннях, збіваннях і фальсіфікацыях. У офісах выдаўцоў СМІ праходзяць фінансавыя праверкі, а на іх уладальнікаў заводзяць крымінальныя справы. Рэкламадаўцы баяцца палітычных наступстваў і адклікаюць кантракты. Камісія па «інфабяспецы» пазбавіла акрэдытацый шматлікіх беларускіх супрацоўнікаў замежных СМІ. Дом друку і кіёскі адмаўляюць у публікацыі і распаўсюдзе незалежных газет. Улады думаюць, што могуць задушыць свабоду слова, прыстрашыўшы журналістаў, забараніўшы стрымы або паставіўшы СМІ ў невыносныя фінансавыя ўмовы. Але ў іх гэта не атрымаецца», – гаворыцца ў заяве арганізатараў кампаніі.
Займацца зборам сродкаў на тэрміновыя патрэбы беларускіх незалежных СМІ будуць арганізатары рэкордных збораў на аплату штрафаў і кампенсацыю страт пацярпелым ад рэпрэсій актывістам і рабочым – Андрэй Стрыжак, Аляксей Лявончык, Аляксандр Лапко, Надзея Нортан і Алесь Чэрняковіч.
Партнёрам кампаніі таксама з'яўляецца краудфандынговая платформа для журналістаў Press Start.
Кампанія стартавала на GoFundMe і ў PayPal, інфармацыя пра яе таксама даступная на сайце https:\/\/media.belarus97.pro У бліжэйшы час арганізатары збіраюцца запусціць дадатковы збор у Фейсбуку.
MediaSOL збірае сродкі на:
- Ахоўныя сродкі для журналістаў, якія працуюць на вулічных акцыях.
- Стыпендыі і дапамогі журналістам, якія падвергліся рэпрэсіям за працу ў незалежных СМІ: штатным, фрылансэрам, а таксама іншым медыяпрацоўнікам.
- Аплату часовай рэлакацыі для тых, каго жыццю і/або здароўю пагражаюць за іх журналісцкую працу.
- Легальныя спосабы падтрымкі бізнэс-устойлівасці незалежных выданняў, якія нясуць страты з-за рэпрэсій.
Кампанія падкрэслівае, што аплата штрафаў і меддапамогі пацярпелым, у тым ліку журналістам, па-ранейшаму праводзіцца ініцыятывай BY_help, а былыя супрацоўнікі дзяржаўных СМІ могуць звярнуцца па дапамогу ў Фонд салідарнасці BySOL.
Ахвяраваць сродкі ў фонд можна па спасылках => https://www.paypal.com/pools/c/8sonQvgcqM і https://www.gofundme.com/f/mediasol
Каб папрасіць дапамогу, трэба запоўніць Google-форму => https://forms.gle/z4uww4mUFAatHdpR7
«Журналістыка – не злачынства. Журналісты – не злачынцы. Салідарнасць мацней рэпрэсій!», – нагадваюць арганізатары MediaSOL.
Кантакты з ініцыятывай: mediasol@belarus97.pro
аев