Паўтары тысячы грамадзян Расіі, Беларусі, Украіны, ЗША, Італіі, Ізраілю і іншых краін падпісаліся пад заявай Беларускай асацыяцыі журналістаў і ПЭН-Цэнтру Беларусі аб падтрымцы беларускіх журналістаў, якія трапілі пад пераслед падчас акцый пратэстаў.
За кратамі знаходзяцца тры беларускія журналісткі: Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова і Кацярына Барысевіч.
У знак салідарнасці з імі ў Варшаве выйшла кніга, суаўтарам якой з'яўляецца Кацярына Андреева «Я – журналіст. Чаму ты бʼеш мяне?».
«Гэта дваццаць эмацыйных аповедаў пра шлях да свабоды, які вядзе праз беларускую турму», - адзначыў польскі журналіст Кшыштаф Сковроньскі:
- 7 з гэтых тэкстаў напісала Кацярына Андрэева. Калі яна завершыла пісаць сёмы тэкст для гэтай кніжкі, трапіла ў турму ў Беларусі. Справу працягнуў Ігар Ільяш, які напісаў адзін тэкст і таксама трапіў у турму. (Мы па гэтых арыштах выдалі спецыяльныя заявы). А 2 тэксты напісала Вольга Івашэнка.
Кацярыну Андрэеву арыштавалі 15 лістапада 2020 года на 13-м паверсе дому на плошчы Перамен, адкуль яна рыхтавала рэпартаж аб пацыфікацыі жыхароў жылога комплексу, якія абаранялі месца памяці забітага сілавікамі 31-гадовага мастака Рамана Бандарэнкі. Яе арыштавалі на 7 сутак. Затым суд падоўжыў тэрмін пакарання на два месяцы да 20 студзеня 2021 года.
Зборнік аповедаў і інтэрвʼю пра затрыманні, катаванні і спробы ціску на беларускіх журналістаў у апошнія месяцы «Я – журналіст. Чаму ты бʼеш мяне? » падрыхтавала Асацыяцыя польскіх журналістаў разам з Нацыянальным саюзам украінскіх журналістаў.
У падрыхтоўцы зборніка ўдзельнічаў таксама ўкраінскі журналіст Назарый Віўчарык. Апісаныя гісторыі паказваюць, як беларускі рэжым парушае асноўныя правы чалавека: годнасць, недатыкальнасць і свабоду слова.
Героямі кнігі зʼяўляюцца- журналісты незалежных беларускіх СМІ: у т.л. Белсат, Еўрарадыё, Наша Ніва, Радыё Свабода, партал Tut.by.
яс