Міністэрства юстыцыі Польшчы прыдумала, як змагацца з фэйк ньюсамі – піша Rzeczpospolita. Гаворка ідзе пра спецыяльны суд і працэдуру. Карыстальнік сеціва, якога датычыць непраўдзівая інфармацыя, мог бы патрабаваць у адміністрацыі яе выдалення. Калі гэта не дапаможа, справу можна аддаць у суд. За фэйк ньюсы ды хейт плануецца ўвесці высокія штрафы, нават да 8 млн злотых (каля 1,8 млн еўра).
Згодна праекту, адміністратары ня будуць мець права выдаляць пасты і акаўнты карыстальнікаў, калі змест не будзе парушаць законаў. У сваю чаргу калі сэрвіс атрымае скаргу на пост, які парушае права, ён будзе прымушаны разгледзець яе на працягу адных содняў. Калі гэтага не зробіць, справай зоймецца суд, які павінен разгледзець справу цягам сямі дзён.
У эпоху новых тэхналогіяў фэйк ньюс, мэта якога – распаўсюд свядомай хлусні – разыходзіцца з хуткасцю маланкі. У яго сіла нават не гранаты, а атамнай бомбы – піша каментатар выдання. Аўтары фэйк ньюсаў у сеціве адчуваюць сваю беспакаранасць. Хлусню хутка перахапляюць іншыя СМІ, і такім чынам яна становіцца праўдай. Цяжка не толькі знайсці аўтара інфармацыі, але таксама дабіцца яе выдалення. Мы захапіліся свабодай, якую прынёс інтэрнэт, але пры гэтым забываем пра яго цёмныя бакі: незаконнае ўмяшанне ў эканамічныя і грамадскія працэсы або ў жыццё іншых людзей. Таму радуе ініцыятыва, каб абмежаваць гэтае бяспраўе – падсумоўвае аўтар каментара.