Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларускія спартоўцы пераконваюць Міжнародную федэрацыю хакея адмяніць чэмпіянат у Мінску

17.12.2020 16:12
«Міжнародная федэрацыя хакея можа страціць рэпутацыю, не зарабіць грошай і паставіць крыж на кар’еры сваіх чыноўнікаў».
Аўдыё
  • Прэс-канфэрэнцыя Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Danilo_Vuletic

У маі 2021 года ў Мінску плануецца правесці матчы ў рамках Чэмпіянату свету па хакеі. Гэтыя планы ўсё яшчэ не адмененыя, хаця зразумела, што ў сённяшніх грамадска-палітычных умовах у Беларусі чэмпіянат немагчыма наладзіць. Беларускія спартоўцы спрабуюць прымусіць Міжнародную федэрацыю хакею адмяніць матчы ў Мінску. Пакуль безвынікова.

Нядаўна стала вядома, што Міжнародны алімпійскі камітэт прыняў рашэнне аб забароне прысутнасці на алімпіядзе ў Токіё самога Лукашэнкі і членаў Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, віцэ-старшынём якога з’яўляецца Віктар Лукашэнка. Насуперак гэтаму рашэнню і шматлікім зваротам як прыватных асоб, так і цэлых арганізацый, Міжнародная федэрацыя хакея не адмовілася ад правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску ў маі будучага году, усё яшчэ ідуць перамовы па дадзеным пытанні. Аб гэтым заявіла на прэс-канферэнцыі старшыня Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці, алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя.

- Рашэнне МАК сведчыць аб тым, што ў свеце ёсць яшчэ справядлівасць. Гэта тое, чаго цяпер не хапае ў Беларусі. Важна тое, што Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў усіх спартоўцаў да адборачных спаборніцтваў. Гэта значыць, што ўсе беларускія атлеты маюць шанец прыняць удзел у алімпійскіх гульнях. Адной з рэкамендацый МАК было выключыць Беларускі алімпійскі камітэт з усіх перамоваў аб спартыўных мерапрыемствах. Таму здзіўляе пазіцыя Міжнароднай хакейнай федэрацыі, якая далей працягвае перамовы з беларускім бокам. Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці звяртае ўвагу на тое, што правядзенне чэмпіянату ў Беларусі цяпер немагчыма.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці не раз накіроўваў адкрытыя звароты ў Міжнародную федэрацыю хакея з інфармацыяй, што правядзенне чэмпіянату ў Беларусі не можа адбыцца як у выніку адсутнасці бяспекі для спартоўцаў і заўзятараў, так і нелегітымнасці беларускіх уладаў. Была таксама звернутая ўвага на непасрэдны ўдзел старшыні Беларусай федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава ў збіцці мастака Рамана Бандарэнкі. Пра рэакцыю на звароты распавёў выканаўчы дырэктар фонду Аляксандр Апейкін.

- На жаль, ніводнага адказу ад Міжнароднай федэрацыі мы не атрымалі. Мы далучалі дакументы, якія сведчаць аб тым, што беларусы не хочуць правядзення чэмпіянату ў Мінску, далучалі даклад АБСЕ аб катаваннях у Беларусі. Мы таксама накіравалі зварот у дысцыплінарную камісію федэрацыі з патрабаваннем зняць з пасады Баскава з дакладным апісаннем яго ўдзелу ў забойстве Бандарэнкі. Пад нашым адкрытым лістом падпісалася звыш тысячы сямісот чалавек, а на яго мы не атрымалі адказу. У камунікацыі з іншымі міжнароднымі арганізацыямі няма такіх праблем.

Кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Фонду спартыўнай салідарнасці Анатоль Котаў адзначыў, што з кожным чалавекам трэба размаўляць на мове, якая для яго зразумелая. А якую мову разумее Рэнэ Фазель, старшыня Міжнароднай федэрацыі хакея?

- Для яго спорт – гэта грошы, гэта камерцыя. Праводзячы матчы ў такой сітуацыі, якая цяпер назіраецца ў Беларусі, можна страціць рэпутацыю, не зарабіць грошай і паставіць вялікі крыж на далейшай спартыўнай кар’еры. Такіх прыкладаў было шмат, асабліва ў свеце футболу, калі вырашала кароткатэрміновая выгада, фінансавы даход, не заўсёды белы. У выніку высокапастаўленыя чыноўнікі міжнародных арганізацый страчвалі свае пасады, міжнародная спартыўная супольнасць выкідвала іх імёны, пакрытыя ганьбай. У размове з Рэнэ Фазелям трэба карыстацца гэтымі аргументамі.

У прэс-канфэрэнцыі прыняла ўдзел славутая беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка, якая правяла некалькі тыдняў у беларускай турме за ўдзел у пратэстах. У эмацыйнай прамове яна падзякавала ўсім СМІ, якія інфармуюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, паколькі цяпер беларусам вельмі патрэбная дапамога. Яна таксама звярнулася да Рэнэ Фазеля.

- Ад вашага рашэння будзе залежыць зусім не тое, ці матчы ў Мінску адбудуцца. З вашага рашэння стане зразумела, ці падтрымлівае хакейны свет, у вашай асобе, гвалт і генацыд. Нельга казаць: маўляў, мы – звонку палітыкі. І спартоўцаў, і чыноўнікаў няма без заўзятараў, таму вы не можаце правесці чэмпіянат і не заўважыць людзей. Чэмпіянат па хакеі – гэта свята, але як можна святкаваць, калі беларусы крычаць ад болю?! 30 тыс. беларусаў прайшлі праз турмы і катаванні. Калі вы пра гэта ведаеце і нічога не робіце, то вы гэта падтрымліваеце. Я не здзейсніла злачынства, але мяне асудзілі, я правяла 15 сутак на Акрэсціна. Адной з маіх сукамерніц была грамадзянка Швейцарыі Наталля Хершэ, якую асудзілі на 2,5 года за тое, што яна сарвала балаклаву з амапаўца. Вы таксама грамадзянін Швейцарыі, і я веру, што вы намераны сустрэцца з Лукашэнкам толькі дзеля таго, каб яна як мага хутчэй была вызвалена.

Адмяніць чэмпіянат па хакеі ў Мінску патрабуюць між іншым праваабаронцы з Беларусі і свету, у лістападзе заяву падпісалі беларускія праваахоўныя арганізацыі, а таксама каля 20 праваабарончых арганізацый з-за мяжы. У верасні ўрад Латвіі звярнуўся ў Міжнародную федэрацыю хакея з просьбай правесці чэмпіянат у іншай краіне, чым Беларусь, таксама Еўрапарламент заклікаў не праводзіць частку чэмпіянату ў Беларусі.

Спаборніцтва павінна адбыцца з 21 мая па 6 чэрвеня ў Беларусі (Мінск) і Латвіі (Рыга).

нг