Польскія шпіталі шукаюць лекараў-спецыялістаў з Усходу – інфармуе Dziennik Gazeta Prawna. У сувязі з каранавірусам, які перанакіраваў медычны персанал на барацьбу з каранавірусам, ёсць шпіталі, якія не могуць выконваць сваіх задач на 100%, таму патрэбныя новыя людзі, а ў Польшчы іх не хапае. Новай надзеяй для кіраўнікоў польскіх бальніц з’яўляецца ўведзены ў лістападзе новы закон, які дазваляе ўрачам з Усходу працаваць у Польшчы без настрыфікацыі дыплому і на аснове больш лёгкіх правілаў. Калі раней атрыманне дазволу працягвалася некалькіх гадоў, зараз гэта пытанне тыдняў.
Агенцтвы працы ўжо інфармуюць, што да іх звяртаюцца тысячы ахвотных і дасведчаных адмыслоўцаў розных галін медычных навук. Агенцтва Optimus Work аб’явіла, што ў іхнай базе знаходзіцца 200 лекараў, у асноўным з Украіны, але і 20% беларусаў. Большасць з іх – гэта прафесары і людзі з доўгім працоўным досведам. Галоўнай матывацыяй для іх з’яўляецца заробак. У Польшчы яны могуць атрымаць у 3-4 разы больш, чым на радзіме. Некаторым з іх адразу прапануюць 15-20 тысяч злотых (5-6 тысяч долараў у эквіваленце).
Пакуль польскія афіцыйныя ўстановы рыхтуюцца да прагляду заявак, каб увесь працэс прыняцця лекараў з Усходу прайшоў у адпаведнасці з польскім і еўрапейскім заканадаўствам. Аднак, у сувязі з новымі правіламі не ўсе польскія лекары задаволеныя. Яны баяцца, што іх спрабуюць замяніць калегамі, якія прыедуць з-за мяжы, і працэс адукацыі якіх мог адрознівацца ад таго, які ёсць у Польшчы і Еўразвязе. У гэтым пытанні выказвалася нават Галоўная лекарская палата, аб’яднанне польскіх урачоў, якая падкрэслівае, што хуткае прыняццё на працу калег з Усходу можа пашкодзіць польскім пацыентам з-за розніцы ў медычнай практыцы ў Польшчы і ў замежжы.
Dziennik Gazeta Prawna/аев