Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Палякі згодныя прышчапіцца, але не бясплатна

29.12.2020 13:07
32% апытаных сказала, што для таго, каб яны прынялі прышчэпку, ім трэба будзе даць больш за 1000 злотых.
Здымак мае ілюстрацыйны характарPAP/Leszek Szymański

У Польшчы не спыняецца шквал пытанняў, звязаных з пачаткам працэсу вакцынацыі супраць COVID-19. Сістэма заахвочванняў, запрапанаваная ўрадам Польшчы, не працуе – чытаем у выданні Gazeta Wyborcza. Сёння былі апублікаваныя чарговыя вынікі апытання наконт гатоўнасці вакцыніравацца. У Польшчы колькасць людзей, якія хочуць прышчапіцца, і тых, хто адмаўляецца ад вакцынацыі, прыблізна аднолькавая – 45%. Самай вялікай праблемай для неахвотных з’яўляецца магчымае рызыка, звязаная з вакцынай. Яны найчасцей падкрэсліваюць, што пакуль невядома, якія пабочныя эфекты вакцына дасць у будучыні.

Урад Польшчы ў рамках папулярызацыі вакцынацыі запрапанаваў некалькі магчымых ільготаў для прышчэпленых. Яны маглі б падарожнічаць за мяжу і вяртацца без абавязковага каранціну, карыстацца бясплатна ды нават без чаргі медычнымі паслугамі, станавіцца на ўлік ў дамы сацыяльнай апекі, а таксама на прышчэпленых не распаўсюджваліся б сацыяльныя абмежаванні. Гэтыя прапановы не задавальняюць аднак палякаў, якія не змянілі свайго стаўлення да прышчэпак, а сярод тых, хто супраць вакцынацыі, ажно 74% кажа, што ніякія заахвочванні з боку ўраду не зменяць іх стаўлення. Сярод тых, хто дапускае змену свайго погляду, большасць людзей дэкларуе, што прышчапіліся б у выпадку, калі б ім заплацілі. Пры чым «цана» такога рашэння вагаецца ад 200 да 1000 злотых. Паводле адмыслоўцаў, такі падыход сведчыць аб вялікай безадказнасці людзей.

Іншымі прычынамі магчымай змены стаўлення да прышчэпак з’яўляецца дазвол не хадзіць у масках на вуліцы, а таксама падатковыя льготы. Ёсць палякі, якіх магла б пераканаць магчымасць пазбягаць каранціну пры кантакце з хворымі. Разам з надыходам канікул і фактам, што некаторыя дзяржавы раглядаюць магчымасць увесці дазвол на ўезд толькі прышчэпленым, з надыходам лета людзі зменяць сваё стаўленне да вакцынацыі. Гэта некаторыя з магчымасцяў развіцця падзей, а калі вернемся да «нармальнага ладу жыцця», залежыць ад хуткасці і эфектыўнасці працэсу.

Gazeta Wyborcza/аев