Беларуская Служба

Лёс вязняў-дзяцей – лейтматыў адзначэння 76-ай гадавіны вызвалення Асвенціма

26.01.2021 15:26
На падставе ацэначных дадзеных мяркуецца, што ў лагер дэпартавана было не менш за 232 тыс. дзяцей і непаўналетніх.
Auschwitz-Birkenau
Auschwitz-BirkenauФота: Jose Blasco Pitarch/Shutterstock

Асноўным матывам адзначэння 76-ай гадавіны вызвалення нямецкага лагера смерці Аўшвіц-Біркенау стане лёс яго малых вязняў – дзяцей, якія былі дэпартаваныя ў яго ці нарадзіліся ў ім. У Асвенціме жыццё страцілі больш за 200 тысяч малых габрэяў, палякаў, цыганаў, беларусаў, рускіх, пішуць на польскім партале гістарычнай тэматыкі dzieje.pl.

Польскі Гісторык Хелена Кубіца заявіла, што нацысты адпраўлялі ў лагер дзяцей і непаўналетніх у сілу розных прычын: габрэяў – у рамках акцыі татальнага знішчэння, цыганаў – дзеля ізаляцыі і далейшага знішчэння, палякаў – за ўдзел у руху супраціву, беларусаў і іншых грамадзян СССР – у адплату за партызанскую дзейнасць.

Кубіца адзначыла, што дакладную колькасць дзяцей, дэпартаваных у лагер, усталяваць цяжка. «Асноўная цяжкасць (...) заключаецца ў тым, што гітлераўцы, усведамляючы цяжар сваіх злачынстваў, старанна прыхоўвалі іх», – пісала яна ў працы, прысвечанай самым маладым ахвярам нямецкага лагера смерці Асвенцім.

На падставе ацэначных дадзеных мяркуецца, што ў лагер дэпартавана было не менш за 232 тыс. дзяцей і непаўналетніх, з якіх каля 216 тыс. складалі габрэі, 11 тыс. ромы, 3 тыс. палякі, больш за 1 тыс. беларусы і некалькі сотняў рускіх, украінцаў ды іншых. У студзені 1945 года на тэрыторыі Асвенціма было вызвалена крыху больш за 700 дзяцей і падлеткаў.

Некаторыя дзеці выжылі, хоць іх шлях да свабоды быў звязаны з кашмарам. Хана Новакава з дому Сайнэр трапіла ў лагер з гета ў Тэрэзіне. «Брата і мяне, блізнят, абраў для эксперыментаў доктар Мэнгеле. Нам сказалі, што хто хоча, хай дае яму справаздачу – і гэта, я думаю, выратавала мне жыццё. У нас даследавалі колер вачэй, валасоў, адбіткі пальцаў, кроў. Ва ўзнагароду мы двойчы атрымлівалі 10 кубікаў цукру. (... ) Помню, што калі мне не дазволілі пайсці да мамы, я жудасна плакала», – успамінала жанчына, якая страціла ў Асвенціме бацькоў і бабулю.

Нацысты ў Асвенціме забівалі і нованароджаных. Да сярэдзіны 1943 года ўсе народжаныя дзеці, незалежна ад нацыянальнасці, забіваліся, часцей за ўсё ін'екцыяй фенолу або спаленнем. Пазней у жывых заставаліся «негабрэйскія» нованароджаныя – іх заносілі ў лагерны ўлік, як новапрыбылых, а турэмныя нумары звычайна татуірываліся ў іх на сцягне ці ягадзіцы. З-за жудасных умоў, якія склаліся ў лагеры, большасць з іх хутка памірала. Дзеці, народжаныя габрэйскімі жанчынамі, забіваліся аж да канца кастрычніка 1944 года, калі ўлады СС прынялі рашэнне спыніць масавае знішчэнне габрэяў.

Некаторых з “негабрэйскіх” дзяцей немцы лічылі «расава каштоўнымі». Іх накіравалі ў германізацыйныя цэнтры. Некаторыя старэйшыя хлопчыкі былі занятыя на розных працах, асабліва ў другой палове 1944 года, калі попыт на працоўную сілу ў ІІІ Райху істотна павялічыўся. 

Дзеці, вызваленыя ў Асвенціме, былі вельмі знясіленыя, у некаторых з іх былі абмарожаныя канечнасці. Пасля абследавання 180 дзяцей ва ўзросце ад 6 месяцаў да 14 гадоў высветлілася, што 60% хварэлі авітамінозам і высільваннем арганізма, 40% цярпелі на туберкулёз, і ўсе яны мелі недастатак вагі ад 5 да 17 кг. 

Напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр Галакосту, які адзначаецца штогод 27 студзеня – у дзень вызвалення нямецкага лагера смерці Аўшвіц-Біркенау - польскі партал dzieje.pl. прыгадаў трагічны лёс самых малых яго вязняў.

эж