Час пандэміі спрыяе зменам прызвычаенняў рознага тыпу. На працягу апошніх тыдняў мы гаварылі пра новыя тэндэнцыі ў транспарце і міжлюдскіх адносінах. Сёння паразмаўляем пра харчаванне.
І так, з часу першага лакдаўну, які пачаўся ўжо амаль год таму, на прадуктовым рынку адбылося шмат зменаў. Бадай больш чым за папярэдняе дзесяцігоддзе. На гэта паўплывала некалькі фактараў. Па-першае, людзі спужаліся новай рэчаіснасці: у крамах апусцелі паліцы, бо ўсе скуплялі грэчку, макароны і прадукты з доўгім тэрмінам захоўвання. Доктар Юстына Арлоўская з Дзяржаўнага цэнтра па зменах клімату разам са сваімі калегамі даследавала змены ў захаванні палякаў у часе пандэміі, у тым ліку ў спажывецкай галіне. Аказалася, што вынікі неадназначныя:
-Усе тры трэнды бачныя ў нашых даследаваннях - гэта як адсутнасць зменаў у параўнанні з перыядам да пандэміі і лепшае выкарыстанне харчавання, так і горшае. Найчасцей людзі адказвалі, што лепш выкарыстоўваюцца прадукты менш чым перад пандэміяй. Гэта адбываецца таму, што няма спантанных выхадаў у пункты грамадскага харчавання. І ў выніку няма сітуацыі, што нам захацелася з’есці нешта ў горадзе, а хатні абед змарнуецца. Усё стараемся есці да канца, марнуем значна менш, бо невядома, калі наступны раз будзе магчымасць пайсці ў краму або як увогуле гэта запланаваць. Гэтаму спрыяла таксама тое, што шмат людзей увогуле пачалі планаваць свае пакупкі і рабіць спісы патрэбных рэчаў. На маю думку, гэта часткова праходзіла на фоне нашага досведу з камуністычных часоў, страху перад стратай дабрабыту з дня ў дзень. Гэты страх спрыяў ашчаднаму планаванню спажывання і лепшаму выкарыстанню прадуктаў.
Пошук новых магчымасцяў у харчаванні, часцейшае прыгатаванне ежы дома за кошт кафэ і рэстаранаў спрычыняцца і да развіцця новых бізнес-праектаў і ідэй па выкарыстанні прадуктаў. Адной з ідэалогій, датычных больш свядомага спажывання, з’яўляецца так званы харчовы суверэнітэт. Яго галоўнай мэтай з’яўляецца вызваленне прадукцыі прадуктаў харчавання ад уплыву карпарацый і дзяржаваў, якія перш за ўсё грашова падтрымліваюць масавую сельгаспрадукцыю за кошт маленькіх фермаў і індывідуальных гаспадарак. Гэта прама ўплывае на тое, што вялікія фермы могуць прадаваць сваю прадукцыю танней і ў вялікім маштабе, бо частка іх вытворчага працэсу фінансуецца грантамі. Пра гэта расказала Марта Лукоўская з праекту Nyeleni Polska:
-Важна зразумець, адкуль у супермаркетах нізкія цэны. Ці гэта сапраўды мала каштуе? Калі кажам пра супермаркеты, то часцей за ўсё кажам пра сітуацыю, калі фермер, які хоча пастаўляць сваю прадукцыю ў краму, павінен быць дастаткова буйным прадпрымальнікам, каб выканаць чаканні і ўмовы кантракту па дастаўцы тавараў у вялікай колькасці. Прычым, напрыклад, агародніна павінна мець адпаведны выгляд. Варта памятаць, што ў прыродзе маркоўка не выглядае так як у краме. Нават калі сёння сеткі ўвайшлі ў «greenwashing» і прадаюць, скажам так, неідэальныя прадукты, то гэта не мяняе факту, што супермаркеты ў нейкім сэнсе нішчаць рынак і малых вытворцаў. А адкуль бяруцца нізкія цэны? Яны бяруцца адтуль, што буйныя пастаўшчыкі субсідуюцц намі праз дзяржаўныя ды еўрапейскія праграмы. Мы плацім за прадукты падчас пакупак толькі часткова – за іх плацім таксама за пасярэдніцтвам нашых падаткаў, з якіх ідуць грошы на датацыі сельскай гаспадаркі. Кошт сельнасдатацый з фондаў ЕС - гэта трэцяя частка ўсіх выдаткаў структуры. Зразумела, грошы ідуць з нашых падаткаў.
У такой сітуацыі пандэмічны час можа надалей знішчаць малы бізнес, бо людзі, якія сталі рабіць больш буйныя пакупкі, але раз у тыдзень ці радзей, за імі ездзяць у супермаркеты, а не купляюць у мясцовых прадаўцоў. Інакш сітуацыя выглядае ў меншых населеных пунктах – там людзі купляюць у лакальных вытворцаў.
Адначасова сярод трэндаў адзначаецца папулярнасць прадуктаў расліннага паходжання. У Польшчы за 2020 год значна ўзраслі продажы замяняльнікаў мяса і малочных прадуктаў, што ствараюцца з раслінаў.
Альберт Ежы Вяжбіцкі