Беларуская Служба

Валанцёрка з Беларусі: у маладых палякаў няма ўяўлення пра Беларусь

23.02.2021 17:55
Лізавета Фалькоўская праводзіць майстар-класы ў рамках міжкультурнага дыялогу.
Аўдыё
   .
Польская Фундацыя імя Р. Шуманафота: http://schumanvolunteers.pl

Польская Фундацыя імя Роберта Шумана – арганізацыя трэцяга сектару, якая галоўнай мэтай сваёй дзейнасці лічыць уцягванне грамадзян у працэс аб’яднання еўрапейскіх краін. Яна прасоўвае ідэю еўрапейскай інтэграцыі, паказвае карысць, якую гэта нясе грамадствам і асобна ўзятым людзям. У рамках працы фундацыі існуе праграма «Міжкультурны дыялог». Гэта майстар-класы для моладзі, школьнікаў, падчас якіх валанцёры з розных краін, у тым ліку тых, якія не ўваходзяць у Еўрапейскі Саюз, расказваюць пра сваю краіну, але таксама праводзяць сустрэчы на іншыя тэмы, якія могуць хваляваць маладых людзей.

Мы паразмаўлялі з валанцёркай фундацыі Шумана Лізаветай Фалькоўскай, якая прыехала з Беларусі. Яна распавяла нам пра сустрэчы ў рамках праграмы.

- Тэмы могуць быць самыя розныя, не толькі датычныя канкрэтных краін. На прыклад, майстар-класы могуць датычыць псіхалагічнага здароўя, як клапаціцца пра яго ў часы пандэміі. Тэматыка менш важная, чым сама сустрэча са школьнікамі. Часцей за ўсё гэта сустрэчы ў невялікіх гарадах, дзе ў моладзі няма магчымасці размаўляць з замежнымі студэнтамі, паразмаўляць па-ангельску. Гэта важна, каб яны ўбачылі людзей з іншых краін, паразмаўлялі з імі, распавялі пра сябе. Нават пра Беларусь, якая – блізкая суседка Польшчы, маладыя людзі мала ведаюць. Здараецца, што яны здзіўленыя маімі словамі, кажуць: «О, цікава, а мы чулі зусім іншае».

Нягледзячы на суседства Беларусі і Польшчы, палякі мала ведаюць пра жыццё за ўсходняй мяжой. Гаворка ідзе нават не пра стэрэатыпы, а агулам адсутнасць якога-небудзь уяўлення, – кажа наш госць.

- Я б не сказала, што ў іх стэрэатыпнае ўяўленне пра Беларусь. У іх агулам няма ніякага бачання. На пачатку сустрэчы я прашу, каб удзельнікі ўвайшлі ў прыкладанне і напісалі некалькі слоў, з якімі асацыюецца Беларусь. Гэта пераважна «Лукашэнка, пратэсты, прыгожая краіна». Нельга сказаць, што ў іх толькі негатыўныя асацыяцыі, але бачна, што няма канкрэтнага ўяўлення, якая Беларусь. «Прыгожая» можна сказаць практычна пра кожную краіну.

Часам самі школьнікі падказваюць, пра што яны хацелі б пачуць, як выглядае жыццё ў іншых дзяржавах, – гаворыць Лізавета.

- Мы тэмы выбіраем самі, але здараецца, што нашы іншыя валанцёркі, якія працуюць у школах, чуюць ад школьнікаў, што яны хацелі б даведацца, як выглядаюць калядныя традыцыі ў іншых краінах. Тады мы разам сядаем, абмяркоўваем, як можна было б правесці сустрэчу. Галоўная мэта – дыялог, культурнае ўзаемадзеянне, у нейкай ступені таксама прасоўванне еўрапейскіх каштоўнасцяў. Фундацыя Шумана гэтым таксама займаецца. Яе галоўная задача – прасоўванне еўрапейскіх каштоўнасцяў, ідэі інтэграцыі еўрапейскіх дзяржаў.

Тлумачэнне палітычнай сітуацыі ў Беларусі не з’яўляецца галоўнай задачай гэтых сустрэч, але ў сувязі з вельмі напружаным становішчам у краіне пасля выбараў прэзідэнта 9 жніўня, немагчыма не закрануць палітычную тэматыку, – адзначае Лізавета Фалькоўская.

- Фундацыя Шумана стараецца быць апалітычнай, але цяпер немагчыма казаць пра Беларусь і зусім пры гэтым не закранаць палітычную сітуацыю. Таму я стараюся быць аб’ектыўнай, не паказваць, які бок я падтрымліваю, хаця, думаю, гэта ўсім зразумела. У маіх словах напэўна можна пачуць гонар за людзей, якія выйшлі на пратэсты. Я пра беларусаў расказваю з захапленнем.

Лізавета мае ўжо вопыт працы з замежнікамі, яна праводзіла падобныя сустрэчы ў Германіі. Я папрасіла яе параўнаць стаўленне да Беларусі ў Германіі і Польшчы.

- У Германіі я праводзіла такія сустрэчы часцей не для немцаў, а для замежных студэнтаў. Было шмат моладзі з Еўропы, былі студэнты з Індыі, з Лацінскай Амерыкі. Там людзі агулам нічога не ведалі пра Беларусь. Непаразуменні ўзнікалі нават з самой назвай дзяржавы. Раней па-нямецку Беларусь называлася Weißrussland (Белая Расія), а пазней змянілі на наш правільны назоў Belarus. І часта, калі я прадстаўлялася, людзі не разумелі, адкуль я, перапытвалі. Для слухачоў усё было ў навінку. У іх адно ўяўленне – Усходняя Еўропа, усё ў адзін кацёл. Мы ладзілі тэматычныя вечарынкі, прысвечаныя нейкай краіне. Я вельмі хацела расказаць пра Беларусь. Аднак было відаць, наколькі меншае зацікаўленне Беларуссю, чым такімі еўрапейскімі дзяржавамі, як Францыя ці Італія. Арганізатары мяне папярэджвалі «Ты ж разумееш, што людзі хутчэй будуць слаба зацікаўленыя». Я адказвала, што я разумею, але і так было крыху сумна. Але прыйшлі тыя, хто сапраўды хоча паслухаць пра краіну. І тыя, хто прыйшоў, вельмі дзякавалі, казалі, што цікава. Я думаю, што калі б я зладзіла такую сустрэчу другі раз, прыйшло б значна больш людзей. У такія моманты я разумею, што такая дзейнасць неабходная.

слухайце аўдыё

нг