Ці думалі вы як святкуецца Вялікдзень у далёкай Бразіліі?
Аб гэтым распавядзе нам падарожніца і блогерка Юліта Рэнкавэк, у якой атрымалася магчымасць быць на Вялікдзень сярод польскай дыяспары менавіта ў Бразіліі.
- У 2015 годзе я паехала ў Бразілію. Першапачаткова планавала, што застануся два тыдні, але канчаткова атрымалася 7 месяцаў. І якраз я трапіла на Вялікдзень. Мае знаёмыя, бразільцы польскага паходжання, запрасілі мяне ў «сталіцу бразільскіх палякаў», у горад Курытыба, на звычайны польска-бразільскі Вялікдзень. Спачатку мне не вельмі спадабалася гэтая прапанова, таму што хацелася паглядзець тыповы бразільскі Вялікдзень. Але тое, што я ўбачыла ў Курытыбе, мяне зачаравала! І гэта зразумела, бо гэта была польска-бразільская сумесь з традыцыйнымі польскімі элементамі. Для прыкладу, выступалі польскія народныя калектывы ў цудоўных касцюмах, танцавалі польскія танцы. Дарэчы, аднаму з калектываў споўнілася 100 гадоў. Карані польскай дыяспары ў Бразіліі сягаюць ХІХ стагоддзя. Першыя палякі прыбылі ў Бразілію ў ХVІІ стагоддзі, але пік эміграцыі палякаў выпаў на ХІХ стагоддзе. Да канца Першай сусветнай вайны ў паўднёвай частцы Бразіліі жыло ўжо 150 тысяч бразільцаў польскага паходжання. Умоўнай сталіцай з'яўляецца Курытыба. Мяркуецца, што там жыве 800 тыс., да 1,5 млн палякаў. Курытыба – адміністрацыйны цэнтр штата Парана, а ў Паране кажуць, што ў кожнага 10-га жыхара -польскія карані. Там Вялікдзень палякі адзначаюць у суботу. У суботу сустракаюцца бразільцы польскага паходжання.
Палякі разам адзначаюць Вялікдзень у суботу
- У Курытыбе ёсць вялікі парк, які называецца Парк імя Яна Паўла Другога. Там усе сустракаюцца. Нясуць з сабой свянцонкі, так як у нас у Польшчы, з пісанкамі і, зразумела, з бразільскімі прадуктамі ў польскім афармленні. Мы разам з маёй сяброўкай Флявіяй фарбавалі яйкі ў цыбуліным шалупінні і ў бураках. Я ўжо гэтак не раблю, а там мяне гэта захапіла. Усе кошычкі ставяць каля сцэны. Іх сотні! Я думаю, што ўся дыяспара прыйшла туды святкаваць. На сцэне з прамовамі выступілі прадстаўнікі польскай дыяспары і фальклорныя калектывы ў шыкарных касцюмах. Яны спяваюць па-польску. Дарэчы, мноства людзей валодае і размаўляе на польскай мове. Для мяне гэта было нечаканасцю. Бразільская польская дыяспара зʼяўляецца другой буйнейшай у свеце пасля амерыканскай. У гэтым парку пастаянна гучала польская мова.
Яшчэ пра кошычкі са свянцоным... Ці іх свенцяць у парку ці прыносяць ужо пасвенчанымі?
- Не, іх свенцяць у гэтым жа парку, служыцца імша. Кошычкі потым забіраюць дахаты, гэтак жа як у Польшчы. Гады таму, калі польскія эмігранты прыбылі ў Бразілію, дык жылі яны тыпова па-польску. Людзі сяліліся ў ізаляваных месцах, далёка ад буйных гарадоў. Значная частка перасяленцаў культывавала выключна польскія традыцыі, а цяпер яны моцна стараюцца падтрымліваць гэтыя традыцыі. Яны лічаць сябе бразільцамі польскага паходжання і вельмі гэтым ганарацца.
Гэта вялікая супольнасць з моцным памкненнем адзначаць Вялікдзень па-польску, у польскім духу. Было бачна іх адзінства?
Так, я гэта ўбачыла. Было бачна, што яны вельмі ганарацца сваім паходжаннем і адчуваюць адзінства і супольнасць. Яны памятаюць пра свае карані. Дарэчы, сярод маладых вельмі папулярна вучоба ў ВНУ ў Польшчы: мае сябры Флявія і Фабрысіё вучыліся ў Польшчы, а Фабрысіё нават атрымаў кандыдацкую ступень. Іх бацькі звярталі вялікую ўвагу на тое, каб яны ведалі свае карані, мову, традыцыі....
Ці для польскай дыяспары ў Бразіліі, якая, як вы кажаце, ведае традыцыі сваіх продкаў, таксама як у Польшчы вялікае значэнне адыгрывае велікодны сняданак?
- Мы якраз на сняданак паехалі ў зусім іншае месца. Я думаю, што для іх найважнейшая субота. Нядзелю яны святкуюць дома з роднымі. І гэта своеасаблівая польска-бразільская сумесь. Флявія рыхтавала тыпова польскія стравы, напрыклад, пякла розныя мясныя стравы. Але бразільцы на Вялікдзень ахвотна вандруюць, напрыклад, наведваюць невялікія населеныя пункты, у якіх па-іншаму адзначаюць гэтае свята, чым у гарадах. Мы паехалі ў мясцовасць Махэтэс, дзе нас пачаставалі бразільскім сняданкам – морапрадуктамі і папулярнай у штаце Парана стравай баррада: гуляшом, які тушаць 12 гадзін у гліняным посудзе. Ён складаецца з розных гатункаў мяса, але перш за ўсё з ялавічыны з дадаткам банана. Папулярнай у Польшчы сырой і пазней адваранай каўбасы, як у нас, не было. Няма магчымасці яе купіць. Калі я жыла ў Сан-Паўлу, то шукала каўбасу ў польскім стылі, каб пачаставаць маіх знаёмых. Знайшла хрэн, але ў японскім раёне. А польскую каўбасу прыйшлося замяніць італьянскай. Цяжка купіць тыпова польскія прадукты. Вялікодныя стравы крыху адрозніваюцца ад тых у Польшчы. Але можна пачаставацца польскімі варэнікамі з мясам і бульбай і абавязкова – з соусам з шампіньёнамі. Гатуюць бігас і пончыкі з начынкай гаябада – то бок з пладоў гуавы.
Хачу яшчэ вярнуцца да варэнікаў. Уладальнік невялікай кропкі па продажы варэнікаў быў запрошаны ў праграму буйнейшай телестанцыі GLOBO. Пан Тадэвуш, бо гэтак яго звалі, ужывую гатаваў варэнікі і пасля гэтай праграмы стаў мясцовай зоркай. З таго часу бразільцы ведаюць, што такое польскія варэнікі, і цяпер можна іх купіць нават у супермаркетах у Сан-Паўлу.
А тыповаы бразільскі Вялікдзень чым адрозніваецца ад польскага?
- Кантраст вялізны! Калі я была ў Сан-Паўлу, то мясцовыя бразільцы рыхтаваліся да Вялікадня зусім па-іншаму. Тыповы бразільскі Вялікдзень у мяне асацыюецца з вялізарнымі шакаладнымі яйкамі, якія стаялі ў кожным супермаркеце і каштавалі вялізныя грошы. А яшчэ -салодкая страва – пасока чамайдойм. Гэта салодкая маса на базе арэхаў, цукру і мукі з маніёка. Але я на Вялікдзень паехала ў рэгіён, дзе жывая польская традыцыя і дзе людзі з польскімі каранямі вельмі важным лічаць польскую мову і тое, каб на гэтай мове размаўляць.
Гутарыла Эва Плісецка