Беларуская Служба

Аляксандра Герасіменя: Крымінальная справа супраць мяне – гэта вынік працы фонду

07.04.2021 18:16
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць кіраўнікоў Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна.
Аўдыё
  • Аляксандра Герасіменя: Крымінальная справа супраць мяне – гэта вынік працы фонду
Аляксандра Герасіменяфота: BSSF/Belarusian Sport Solidarity Foundation

Справа распачата па артыкуле «Заклікі да здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі ці глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт».

Выканаўчы дырэктар фонда Аляксандр Апейкін адзначае, што пачатак крымінальнай справы дзіўным чынам супаў са стартам апошняй кампаніі фонду #СборнаяЗОЖ. Апейкін мяркуе, што гэта і стала галоўным штуршком. У рамках кампаніі беларусам прапануецца адмовіцца ад пакупкі тытунёвых і алкагольных вырабаў не толькі для здароўя, але і таму, што гэтая вытворчасць складае велізарную частку даходаў у бюджэт, з якога фінансуюцца гвалт і насілле.

Аляксандр Апейкін сказаў на прэс-канферэнцыі, што падыходзіць да ўзбуджэння крымінальнай справы з іроніяй:

- Мы да гэтага ставімся з дастаткова вялікай іроніяй. Завядзенне гэтых крымінальных спраў, па сутнасці, ціск на нас, як удзельнікаў міжнароднага алімпійскага руху, прадстаўнікоў вялікай колькасці свабодных спартоўцаў Беларусі. Мы ўжо рыхтуем адпаведную заяву ў Міжнародны алімпійскі камітэт.

Старшыня Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці, алімпійская чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя называе завядзенне крымінальнай справы незаконным, паколькі беларускія ўлады, у прыватнасці Аляксандр Лукашэнка, нелегітымна ўтрымліваюць уладу. У сувязі з гэтым, іх дзеянні таксама незаконныя.

Завядзенне крымінальнай справы – гэта вынік працы фонду, гаворыць Аляксандра Герасіменя:

-Перанос Чэмпіяната міру па хакеі, Чэмпіаната света па пяцібор’і, Чэмпіяната па футболе для дзяўчын да 19 гадоў, а таксама іншыя дасягненні фонду. Таксама санкцыі ў дачыненні да беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Крымінальныя справы супраць нас – гэта таксама адказ МАКу, такі своеасаблівы пляскач ім праз нас.

Аляксандра Герасіменя нагадала, што фонд створаны не для таго, каб знішчаць, як думаюць беларускія ўлады. Асноўная мэта фонду – гэта падтрымка спартоўцаў, спартыўных функцыянераў і менеджараў, якія падвяргаюцца рэпрэсіям, і якія апынуліся па-за нацыянальнай зборнай.
За час працы фонду былі выплачаныя больш за 130 тысяч еўра дапамогі, аказана падтрымка больш 130 спартоўцам і спартыўным функцыянерам.

Праца фонду не спыняецца. Цяпер актывісты працуюць над пераносам з Беларусі Чэмпіяната Еўропы па велатрэку. Старшыня Еўрапейскага веласіпеднага саюза Энрыка Дэла Каса не пагадзіўся перанесці спаборніцтва з Беларусі. Па-першае, ён спаслаўся на падпісаны кантракт. Таксама, паводле старшыні саюза, усе прэтэнзіі Міжнароднага алімпійскага камітэту ў бок беларускага НАКу скасаваныя, а праблемы па дыскрымінацыі беларускіх спартоўцаў адсутнічаюць. Ну і ўрэшце, Энрыка Дэла Каса спаслаўся на лепшую эпідэміялагічную сітуацыю ў Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі.

Кіраўнік міжнароднага дэпартамента Фонда спартыўнай салідарнасці Вадзім Крывашэеў кажа, што тлумачэнні Еўрапейскага веласіпеднага саюза здзіўляюць і абураюць.

-Усе разумеюць, змены якія адбыліся – касметычныя. У цэлым яны ніяк не памянялі сітуацыю. Тое, што МАК не прызнаў выбар Віктара Лукашэнкі, гэта пацвярджае. Усе санкцыі захаваныя. Гэта перш за ўсё кажа пра тое, што ніякіх пазітыўных змен не адбылося.

Паводле Вадзіма Крывашэева, Еўрапейскі веласіпедны саюз не паважае і не разумее праблем беларускіх удзельнікаў спаборніцтва, якія прыехаўшы з-за мяжы ў Беларусь сутыкнуцца з новымі праблемамі. Таксама няма ніякіх пацверджаных фактаў, якія дазвалялі б сцвярджаць пра лепшую эпідэміялагічную сітуацыю ў Беларусі.

Актывісты Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці адзначаюць, што такое рашэнне веласіпеднага саюзу дыскрэдытуе сам звяз. Фонд не спыніць намаганняў, каб Чэмпіянат Еўропы па велатрэку ўсё ж перанесці з тэрыторыі Беларусі. Накіраваныя больш за 300 асабістых зваротаў еўрадэпутатам, накіраваныя звароты ўсім партнёрам Еўрапейскага веласіпеднага саюзу.


ав