12 красавіка споўнілася роўна 60 гадоў пасля палёту першага чалавека ў космас. Герой гэтай падзеі – касманаўт Юрый Гагарын – да нашых часоў застаецца ў вялікай ступені загадкай. Ён быў прадуктам халоднай вайны, марыянеткай сістэмы, а можа, яе ахвярай? Такімі пытаннямі задаецца выданне Polityka.
Народжаны ў глухой беларускай вёсцы Клушына Юрый Гагарын стаў героем свайго часу. Палёт у космас праславіў яго на цэлы свет. Дзякуючы гістарычнаму палёту, які працягваўся 108 хвілін, ён стаў на самой справе самым вядомым чалавекам на Зямлі. Праўда, не ўсё пайшло так, як было запланавана. Касманаўт прызямліўся на парашуце шмат кіламетраў ад вызначанага месца. Першай яго заўважыла калгасніца Ганна Токтарава, якая вяла карову на луг. Яна хацела пачаставаць касманаўта малаком, але той толькі папрасіў паказаць яму бліжэйшы тэлефон. Неўзабаве агенцтва ТАСС паведаміла, што ў СССР адбылася гістарычная падзея – упершыню чалавеку ўдалося ўбачыць Зямлю з космасу.
Афіцыйная версія біяграфіі Гагарына асноўваецца на схеме чыстага, наіўнага маладога чалавека, які зрабіў гістарычны крок у космас, але потым да канца жыцця яму прыйшлося адыгрываць ролю ў прадстаўленні, сцэнар якога пісаў хтосьці іншы. З-за гэтага ўсяго вельмі цяжка сказаць, якім на самой справе быў самы славуты касманаўт. Тым больш, што савецкая машына прапаганды пачала працаваць поўнай парай адразу пасля таго, як касмічны карабель вярнуўся на Зямлю. Падчас замежных падарожжаў Гагарыну прыходзілася быць перш за ўсё амбасадарам сацыялізму. У сваю чаргу, заходнія журналісты прабавалі яго правакаваць, напрыклад, калі ён купляў лялькі для дачок, пыталі яго, ці ў Савецкім Саюзе бракуе цацак для дзяцей. З іншага боку, ён не мог зрабіць кроку, каб не наткнуцца на сваіх «апекуноў».
Людзі з усяго Савецкага Саюзу пісалі Гагарыну лісты, высылалі самыя разнастайныя просьбы, прасілі дапамагчы раздабыць талон на аўтамабіль, месца ў шпіталі або кватэру. Ён, канешне, не мог адказаць на ўсе гэтыя спадзяванні. Ці з-за стрэсу пачаў піць, ці з-за гэтага паявіліся праблемы ў сям’і? Жонка дрэнна пераносіла славу.
Шмат таямніц навокал авіякатастрофы, у якой загінуў Гагарын 27 сакавіка 1968 года. Хадзілі чуткі, што ён быў п’яны, калі садзіўся за штурвал самалёту, што змяніў курс, каб паляцець у Ташкент на футбольны матч, што славуты касманаўт стаў праблемай і трэба было яго ліквідаваць. У адным можна быць упэўненым – Гагарын не быў пілотам вышэйшага класу, яму магло не хапіць вопыту.
нг