Беларуская Служба

Беларускамоўны TikTok стаў новай крыніцай прасоўвання мовы

24.04.2021 12:34
Беларуская мова жыве і будзе жыць. Яна з’яўляецца ва ўсё новых сацсетках і здабывае папулярнасць сярод маладых карыстальнікаў Інтэрнэту. На іх менавіта скіраванае новае шоў праекту «Годна», які будзе ажыццяўляцца часткова ў YouTube, часткова ў TikTok.
 TikTok
Лагатып TikTokPAP/Petr Svancara

Паколькі да прысутнасці беларускамоўнага кантэнту ў YouTube мы ўжо прывыклі, так для многіх можа паказацца нечаканасцю яе з'яўленне і папулярнасць у сэрвісе, які за апошнія месяцы здабывае сэрцы і смартфоны маладых людзей. TikTok– гэта прыкладанне, дзе змяшчаюцца кароткія ролікі, даўжынёй да хвіліны. Яны звычайна змяшчаюць мемы, гумарыстычны кантэнт, кароткія звесткі і цікавосткі пра свет. Чым цікавей, чым больш праглядаў і «сэрцаў» збярэ ваш ролік, тым больш людзей убачыць вашую «прадукцыю» ў будучым, дзякуючы алгарытмам прыкладання.

Для людзей, якім цікава ствараць па-беларуску прапануецца хэштэг #годнытыкток, які анансаваўся на ютуб-канале праекту «Годна»:

-Ствараць кантэнт на беларускай мове, каб натхняць іншых ужываць яе, а можа нават самаму спрабаваць запіліць відосік па-беларуску – гэта і ёсць лепшае выкананне запавета Францішка Багушэвіча. І рабіць такі кантэнт можна з лёгкасцю ў тыктоку, бо ўсё што вам патрэбна – гэта ідэя для відэа і тэлефон. Voila – можна здымаць. Прынамсі я ведаю як мінімум 29 беларускамоўных тыктокераў. Сярод іх Тутэйшы шляхціч, Фенікава пальма, Вельмі разумная, Зорка Венера і іншыя. І гэта толькі пачатак. Мы з камандай «Годна» падрыхтавалі для вас шоў на YouTube, чэленджы ў TikTok, разыгранкі, а таксама шмат іншага, беларускамоўнага кантэнта. Сутнасць проста: чацвёра беларускамоўных тыктокераў удзельнічаюць у нашым шоў-чэленджу выконваючы тэматычныя заданні. А мы ў сваю чаргу распавядаем аб працэсе, а таксама дапамагаем ім выконваць задуманае. Наша мэта – больш беларускамоўнага тыктока.

Шоў не толькі для тых, хто ўжо стварае, або марыць ствараць свае ролікі ў TikTok па-беларуску. Ён таксама для тых, хто не разбіраецца ў прыкладанні і не хоча заходзіць туды. Прысутнасць чэленджу ў YouTube дазволіць сачыць за TikTok… без TikTok. Нават у камандзе «Годна» ёсць людзі, якія не карыстаюцца TikTok, але з прыемнасцю будуць сачыць за падзеямі. Так пра свой погляд расказала нам адна з тэхнічных супрацоўніц праекту, Юлія:

-Шоў для такіх людзей як я, якія ў TikTok не сядзяць, ад слова, зусім. Таму што для мяне гэта проста чорная дыра, я там патану хутчэй чым вылезу. І таму мне ў YouTube было б цікава паглядзець, што адбываецца, хто там увогуле ёсць. І гэта таксама можа быць для старэйшых, напрыклад для пакалення нашых бацькоў, таму што яны не разумеюць што такое TikTok, але ведаюць. Не разумеюць, але цікавяцца. Гэта тое, што мы будзем паказваць у YouTube, а ў TikTok ужо свая справа. Але спадзяюся гэта будзе карысна менавіта для такіх людзей як я.

Паводле ідэі, сабраныя ролікі будуць публікавацца ў YouTube кожны раз, калі закончыцца чэлендж. У ім жа будуць розныя заданні і ўдзельнікі. Потым каманда «Годна» збярэ ўсе адказы на заданні і падсумуе іх на сваім канале. Такім чынам, вам не давядзецца спампоўваць прыкладанне, каб праглядаць усе ролікі. Фармат растлумачыў нам адзін са стваральнікаў праекту Усяслаў Пашкевіч:

-Хоць у нас відэа будзе ў YouTube, уся дзейнасць будзе базавацца ў самім TikTok. Тобок, у нас ёсць відэа ў YouTube на 10 хвілін, потым будуць розныя справаздачы пра тое, што ўвогуле адбываецца. Як ідзе шоў. Мы будзем ім дапамагаць усім, чым зможам удзельнікам у чэленджу. Будзем іх суправаджаць, дапамагаць з ідэямі, даваць заданні. І ўвесь рушняк будзе ў TikTok. Там мы таксама будзем публікаваць заданні. І ўдзельнікі і ўдзельніцы павінны выканаць гэтыя заданні самі, у TikTok, падпісваючы іх хэштэгамі.

Праект накіраваны не толькі на тое, каб сачыць і знаходзіць новыя зоркі беларускай інтэрнэт-прасторы, але таксама павышаць узровень іх прадукцыі і, канешне, прасоўваць беларускую мову, кажуць Усяслаў і Юлія:

-Увогуле наша ідэя гэта знайсці новыя таланты, новых беларускамоўных тыктокераў, каб пашыраць элементарна беларускую мову, каб з’яўляліся новыя беларускамоўныя тыктокеры. Каб натхняць людзей, падбухторваць іх, займацца гэтай дзейнасцю. Мы лічым, што праз TikTok, праз папулярныя платформы, сацсеткі, вельмі важна прасоўваць беларускую мову, таму што такім чынам можна сапраўды папулярызаваць яе.

-Я дадам, што мы павінны ім дапамагчы з абсталяваннем, з ідэямі, каб якасць іх кантэнту расла і ставалася ўсё больш вядомай.

Зацікаўлены? Спампуйце TikTok, спрабуйце ці ён вам падыходзіць. Калі так, трэба наладзіць сувязь з камандай «Годна» у TikTok, выконваць заданні і тады вы самі зможаце стаць зоркай беларускага Інтэрнэту. Што важна, рыхтуючы кантэнт для чэленджу, вы прасоўваеце беларускую мову і паказваеце, што яна гатова прысутнічаць у новых сацсетках на роўных правах з больш распаўсюджанымі мовамі!

 Альберт Ежы Вяжбіцкі