Беларуская Служба

Экспарт паслуг у Беларусі моцна церпіць з-за санкцый

18.06.2021 14:16
У бліжэйшы час сітуацыя можа пагоршыцца яшчэ больш. 
Аўдыё
  • Экспарт паслуг у Беларусі моцна церпіць з-за санкцый
Boeing 737-800
Boeing 737-800 авіякампаніі «Белавія»фота: авіякампанія «Белавія»

Санкцыі сектаральнага характару супраць Беларусі ўведзены ўпершыню. Пасля прымусовага прызямлення самалёту кампаніі Ryanair у Мінску санкцыі закранулі сектар авіяперавозак. Гэта яшчэ можа быць не канец, паколькі чарговыя сектаральныя санкцыі супраць Беларусі надалей абмяркоўваюцца, рашэнне можа быць прынята пад канец чэрвеня.

Уведзеныя санкцыі, а менавіта забарона авіязносін з Беларуссю, адносяцца да сферы экспарту паслуг. Менавіта на гэтую сферу Цэнтр сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus звяртае ўвагу ў першую чаргу. Чаму гэта так важна?

Дзмітры Бабіцкі з адзначае, што традыцыйна Беларусь мае адмоўнае сальда ў гандлі таварамі. У сваю чаргу ў гандлі паслугамі Беларусь часцяком мае станоўчае сальда.

-Менавіта гэтае дадатнае сальда дапамагае пакрываць Беларусі дэфіцыт у гандлёвым балансе. Таму гэтая сфера паслуг для краіны вельмі важная. Яна значна больш выгадная для Беларусі, чым гандаль таварамі. У нас экспарт паслуг стала расце. Таксама расце яго доля ў агульным экспарце. Апошнія санкцыі закранулі як палёт у Беларусь і з яе, так і транзіт. Такім чынам ужо ёсць некалькі каналаў, па якім Беларусь губляе ці недаатрымлівае сродкі. Першы з іх – гэта плата за пралёт праз паветраную прастору Беларусі. Гэта 50-60 мільёнаў у год. Краіна ўжо пачала губляць гэтыя сродкі.

Другі канал даходаў, якія Беларусь губляе ў выніку санкцый, гэта збор аэрапортаў. Дзмітры Бабіцкі звяртае ўвагу, што Беларусь займала вельмі важную ролю транзітнага хаба для авіяперавозак у Расію, у першую чаргу з Грузіі і Украіны, якія не маюць непасрэдных авіязлучэнняў з Расіяй.

-Усе яны ляталі праз Беларусь. На ўмовах парытэту лятала не толькі Белавія, але і грузінскія, украінскія, расійскія авіякампаніі. У нашай ацэнцы, збор за аднаго пасажыра можа складаць ад 10 да 20 долараў. У 2019 годзе ў нас было 5 мільёнаў пасажыраў. Такім чынам страты могуць складаць 50, а нават 100 мільёнаў долараў. Частка пасажыраў застанецца, але мы страцім транзітных пасажыраў, страцім дзясяткі мільёнаў. Гэта істотная лічба.

Трэці канал страты сродкаў – гэта даход самога перавозчыка. У 2019 годзе галіна авіяперавозак зарабляла каля 500 мільёнаў долараў, з-за пандэміі яна страціла каля 200 мільёнаў долараў. Частка гэтых даходаў – гэта заробак манапаліста «Белавіі» (за час пандэміі перавозчык страціў палову даходаў). Пасля закрыцця заходніх напрамкаў «Белавія» не зможа выйсці на дакрызісны ўзровень.

Вышэйзгаданыя пункты – гэта ўжо рэальнасць. Гэта страты галіны авіяпаслуг, якія Беларусь ужо нясе ў выніку санкцый. Адначасова трэба памятаць, што існуюць перспектывы далейшых сектаральных санкцый. Дзмітры Бабіцкі кажа, што яны могуць закрануць як транзіт, так і экспарт тавараў з Беларусі. Гэтыя забароны могуць значна паўплываць на транспартную галіну – аўтамабільны грузавы, чыгуначны грузавы і трубаправодны транспарт.

Аўтамабільны грузавы транспарт для Беларусі з’яўляецца самым прыбытковым – 1,5 мільярда долараў у год. Эксперт CASE Belarus звяртае ўвагу, што гэтая галіна пацярпець не павінна. Закрануты можа быць трубаправодны транспарт.

-Гэтым шляхам транспартуюцца газ, нафта і нафтапрадукты. Менавіта гэтыя галіны і могуць быць закранутыя санкцыямі. Тут могуць быць вялікія страты. Калі казаць пра транзіт, то краіна атрымлівае паўмільярда долараў. Трэба памятаць, што па трубаправоду ідзе не толькі экспарт, але і прадукты мясцовых НПЗ. Інфармацыі па іх аб’ёму няма, але зразумела, што калі будзе поўнае ці частковае эмбарга на экспарт нафтапрадуктаў, то страты будуць лічыцца ў сотнях мільёнаў долараў.

Тое ж самае тычыцца і Беларускай чыгункі. Больш за 60% прыбытку (больш за мільярд долараў) – гэта перавозкі з Беларусі і транзіт. У выпадку санкцый на транзіт нафтапрадуктаў ці экспарт акрэсленых груп тавараў (калійныя ўгнаенні, сельскагаспадарчая тэхніка) страты закрануць і БЧ.

Тое, што чарговыя сектаральныя санкцыі будуць прынятыя, гэта амаль пэўна. Праўдападобна ў канцы чэрвеня стане вядома, які галіны будуць закрануты.

Даклад пра страты транспартнай галіны ў выніку санкцый падрыхтаваў Цэнтр сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus, прэзентацыя адбылася ў рамках сустрэч Press Club Belarus.

ав