Беларуская Служба

Пагаршаецца сітуацыя незалежных СМІ ў Беларусі

02.07.2021 15:12
Рэжым Лукашэнкі змагаецца з незалежнай прэсай у краіне.
.
.Andrys/pixabay.com/CC0

Нешматлікія незалежныя СМІ, якія ўсё яшчэ працуюць у Беларусі, змагаюцца за выжыванне. Цэнзура дзейнічае таксама ў інтэрнэце, нагадвае Руслан Шошын на старонках выдання Rzeczpospolita.

Кожная дзяржаўная ўстанова ў Беларусі абавязана падпісацца на вядучую прапагандысцкую газету «СБ. Беларусь сегодня» (былая «Советская Белоруссия»), якую выдае адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі тыражом у больш за 400 тысяч асобнікаў.

Сітуацыя з незалежнымі газетамі зусім іншая. „Народная Воля” (выходзіць з 1995 г.) - самая папулярная незалежная газета ў Беларусі. Ейны галоўны рэдактар Павел Сярэдзіч крытыкуе дыктатара з самага пачатку яго палітычнай кар'еры. У мінулым выданне трапіла пад рэпрэсіі і зараз змагаецца за выжыванне.

„Паважаныя прыхільнікі свабоды слова, мы хацелі б папрасіць вас: дапамажыце!” - чытаем мы ў апошнім выданні газеты, якая нейкі час выходзіць выключна ў інтэрнэце. У канцы жніўня ўлады выкінулі выданне з дзяржаўнай сеткі распаўсюду і забаранілі друкаваць газету. Усё з-за „асвятлення пратэстаў”. Нейкі час „Народную Волю” друкавалі пад Масквой, але па просьбе беларускіх уладаў расійскае выдавецтва нядаўна скасавала кантракт. Рэкламадаўцаў таксама няма, бо кампанія, якая фінансуе „некарэктныя СМІ” ў краіне Лукашэнкі, хутка перастане існаваць.

Падобны лёс сустрэў і іншыя незалежныя выданні, якія былі выкінутыя з беларускіх шапікаў пасля жнівеньскіх выбараў. „БелГазета” і „Свободные новости Плюс” цяпер даступныя толькі ў інтэрнэце. З падобнымі рэпрэсіямі сутыкнулася і найстарэйшая беларускамоўная газета „Наша Ніва”. Хоць выданне ўжо з 2018 года стала выходзіць у інтэрнэце, але выпускала папулярны папяровы дадатак „Наша Гісторыя” і два дзіцячыя загалоўкі. Аднак цэнзура не пашкадавала нават іх.

„Цяпер мы павінны распаўсюджваць нашыя дадаткі самастойна, таму з ліпеня мы будзем адпраўляць іх кожнаму чытачу паасобку”, - кажа Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар „Нашай Нівы". Ён нагадвае, што журналісты працуюць у Беларусі ў небяспечных умовах.

Незалежная асацыяцыя журналістаў (БАЖ) паведамляе, што ў Беларусі за кратамі ўжо знаходзяцца 24 журналісты і супрацоўнікі СМІ. Аднак на гэтым не канец. У панядзелак быў апублікаваны чарговы ўказ Аляксандра Лукашэнкі паводле якога, спецыяльная міжведамасная камісія павінна займацца выцясненнем „шкоднай інфармацыі” з беларускага інтэрнэту, нагадвае Rzeczpospolita.

аз