3-га ліпеня 1944 году ў выніку аперацыі савецкага камандавання «Баграціён» ад фашысцкіх захопнікаў быў вызвалены Мінск.
Гэтая аперацыя лічыцца адной з самых буйных наступленняў у гісторыі чалавецтва. У яе выніку была вызвалена Беларусь.
Мінская аперацыя распачалася 29 чэрвеня 1944 году і скончылася 4 ліпеня. Нямецкае камандаванне спадзявалася на тое, што Мінск стане галоўным пунктам апору, які стрымае наступленне савецкіх войскаў. Абарону горада трымала каля 150 тысяч нямецкіх салдат, а ў выніку аперацыі ў палон трапіла 100 тысяч чалавек, 40 тысяч загінула.
Гэты дзень ніколі не з'яўляўся нейкай важнай сімвалічнай датай ні ў савецкай гісторыі, ні ў гісторыі незалежнасці Беларусі. Тым не менш, пасля прыходу А. Лукашэнкі да ўлады 3-га ліпеня стала дзяржаўным святам незалежнасці.
Прыгадаем, што Беларусь стала незалежнай 27 ліпеня 1991 году ў выніку падпісання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце.
27 ліпеня на працягу пяці гадоў адзначаўся Дзень Незалежнасці Беларусі.
Аднак у выніку прыходу да ўлады Лукашэнкі пачаўся моцны працэс рэсаветызацыі беларускай гісторыі і беларускай рэчаіснасці, у тым ліку і дзяржаўнасці. Лукашэнка прывёў да знішчэння ўсіх дзяржаўных сімвалаў з перыяду незалежнасці і да вяртання савецкіх.
І так, у выніку рэферэндуму 1995 году ў палітычную рэчаіснасць Беларусі вярнуліся савецкія сімвалы: сцяг і герб БССР з некаторымі фармальнымі зменамі. Гэтыя сімвалы не мелі нічога агульнага ні з беларускай геральдычнай ні гістарычнай традыцыяй. Іх сэнс змяшчаўся ў тым, каб знішчыць усе культурна адраджэнскія працэсы. І таму пасля атакі на ўсе сімвалы незалежнасці Лукашэнкам было прынятае рашэнне змяніць і дату Дня Незалежнасці Беларусі. Гэта было зроблена шляхам рэферэндуму ў 1996 годзе, які датычыў не толькі даты і дзяржаўных сімвалаў, а таксама радыкальных змен у канстытуцыі. Пасля гэтага рэферэндуму Лукашэнка стаў поўным аўтакратам і Беларусь пераўтварылася ў дыктатуру. Падчас рэферэндуму за змену даты Дня Незалежнасці з 27-га ліпеня на 3-га ліпеня прагаласавала каля 80% удзельнікаў, супраць змены даты прагаласавала толькі 10%.
На маю думку, такі вынік не толькі эфект фальсіфікацыі, а таксама стан свядомасці беларусаў.
Дзень Незалежнасці як і незалежнасць у 1996 годзе яшчэ не замацавалася. Для большасці людзей, якія выраслі ў савецкай рэчаіснасці Дзень Незалежнасці Беларусі, незалежнасці ад Расіі, ад Савецкага Саюзу не меў нічога каштоўнага.
Фактычна, гэтае свята не адзначалася на высокім узроўні, не прасоўвалася ў сістэме адукацыі, не адбывалася пазітыўная ідэалагізацыі свядомасці, перанакіраванне яе ад савецкіх уплываў. І таму гэтае новае свята абсалютна аморфнае і нічога не азначала ў свядомасці беларусаў. Свята вельмі хутка і проста ўвялі ў публічную прастору – сталі ладзіць ваенныя парады і выкарыстоўваць іншыя прапагандысцкія метады.
А на самой справе, 3-га ліпеня не была вызвалена ўся Беларусь а толькі Мінск стаў вольны ад нямецка-фашысцкай акупацыі.
Таму асноўная задача беларусаў у будучыні змяніць дату Дня Незалежнасці і вярнуцца да 27-га ліпеня як дня сапраўднай незалежнасці і суверэнітэту.
А 25 сакавіка можна было б святкаваць як дзень беларускай дзяржаўнасці. Фактычная незалежнасць Беларусі: дзяржаўная, палітычная, тэрытарыяльная настала 27-га ліпеня 1991 году.
Павал Усаў