Беларуская Служба

Дзве прафесійныя групы вельмі палюбілі пандэмію

10.07.2021 16:24
Каранавірус даў ім уладу, якой яны даўно не мелі.
  COVID-19
Тэст на COVID-19fernandozhiminaicela /pixabay.com/CC0 Public Domain

Каментатар выдання Rzeczpospolita Марыюш Цесьлік друкуе разважанні на тэму пандэміі каранавіруснай інфекцыі. Ёсць як мінімум дзве прафесійныя групы, якія вельмі палюбілі пандэмію: палітыкі і журналісты. Каранавірус даў ім уладу, якой яны даўно не мелі.

Парламент, працэдуры, медыя, апазіцыя – у дэмакратычнай дзяржаве ўлада аднаго палітыка ілюзорная. Нават прэм’еру ці прэзідэнту ўсе глядзяць на рукі, а ўвядзенне якой-небудзь змены займае шмат часу і не заўсёды заканчваецца поспехам. Інакш выглядаюць справы, калі назіраецца надзвычайная сітуацыя. А яна ўжо больш за год надзвычайная. Тады важныя хуткасць прыняцця рашэнняў і эфектыўнасць іх выкананя. І ніхто не задае непатрэбных пытанняў. І адразу ёсць моц.

Аўтар прыводзіць прыклады з апошняга тыдня. У Харватыі, літаральна ноччу перад вакацыямі, урад увёў кавідны сертыфікат для замежных турыстаў. Як вынік – вялізныя коркі на мяжы і праблемы для сотняў тысяч турыстаў, у тым ліку палякаў. У Германіі без папярэджання быў уведзены абавязковы каранцін для асоб, якія прыязджаюць з Партугаліі, дзе паявіўся штам Дэльта. Некалькі дзясяткаў тысяч чалавек былі прымушаныя вярнуцца дадому. У сваю чаргу, у Польшчы здарыліся толькі тры выпадкі заражэння варыянтам Дэльта вакцынаваных асоб, і гэтага хапіла, каб Міністэрства аховы здароўя ўвяло каранцін для ўсіх, хто меў кантакт з гэтым штамам. Праўда, у сувязі з масавай крытыкай каранцін адмянілі для вакцынаваных людзей.

А чаму пандэмію так палюбілі журналісты? Сёння ўжо бачна, што крокі, якія прымалі палітыкі, часта не мелі сэнсу, яны іх рабілі толькі дзеля таго, каб паказаць, што нешта робяць. Часцей за ўсё пад уплывам медыяў. А СМІ ўжо больш за год, з невялікімі выключэннямі, не інфармуюць, а пужаюць людзей. Звярніце ўвагу, што адбываецца вакол штаму Дэльта, які, на думку вірусолагаў, не больш небяспечны, чым іншы. Калі верыць СМІ, неўзабаве нас чакае апакаліпсіс.

нг