Беларуская Служба

Італія пасля 30 дзён змаганняў стала чэмпіёнам Еўропы

12.07.2021 18:06
30 дзён, 24 каманды і 51 матч - столькі трэба было, каб пазнаць новага чэмпіёна Еўропы.
Аўдыё
Італьянцы святкуюцьфота: PAP/EPA/ALESSANDRO DI MARCO

Італія стала чэмпіёнам Еўропы. Праз 53 гады пасля таго, як у першы і апошні раз дасягнулі таго ж выніку, праз 15 гадоў пасля таго, як сталі чэмпіёнамі свету. Новую карту ў сваёй гісторыі пачалі пісаць роўна месяц таму – 11 чэрвеня на матчы адкрыцця Чэмпіянату Еўропы па футболе ў Рыме. Тады яны перамаглі Турцыю 3:0 і з першых мінут паказалі свету, што лічыцца з Італіяй трэба і яна не здасца лёгка.

За апошнія пяць гадоў гэты тытул належаў Партугаліі, якая перамагла ў ЕЎРА 2016 у Францыі, перамагаючы над гаспадарамі турніру 1:0. У гэтым годзе ні Партугаліі, ні Францыі не ўдалося выйсці нават у лепшую васьмёрку. Каманда Крыштыяну Раналду прайграла Бельгіі ў 1/8 фіналу, а Францыя, чэмпіён свету, Швейцарыі ў тым жа раўндзе. У найлепшую чацвёрку ўвайшлі Іспанія, Данія, Англія і Італія. Дзве апошнія сустрэліся ў нядзелю на легендарным стадыёне Уэмблі ў Лондане. Пасля таго, як англійская адміністрацыя адмовіла заўзятарам звонку Аб’яднанага Каралеўства ў магчымасці прыйсці на стадыён, на Англію абрынулася хваля крытыкі. Да таго ж, спрэчкі выклікаў іх гол супраць Даніі ў паўфінале ў дадатковым часе гульні. Гэта паспрыяла таму, што большасць заўзятараў свету спадзяваліся на перамогу Італіі. Сярод іх быў і былы футбаліст польскай нацыянальнай зборнай Якуб Ваўжыняк:

-Англічане гуляюць на ўласным стадыёне і я спадзяюся, што ў гэтым матчы суддзі не будуць на іх баку. А італьянцаў кахаюць усе сусветныя любіцелі футболу. Тыя, хто заўзеў за каманды, якіх ужо няма, тым больш пасля спрэчнай сітуацыі з апошняга матчу, будуць падтрымліваць Італію. Я аднак надалей вельмі шаную прагматычны падыход англічанаў. Здаецца, што акрамя двух сітуацый, у паўфінале яны добра абаранялі свае вароты. Спадзяемся, што ў фінале будзем сведкамі цудоўнага матчу і 90 хвілін дасць нам адказ – хто чэмпіён?

90 хвілін усё ж такі не хапіла. Нягледзячы на тое, што ўжо ў другой хвіліне ў вароты Італіі свой першы гол для нацыянальнай каманды забіў абаронца Лук Шо, на адказ трэба было чакаць да другога тайму. Хоць Англія яшчэ ў першай частцы спаборніцтва мела шанцы павысіць вынік – гэта не ўдалося. У другой палове гульні ініцыятыва была на баку Італіі, чаго вынікам быў гол абаронцы «блакітных» Лэанарда Банучы. Дадатковыя 30 хвілін не далі адказу і прыйшлося вырашаць пытанне, хто новы чэмпіён, у пенальці. Фінальны матч даў усім аматарам футболу шмат эмоцый, – сказаў Польскаму радыё былы кіраўнік Польскай асацыяцыі футболу і міжнародны суддзя Міхал Лісткевіч:

-Даю высокую адзнаку, бо звычайна фінальны матч расчароўвае на вялікіх чэмпіянатах. На гэты раз ён быў добры, можа, не настолькі, як некаторыя ранейшыя матчы, але і ўзровень, і эмоцыі, і паводзіны суддзяў – задавальняючыя. Пенальці былі дзіўныя, бо трэнер англійскай каманды вырашыў увесці напрыканцы матчу двух маладых гульцоў, якія не гулялі на працягу ўсяго спаборніцтва. Яны нават не паспелі дакрануцца да мяча і адразу пачалі пенальці. Гэта не дапамагло камандзе, бо такі футбаліст, які не ўвайшоў поўнасцю ў матч, які не рабіў размінкі, дзейнічае пад яшчэ большым стрэсам, і гэта пацвердзілася.

Свае рашэнні ўвесці на поле двух футбалістаў у апошняй хвіліне дадатковага часу пракаментаваў трэнер Англіі Гарэт Соўтгэйт. Ён сказаў, што, нягледзячы на вынік, ён ганарыцца сваёй камандай, якая згуляла вельмі добры турнір:

-Мае футбалісты зрабілі ўсё магчымае, як у фінале, так і на працягу ўсяго турніру. Яны не павінны саромецца пасля гэтай няўдачы. Яны сфармавалі каманду, якая дала нашай нацыі шмат цудоўных вечароў. Тое, чаму мы не змаглі даць Англіі трафей, аб якім марылі, цяжка растлумачыць. Я не ведаю, як выказаць гэта словамі. Яшчэ раз падкрэслю, футбалісты зрабілі ўсё, на што былі здольныя.

Трэнер італьянскай каманды Рабэрта Манчыні пасля матчу выказаўся пра цяжкі пачатак гульні, калі каманда прайгравала ад другой хвіліны. Потым аднак удалося пераняць ініцыятыву і даць Італіі тое, чаго яна чакала столькі часу:

-Я вельмі шчаслівы, бо каманда гуляла прыгожа. Яна заслугоўвала перамогі. Гол на самым пачатку сапсаваў наш план на першыя 15 хвілін. Потым мы пачалі гуляць, перанялі ініцыятыву, аднак не ўдалося рашыць усяго да пенальці. Шкада, што так было, бо пры кожным удары мы пакутавалі. Аднак мы атрымалі тое, чаго заслугоўвалі. Мы шчаслівыя, шчаслівыя як усе італьянцы – у Італіі і за мяжой, перадусім тыя, хто змог быць з намі сёння. Мы далі ім месяц цудоўных эмоцый ад гульні, і таму мы вельмі шчаслівыя.

Італьянскія футбалісты з самай раніцы вярнуліся з трафеям у Італію, дзе сустракаюцца з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам краіны. Іранічна афіцыйным лозунгам італьянскай каманды стала «It’s coming Rome» (Яно едзе ў Рым), якое перадражнівае англійскае «It’s coming home» (Яно едзе да дому), што з’яўляецца прамой спасылкай на тое, што футбол быў створаны ў Англіі і зараз у выглядзе трафея павінен туды вярнуцца. Так аднак не адбылося, і наступным разам вярнуць трафей можа ўдасца на Чэмпіянаце свету ў Катары ў 2022 годзе – праз паўтара года.

Альберт Ежы Вяжбіцкі