Беларуская Служба

Польскія навуковыя ўстановы запрашаюць замежных навукоўцаў

26.07.2021 16:38
Польшча плануе, каб сюды прыязджалі навукоўцы, якія ўжо праводзяць свае навуковыя даследаванні.
Аўдыё
  • Навукоўцы з усяго свету змогуць прыняць удзел у адмысловай праграме ў Польшчы
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneGorodenkoff/ Shutterstock

Research in Poland – так называецца новая кампанія арганізавана Нацыянальным агенцтвам акадэмічных абменаў NAWA, якая мае на мэце заахвоціць замежных навукоўцаў працягваць свае даследаванні ў Польшчы. Яе запусцілі 14 ліпеня і ў бліжэйшы час плануецца прызнаваць гранты і запрашаць на вучобу ў Польшчу таленавітых даследчыкаў з усяго свету. У эфіры Польскага радыё для замежжа пра праграму расказала дырэктар Агенцтва NAWA прафесар Гражына Жэброўская:

-Research in Poland – гэта частка нашай кампаніі дзеля прамавання польскай навукі за мяжой. Мы вырашылі, што нам не хапае аднаго эфектыўнага спосабу, каб інфармаваць пра тое, што адбываецца ў польскай навуцы, якія поспехі яна мае. Таксама хочам расказваць пра гісторыю польскай навукі і яе дасягненні.

Праграма цешыцца падтрымкай польскага Міністэрства адукацыі і навукі. Галоўная мэта – гэта не толькі запрашаць замежных навукоўцаў, але агулам адчыніць дзверы польскай навукі свету. Такі абмен інфармацыяй і досведам паміж польскімі і замежнымі даследчыкамі можа спрычыніцца да развіцця польскага навуковага асяроддзя, а таксама даць штуршок для развіцця замежных асяроддзяў пры дапамозе польскага досведу. Спадзяванні ад імя Мінстэрства пацвердзіў віцэ-міністр адукацыі і навукі Войцех Мурдзэк падчас прэзентацыі праграмы Research in Poland.

-Апошні, цяжкі час пандэміі паказаў, што трэба думаць у глабальнай перспектыве, трэба ствараць міжнародныя кампаніі, бо тады эфектыўнасць працы вядзе да большага поспеху. Поспех не для самой навукі, а для бяспекі нашых суайчыннікаў, для якасці жыцця, для добрага развіцця на аснове сучасных тэхналогій. Спадзяемся, што запрашэнне на праграму будзе распаўсюджвацца, а эфекты, якія польская навука ўжо дасягае паказваюць, што мы ўсё набліжаемся да краінаў гэтак званай старой Еўропы. І гэтыя эфекты павінны зацікавіць замежных навукоўцаў. Я рады, што шмат камандаў супрацоўнічае з навукоўцамі з усяго свету. У нашых інстытутах вучацца спецыялісты з ЗША, Індыі, краінаў Азіі, усёй Еўропы – гэта паказвае, што прапанова, Польшчы – цікавая. Польшча стварае таксама добрыя ўмовы для жыцця, спадзяемся, што гэтыя элементы спрычыняцца да таго, што новыя людзі захочуць пераязджаць сюды і пераконвацца на карысць навуковага супрацоўніцтва з польскімі акадэмічнымі адзінкамі.

Калі казаць пра заахвочванне замежных студэнтаў і навукоўцаў прыязджаць і праводзіць свае навуковыя працы ў Польшчы, шмат што трэба яшчэ палепшыць. Сярод некаторых праблемаў можна пералічыць моўны бар'ер,’які праяўляецца перадусім у кантактах з ненавуковым персаналам ВНУ. Праблемай могуць быць адміністрацыйныя пытанні – афармленне дакументаў, візаў або ўвод у польскае, досыць герметычнае навуковае асяроддзе. Паводле старшыні Канферэнцыі рэктараў польскіх акадэмічных школаў прафесара Аркадыюша Мэнжыка, сярод польскіх навукоўцаў не выпрацавана пакуль свядомасць міжнароднага патэнцыялу іх працы.

-У нас нізкі ўзровень свядомасці наконт патэнцыялу даследчых групаў, даступнай лабараторнай базы. Мы павінны перадусім засяродзіцца на інтэрнацыяналізацыю нашай навуковай і даследчай дзейнасці, на тое, каб публікаваць артыкулы ў вядомых часопісах, на выконванне супольных праектаў. Гэта шлях, на які мы ўваходзім. Шмат праграмаў, якія заахвочваюць да прыезду ў Польшчу, стварае стымулы для навукоўцаў, каб яны прыязджалі ў Польшчу і прадпрымалі такую дзейнасць. Варта карыстацца кантактамі з польскай дыяспарай, уласна з тымі яе прадстаўнікамі, якія працуюць у прэстыжных вучэльнях за мяжой. Узровень даследаванняў, якія яны праводзяць паказвае, што мы не павінны саромецца польскіх навукоўцаў.

Каб пазбегнуць такога закрыцця і эксклюзіўнасці польскага навуковага асяроддзя, ствараюцца праекты арганізаваныя Агенцтвам NAWA. Яно ўжо гадамі стварае рознага тыпу абмены, як для польскіх навукоўцаў, так і замежных, якіх запрашаюць на нашыя ўніверсітэты. Такі падыход да навукі і даследаванняў спрычныяецца да таго, што польскія навукоўцы атрымліваюць каштоўны досвед супрацы ў замежным асяроддзі, а таксама паказвае замежным інстытутам, што польскія навукоўцы з’яўляюцца паўнавартаснымі партнёрамі ў навуковым супрацоўніцтве, кажа дырэктар Агенцтва NAWA прафесар Гражына Жэброўская:

-Гэта спрычыняецца да таго, што польская навука больш канкрэнцыйная ў параўнанні з замежнымі навуковымі ўстановамі. Ствараецца супраца паміж польскімі і замежнымі асяроддзямі на аснове абмену досведам працы ў іншай краіне. Гэта часам такія звычайныя рэчы, што цяжка іх назваць. У мяне ёсць прыклад, які тычыцца цытавання. Калі праца праводзіцца ў супрацы з замежнымі інстытутамі, то цытавальнасць публікацыі ўтрая вышэйшая, чым пры выключна польскіх працах. Гэта паказвае, што варта мець у камандзе замежных супрацоўнікаў і працаваць актыўна ў гэтым напрамку. Найбольш аддачы ад гэтага атрымлівае сам навуковец.

Праграма Research in Poland накіравана на замежнікаў з любой часткі свету. Калі яны хочуць пачаць або працягваць сваю навуковую працу ў Польшчы, NAWA прапануе ім шэраг атракцыйных магчымасцяў. Акрамя фінансавай падтрымкі і грантаў на даследаванні, праграма дае магчымасць супрацоўнічаць з вядомымі польскімі даследчыкамі і карыстацца багатымі дасягненнямі польскай навукі. Яна таксама накіраваная на тое, каб прасоўваць гэтыя дасягненні за мяжу, каб Польшча стала пажаданым напрамкам навуковай дзейнасці. Больш падрабязна пра праект можна прачытаць на яго старонцы researchinpoland.org.


Альберт Ежы Вяжбіцкі