Асацыяцыя «Wspólnota Polska» – гэта грамадская арганізацыя, мэтай якой з'яўляецца ўмацаванне сувязяў з Польшчай людзей польскага паходжання і палякаў, якія жывуць за мяжой. Сёлета арганізацыя адзначае 30-годдзе сваёй дзейнасці.
Супраца і падтрымка культурнай, адукацыйнай, рэлігійнай, эканамічнай, турыстычнай і спартыўнай дзейнасці – гэта асноўныя задачы асацыяцыі «Wspólnota Polska». Пра тое, які напрамак дзейнасці арганізацыі найважнейшы расказвае старшыня асацыяцыі Дарыюш Пётр Баніслаўскі (Dariusz Piotr Bonisławski):
- Несумненна, прыярытэтам Польшчы і асацыяцыі «Wspólnota Polska» заўсёды была адукацыя. Польскія школы за мяжой і польскія настаўнікі ў вялікай ступені прычыняюцца да працягвання польскасці. Той факт, што чарговыя пакаленні палякаў замежжа хочуць вывучаюць польскую мову, знаёміцца з польскай культурай, хочуць наведваць Польшчу – гэта, перш за ўсё, заслуга польскіх настаўнікаў. Таму адукацыя заўсёды была прыярытэтам нашай дзейнасці, але без грэбавання іншымі сферамі.
Асацыяцыя «Wspólnota Polska» – гэта няўрадавая арганізацыя, якая дзейнічае пад патранатам Сената – вышэйшай палаты польскага парламента і цесна супрацоўнічае з Міністэрствам замежных спраў Польшчы.
- Паводле свайго ініцыятара, былога спікера Сената прафесара Анджэя Стэльмахоўскага, арганізацыя мела быць інструментам польскай дзяржавы для падтрымкі польскасці за межамі краіны. Тады таксама адной з задач Сената была падтрымка палякаў замежжа, шляхам розных дзеянняў. Таму цягам 30 гадоў мы цесна супрацоўнічалі з Сенатам, але таксама з польскім МЗС, Канцылярыяй прэм’ера, міністэрствамі культуры, спорту, адукацыі і вялікай колькасцю муніцыпальных уладаў, якія заўсёды вельмі актыўна адгукаліся на нашыя запрашэнні да супрацы ў рамках розных праектаў.
Зараз асацыяцыя налічвае 4 тысячы членаў, аб’яднаных у 23 аддзелах. Можна тады сказаць, што сіла арганізацыі – гэта людзі.
- Асацыяцыя «Wspólnota Polska» апрача таго, што вядзе шмат праектаў, фінансаваных з бюджэту дзяржавы, то карыстаецца таксама працай валанцёраў, то бок нашых членаў. Сёлета мы арганізавалі «Лета з Польшчай», то бок адпачынак дзяцей з замежжа ў Польшчы. Акцыя ажыццяўляецца ў супрацы з польскімі муніцыпалітэтамі. Нам удалося запрасіць у Польшчу сотні дзяцей з Усходняй Еўропы – Літвы, Латвіі, Украіны. Сёлета, па палітычных прычынах, крыху горш сітуацыя выглядала ў выпадку дзяцей з Беларусі.
А як пандэмія каранавіруса паўплывала на працу арганізацыі?
-Калі гаворка ідзе пра нашыя праграму, то мы, падобным чынам, як іншыя ўстановы пачалі карыстацца інтэрнэтнымі прыладамі. Гэта ў нейкай ступені было карысным, паколькі па фінансавых прычынах, мы не заўсёды маем магчымасць сустракацца з прадстаўнікамі палякаў замежжа з аддаленых куткоў свету, напрыклад, з Аўстраліі іг.д. У выпадку інтэрнэту такой праблемы няма. Гэта каштоўнасць, якой варта карыстацца таксама пасля пандэміі. Тым ня менш, палякам замежжа патрэбны непасрэдны кантакт з Айчынай. Без гэтага цяжка працягваць польскасць. Таму мы ўсе чакаем вяртання да нармальнага жыцця і традыцыйных формаў кантакту.
Юбілей – гэта не толькі нагода падвесці дасягненні, але таксама час вызначэння планаў на будучыню.
- Нашая дзейнасць застанецца шматбаковай. Мы праводзім праекты накіраваныя для рэпатрыянтаў. У тым ліку, у Доме палякаў замежжа ў Пултуску, дзейнічае цэнтр, які дапамагае рэпатрыянтам ужо ў Польшчы. Неўзабаве ў Ломжы адбудуцца Гульні польскай школьнай моладзі з замежжа ім. Яна Стыпулы. У Мазовіі пройдзе чарговая Летняя спартыўная алімпіяда для моладзі. Супрацоўнічаем з Польскім алімпійскім камітэтам. Праводзім розныя адукацыйныя праекты.
Якім чынам «Wspólnota Polska» падтрымлівае палякаў у Беларусі ў цяперашняй складанай сітуацыі?
- Пакуль мы не ведаем, як пасля вакацыяў будзе выглядаць навучанне польскай мовы. Ці грамадскія школы будуць дзейнічаць нармальна. Факт, што Анжэліка Борыс і Анджэй Пачобут утрымліваюцца ў турме – гэта трагедыя. Нагадваю, арганізацыі палякаў замежжа выступалі са шматлікімі заклікамі да ўладаў Беларусі аб іх вызваленні, аднак пакуль безвынікова. Мы стараемся падтрымліваць тры польскія актывісткі, якія былі вызваленыя з турмы і прыехалі ў Польшчу. У Беластоку дзейнічае Цэнтр гуманітарнай дапамогі «Wspólnoty Polskiej», у якім можна скарыстацца як юрыдычнай, так і фінансавай дапамогай. Гэта наш рэальны ўклад, які можам запрапанаваць на дадзены момант. Мы глыбока верым у тое, што палякі ў Беларусі атрымаюць назад права на свабоднае жыццё ў краіне, якая з’яўляецца іх Айчынай і якую яны любяць.
Нашым суразмоўцам быў старшыня асацыяцыі «Wspólnota Polska» Дарыюш Пётр Баніслаўскі, з якім размаўляла Галіна Остас.
аз