Беларуская Служба

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч: Сённяшняя сітуацыя надоўга. Я б вельмі хацеў, каб мяне пераканалі ў адваротным

20.09.2021 16:30
Размова з бізнесоўцам Аляксандрам Кныровічам пра турму, шанцы на вяртанне з эміграцыі і змены ва ўзаемаадносінах улады і бізнеса.
Аўдыё
Аляксандр КныровічФота: Вольга Хвоін / radyjo.net

Аляксандр Кныровіч быў паспяховым бізнесменам у Беларусі. Цяпер яго кампаніі “Сармат” не існуе. І, як ён сам гаворыць, з’язджаць было лёгка, бо нічога не засталося. Размаўляем з Аляксандрам у Варшаве, акурат праз некалькі дзён пасля таго, як ён прыняў прапанову далучыцца да каманды кампаніі  “Імагуру”, якая таксама з’ехала з Беларусі і пачынае развіваць сваю бізнес-супольнасць у Польшчы, Літве, Украіне.

– Што адчувае чалавек у першыя хвіліны, калі выходзіць за дзверы калоніі?

– Гэта эмацыйны шторм. Такая эмацыйная бура, калі доўга ў цябе перад вачыма адны і тыя ж людзі, адны і тыя ж карцінкі, адная і тая ж ежа, пахі. І раптам ты трапляеш у знешні свет, дзе ўсяго на парадак больш. Гэта эйфарыя. Не думаю, што ёсць чалавек, які ў гэты момант цалкам сабой валодае.

– Што ў вас забрала зняволенне?

– Самым цяжкім было тое, што немагчыма бачыць сваіх блізкіх, ведаць, як мае блізкія пакутуюць ад таго, што я там. Усё астатняе мела мала значэння. Мне не падабаюцца размовы пра згублены час. Я не адношуся да гэтага, як да страчанага часу, – чатыры гады і сем месяцаў. Я самаразвіваўся, рэалізоўваўся. Гэта смешна гучыць, але мне там было добра. На колькі можа быць добра ў такіх умовах. Канешне, гэта абмежаваныя ўмовы і я не хацеў бы там зноў аказацца. Але блізкія мая пакутавалі. Я харчаваўся здаровай ежай, за выключэннем таго, што там вельмі мала вітамінаў. Займаўся спортам. Я шмат чытаў, займаўся ў музычным гуртку і істотна падвысіў свае навыкі ігры на гітары, навыкі спеваў. Працаваў у тэатры сурэжысёрам, артыстам, сцэнарыстам. Гэта абсалютна цудоўны для мяне досвед, які я ніколі не паўтару, але гэта цудоўны досвед, які я вазьму з сабою. Я прачытаў 16 лекцый для малога бізнеса. І гэта аформлена ў нейкі цыкл, магчыма, праз некалькі месяцаў мы вернемся да гэтага як да навучальнага цыклу. Мяркую, што зрабіў шмат карыснага як для людзей у калоніі, так і для адміністрацыі калоніі. Я вам скажу, што тое, як чалавек жыве сваё жыццё на свабодзе, так ён яго жыве і ў турме. Канешне, было шмат людзей, якія, як кажуць на слэнгу, "мнуць вату", але было і шмат людзей, якія займаюцца самаразвіццём, шмат хто займаўся спортам. І калі чалавек сканцэнтраваны толькі на гэтым, то ён можа дасягнуць высокіх вынікаў.

– Распавядзіце, як у месцах зняволення з медыцынскай дапамогай?

– Агульны падыход – лячыцца будзеце на свабодзе. Гэта не мае скрайніх формаў, але калі нешта можна не лячыць, гэта не будуць лячыць. Разам з тым экстранная дапамога аказваецца: людзям рвуць зубы, вывозяць у гарадскія бальніцы з інфарктамі і інсультамі, імкнуцца лячыць толькі беларускімі прэпаратамі. Я не магу сказаць, што зусім усё кепска, але з лячэннем доўгатэрміновых захворванняў – нядобра.

– Не магу абысці тэму мінулагодніх пратэстаў. Як да гэтага ставіліся зняволеныя, што ведалі?

– Зняволеныя, асуджаныя, ставіліся да падзей, што адбываліся, як да фантастыкі. Рэдкі чалавек гэта не падтрымліваў. Тады ў нас трансляваўся «Еўраньюс» у калоніі, быў доступ да газет з каталога «Белпошта». Адпаведна, людзі ведалі праўду і былі вар’яцкія вочы ад таго, што гэта адбываецца ў Беларусі. Канешне, падтрымлівалі пратэстоўцаў, тых, хто галасаваў за Ціханоўскую. Але, як ужо казаў у адным інтэрв’ю, былі суровыя людзі, якія падыходзілі і пыталіся, чаму сярод такой колькасці пратэстоўцаў няма тых, хто фізічна прыбярэ перашкоду для развіцця Беларусі. Мне ім не было чаго сказаць.

– Можаце распавесці, як змяніўся для вязняў доступ да інфармацыі ад лета 2020 года да цяперашняга часу?

– Цяпер доступ да незалежных беларускіх газет цалкам заблакаваны – ніводная недзяржаўная газета не прыходзіць у калонію, па тэлебачанню інфармацыйныя перадачы толькі беларускія ці расійскія. Інфармацыйна людзі спажываюць выключна беларускую дзяржаўную пазіцыю. Але яны могуць нешта даведвацца праз скайп-званкі сваім блізкім, гэта адзіны канал. У астатнім людзі адрэзаныя ад інфармацыі.

– Я ўсё ж не магу не вярнуцца да вашай рэплікі, што цяпер немагчыма весці бізнес і захоўваць годнасць. Усё, што адбываецца цяпер, мела месца і раней, толькі маштабы рэпрэсій былі іншыя.

– Маштабы, безумоўна, былі іншыя. І нават атакі на нейкія асобныя бізнесы і сферы ўспрымалася як асобныя агмяні праблемы, а не агульная практыка. Гэта не мела такіх жорсткіх формаў, як цяпер. Гэта з пункту гледзішча бізнеса. А з пункту гледзішча грамадскага, давайце скажам, як ёсць. Апазіцыйны асяродак быў маргіналізаваны. А тое, пра што калісьці пісала «Хартыя», было цікава вузкаму сегменту аўдыторыі. Факт у тым, што 90 працэнтаў беларусаў спакойна жылі не ўцягваючыся ў палітычны складнік жыцця. Палітыка была асобна, а рэальнае жыццё людзей ішло асобна. У дваццатым годзе гэта стала адным і тым жа. Немагчыма быць беларусам і не быць уцягнутым у грамадска-палітычныя падзеі. Адпаведна, і рэпрэсіі ўспрымаюцца як асабістая справа. Таму так, у дваццатым годзе сітуацыя змянілася кардынальна.

– Што ўсё ж адбылося і прымусіла людзей зацікавіцца палітыкай і нават ісці на асабістыя рызыкі і ахвяры?

– Я магу казаць толькі пра асабістыя адчуванні. Мяркую, вырасла іншае пакаленне. Пакаленне, у якога няма савецкіх страхаў. Канешне, тыях, хто перажыў перабудову, развал СССР, уджаленыя шокам перамен. А новае пакаленне без комплексаў і гатовае інакш рэагаваць на падзеі. Гэта першае. Па-другое, улада зрабіла чарговыя сур’ёзныя памылкі ў адносінах да сітуацыі з каронавірусам, да эканамічных падзей. Ім здвалася, што беларускі народ, як статак, працягне ісці туды, куды яго накіроўваюць. І мы бачым, што наш вялікі кіраўнік нават не збіраўся ўдзеннічаць у выбарчай кампаніі, думаў, што ўсё будзе як раней. І тут з’яўляюцца Бабарыка, Цапкала, Ціханоўскі. Супала тры фактары: новае пакаленне, памылкі і з’яўленне яркіх асобаў. Я ўжо не ведаю, якія б з іх у дальнейшым атрымаліся палітычныя лідары, але на этапе выбараў гэта былі сапраўды яркія фігуры. І далей штаб трох жанчын – гэта ўвогуле сакральная гісторыя. Я і так адчуваў Беларусь як жаночую краіну, а тут гэта зафіксавалася. Гэтыя фактары і прывялі да ўцягвання вялікіх масаў у падзеі.

Штаб трох жанчын – гэта ўвогуле сакральная гісторыя. Я і так адчуваў Беларусь як жаночую краіну, а тут гэта зафіксавалася.

– Як мяркуеце, у гэтых людзей будзе шанец на сваю перамогу?

– Я на свабодзе месяц і многае пакуль не разумею, магу памыляцца. Але маё адчуванне, што мы цяпер як Чэхаславакія ў 1968 годзе. Была вясна, прыйшлі танкі і пакуль не разваліўся Савецкі саюз, з Чэхаславакіяй нічога добрага не адбылося. Пакуль у Крамлі так, з намі будзе, як ёсць у тых ці іншых варыянтах. Гэта не ўнутрыбеларуская гісторыя, на жаль, наша краіна сёння — разменная манета. Для Уладзіміра Уладзіміравіча было б вельмі балючай паразай, калі б ён упусціў Беларусь з-пад свайго кантролю. Таму, на жаль, сённяшняя сітуацыя надоўга. Я б вельмі хацеў, каб нехта пераканаў мяне ў адваротным. Але я проста не бачу такіх аргументаў.

– Вашай паспяховай кампаніі «Сармат» больш няма?

– У мяне ўсё закрыта, нічога няма. Усё, што магчыма было прадаць, прададзена. Мне лёгка было з’язджаць – у мяне нічога не было.

– Распавядзіце пра вашу новую працу.

– У Беларусі камандзе «Імагу» атрымалася стварыць вакол сябе супольнасць, скіраваную на развіццё як старапаў тэхналагічнага характару, так і ў больш шырокім сэнсе прадпрымальніцтва ў Беларусі. Яны праводзілі шмат адукацыйны мерапрыемстваў. Але, на жаль, летам гэтага года, як і многім іншым, ім давялося з’ехаць. Гэтая каманда аднаўляе сваю дзейнасць ужо за мяжою. Мы плануем стварыць сетку з некалькіх хабаў на тэрыторыі тых краін, куды найбольш з’ехала беларусаў: гэта Украіна, Літва, Польшча. Каб было месца, дзе можна сустракацца, вучыцца, атрымліваць экспертную падтрымку. Паралельна мы шчыра вітаем грамадзянскія ініцыятывы, скіраваныя на падтрымку і аб’яднанне тых, хто з’ехаў. Найперш я бачу гэтую задачу такой.

– Якая ў гэтым карысць для Беларусі?

– Адзін мой сябар нядаўна спытаў: «Ты будзеш займацца гэтым, а Беларусі якая карысць?». На што я адказаў: ні якой. Але ў гэтым будзе карысць для тых, хто з’ехаў. Для тых, хто можа скарыстацца нашымі паслугамі для асабістага росту. Магчыма, гэта падштурхне тых, хто яшчэ думае і яму страшна быць аднаму на чужыне. Але для Беларусі, сапраўды, ніякай карысці: мы не будзем плаціць падаткі, не будзем ствараць працоўныя месцы. Сваю задачу цяпер я бачу як магчымасць працаваць для тых, хто вымушана апынуўся за мяжою.

– Гэтыя людзі не вернуцца?

– Тое, у якім стане цяпер грамадства ў Беларусі, вызначае, што гэтыя людзі не вернуцца. І будуць будаваць сваё жыццё незалежна ад Беларусі. Але падумайце пра другое. Тая Беларусь, пра якую мы марылі, мусіла быць адкрытай, без межаў, краінай, з якой можна на лоўкосце паляцець у Рым. Цяпер мы гэта можам зрабіць. Толькі ў Беларусь не можам паляцець.

– А вы вернецеся?

– Я адчуваю сябе патрыётам. І, канешне, калі ў мяне будзе магчымасць працаваць для развіцця Беларусі, нават калі гэта будзе складана ці невыгодна па грашах, але будзе для мяне бяспечна, я вярнуся. Але цяпер гэта проста фізічна небяспечна.

– Вы шчаслівы чалавек у гэтую хвіліну.

– Мне было вельмі цяжка 25 студзеня 2017 года, калі мяне арыштавалі. Мне было жахліва 27-га студзеня, калі я пабачыў па тэлевізары істэрычныя выкрыкі на мой адрас. За гэты час было некалькі панічных атак наконт завершанасці жыцця, што вось так можна скончыцца ўсё. І, разумеючы гэтыя пачуцці, я бязмежна шчаслівы цяпер. Я шчаслівы адносінамі са сваімі блізкім, шчаслівымі магчымасці працаваць, размаўляць з вамі. Ці шчаслівы я? Канешне шчаслівы. У мяне яшчэ нейкая колькасць гадоў наперадзе, магчымасць рухацца далей.

ВХ

Бізнесмэн Аляксандр Кныровіч: Сітуацыя ў Беларусі падобная да той, што была сто год таму ў Расіі

14.09.2021 14:40
Вядомы бізнесмэн Аляксандр Кныровіч з’ехаў з Беларусі. Месяц таму ён выйшаў з турмы. Аляксандр кажа, што сітуацыя ў Беларусі кардынальна цяпер адрозніваецца ад той, што была пяць год таму.