Беларуская Служба

Палякі з розных краін свету змагаліся падчас спартыўных спаборніцтваў у Пултуску

28.09.2021 15:07
У Польшчу прыехалі палякі з-за мяжы, каб пазмагацца ў 17 спартыўных дысцыплінах.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/anncapictures

На мінулым тыдні ў польскім горадзе Пултуск адбыліся Дваццатыя сусветныя гульні палякаў замежжа, а таксама 26-ты сусветны сейм палякаў замежжа. Гэтае мерапрыемства ладзіцца рэгулярна, на яго прыязджаюць палякі з усяго свету, у тым ліку з Беларусі.

Летнія гульні палякаў замежжа прайшлі з 19 па 24 верасня. Госць Польскага радыё – Кшыштаф Лахманьскі, віцэ-старшыня таварыства, якое кіруе Домам палоніі ў Пултуску. Мы папрасілі яго распавесці, якая галоўная мэта летніх гульняў для палякаў замежжа.

- Калі гаворка ідзе пра спорт, дык гэта адна з магчымасцяў падтрымаць палякаў і захаваць сувязь з польскімі арганізацыямі на свеце. Самыя важныя спартыўныя мерапрыемствы, якія ладзяцца з дадзенай мэтаю – гэта зімнія і летнія гульні для палякаў замежжа. Яны адбываюцца раз у два гады, папераменна. Калі ў гэтым годзе ёсць летнія гульні, то праз год будуць зімнія і наадварот. Важнейшая мэта – перш за ўсё папулярызацыя алімпійскіх каштоўнасцяў, інтэграцыя польскіх асяроддзяў з-за мяжы праз спорт. Усім вядома, што спорт і музыка – гэта дзве галіны, якія яднаюць, а не дзеляць. Акрамя таго, дзякуючы спартыўным гульням мы прасоўваем здаровы лад жыцця. Кожная такая імпрэза, якая ладзіцца за мяжой, інтэгруе палякаў. Яны рыхтуюцца, прыязджаюць, прымаюць удзел. Гэта галоўная мэта.

Што можна сказаць пра ўдзельнікаў гульняў – з якіх краін яны як правіла прыязджаюць, у якіх спартыўных дысцыплінах прымаюць удзел?

- Да гэтае пары ў гульнях прымала ўдзел ад тысячы да паўтары тысячы ўдзельнікаў. Апошні раз такое мерапрыемства прайшло ў Гдыні, але сёлета імпрэза выглядае інакш, паколькі і год гэты выключны – усё яшчэ не закончылася пандэмія каранавіруснай інфекцыі. Авіяцыйная сувязь і магчымасць падарожнічаць паміж рознымі краінамі яшчэ не вярнуліся цалкам да нармальнага стану. Таму і ўдзельнікаў сёлета менш – каля шасцісот чалавек, якія паказалі свае ўменні ў сямнаццаці спартыўных дысцыплінах – між іншым гэта бадмінтон, брыдж, веласіпедныя гонкі, баскетбол, скандынаўская хадзьба, шахматы, плаванне, пінг-понг, тэніс, лёгкая атлетыка ды іншыя. Таксама ў рамках гульняў адбываецца так званы сямейны турнір. На яго прыязджаюць палякі са сваімі сем’ямі, і для іх мы ладзім спецыяльныя спаборніцтвы.

З нагоды 30-годдзя таварыства «Wspólnota Polska (Польская супольнасць)» сёлета была прысуджаная ўзнагарода імя Анджэя Стэльмахоўскага (шматгадовага старшыні арганізацыі). Яе лаўрэатамі сталі актывісты Саюзу палякаў у Беларусі. СПБ прадстаўлялі дзеячы СПБ Марыя Цішкоўская ды Ірэна Бярнацкая, якія за сваю дзейнасць трапілі ў турму ў Жодзіна, а ў маі, дзякуючы старанням польскіх дыпламатаў, удалося іх вызваліць і вывезці ў Польшчу. Яны казалі, што нялёгка быць палякам у Беларусі, але цяпер дзейнасць у карысць польскай культуры і мовы ў краіне амаль немагчымая, за гэта можна трапіць у турму. А беларуская турма – гэта жахлівае месца, – адзначае Марыя Цішкоўская.

- Вельмі цесныя камеры, у кожнай знаходзіцца восем чалавек. У шэсць пад’ём, неабходна адразу ўстаць, інакш можна атрымаць пратакол, а за пяць пратаколаў трапіць у карцар. Нельга нічога пытаць, прасіць, нельга ў дзень ляжаць, толькі сядзець або стаяць. У дзвярах ёсць вочка, яны глядзяць, што мы робім. А найгоршая адсутнасць інфармацыі – што з тваімі блізкімі, што будзе з табой. Нічога не ведаеш.

Марыя Цішкоўская ды Ірэна Бярнацкая казалі, што гэтую ўзнагароду павінны атрымаць перш за ўсё старшыня СПБ Анжаліка Борыс і польскі дзеяч з Гродна Анджэй Пачобут, якія засталіся ў беларускай турме. Польскія дзеячы з Беларусі дадалі, што сярод беларускіх палякаў назіраецца вялізны патрыятызм, мабыць, нават больш глыбокі, чым у Польшчы. Там засталося вельмі шмат асоб польскага паходжання, якія з аднаго боку баяцца прызнацца ў сваёй нацыянальнасці, але з іншага боку, яны патаемна вучаць сваіх дзяцей польскай мове, клапоцяцца пра памятныя месцы, звязаныя з польскай гісторыяй.

Не ўсе палякі з Беларусі могуць цяпер свабодна выязджаць з краіны і прыехаць у Польшчу, хаця б на спартыўныя гульні палякаў замежжа. Але тыя, каму ўдалося прыехаць, вельмі цешацца, паколькі гэта магчымасць не толькі паразмаўляць свабодна на роднай мове, але таксама сустрэцца з суайчыннікамі з розных краін свету. Акрамя спартыўных спаборніцтваў, падчас гульняў адбываюцца шматлікія паралельныя мерапрыемствы – канцэрты, тэатральныя прадстаўленні, а таксама спецыяльны сейм для палякаў замежжа.

Польская служба Праграмы замежнага вяшчання ПР/нг