Польскае выданне «Gazeta Wyborcza» піша пра сітуацыю на польска-беларускай мяжы. З аднаго боку яно апісвае гісторыю ірацкага курда Геміна. Актывісты няўрадавых арганізацый кожны дзень сустракаюць галодных, прастуджаных, знясіленых людзей. Гэта своеасаблівае спаборніцтва з часам і Памежнай службай: каб высветліць асобу мігранта, звязацца з яго блізкімі, дапамагчы скласці дакументы на прытулак.
Гемін, ірацкі курд, адзін са знойдзеных у лесе. –Самыя завязіце мяне на паліцыю, калі трэба, – папрасіў ён у актывістаў. Мужчына не меў сілы, каб ісці, некалькі гадзін ляжаў у траве, чакаючы дапамогі. Некалькі дзён запар ён піў ваду з калужы. На дарогу ён меў толькі ўпакоўку сушаных фінікаў, якія еў па тры штукі ў дзень. Яго імя па курдску азначае «мір».
Пасля аказання асноўнай дапамогі і падпісання паўнамоцтва для юрыста, актывісты выклікаюць памежнікаў. Канчатковае рашэнне аб тым, ці ўцякач будзе ахоплены міжнароднай аховай, залежыць ад кіраўніцтва Памежнай службы. А з гэтым бывае па рознаму.
Газета піша, што адносіны паміж валанцёрамі і Памежнай службай складаныя. Некаторыя паводзяць сябе вельмі непрыемна, неахвотна размаўляюць, не прадстаўляюцца, пра нішто не інфармуюць. Іншыя стараюцца ўтрымліваць кантакт, кормяць знойдзеных уцекачоў, даюць ім вопратку і абутак.
Валанцёры пераконваюць, што некаторых затрыманых на польскай тэрыторыі мігрантаў памежнікі сілаю вывозяць на беларускі бок.
Здараліся і смяротныя выпадкі. – Смерць на мяжы не з’яўляецца выпадковай. Гэта беларускія службы правакуюць такія сітуацыі, – гаворыць выданню віцэ-міністр замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач.
Віцэ-міністр гаворыць, што смяротныя выпадкі паявіліся пасля ўвядзення надзвычайнага становішча з польскага боку. –Часова спынілася дыскусія пра лагер мігрантаў ва Уснажы. СМІ не падагравалі атмасферы ў гэтай справе. Таму Лукашэнка вырашыў інакш раскруціць дыскусію. Раптам у адзін дзень памерлі чатыры чалавекі. Відавочна, што гэта не выпадак. Гэта беларускія службы прычыняюцца да такога тыпу сітуацый, – кажа Пшыдач.
Віцэ-міністр пераконвае, што пераважная частка мігрантаў – гэта не ўцекачы, а эканамічныя мігранты, якія заплацілі немалыя грошы, каб трапіць у Еўропу. Марцін Пшыдач гаворыць, што польская дзяржава гатовая дапамагчы сапраўдным уцекачам, але там, дзе яны цяпер знаходзяцца, то бок у Беларусі.
ав