Беларуская Служба

Экспертка па легалізацыі фірмы і сям’і ў Польшчы: Трэба прывыкнуць да польскіх стандартаў

12.10.2021 16:42
У Польшчы ёсць акрэсленыя тэрміны на афармленне дакументаў, і раней немагчыма зрабіць.
Аўдыё
  • Беларусы ў Польшчы - фірма і сям'я
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Olimpik

Госць нашай перадачы – Анастасія Баравікова. Яна ўзначальвае кампанію, якая ўжо каля 7 гадоў аказвае паслугі беларусам Польшчы па пытаннях, звязаных з легалізацыяй у краіне як фірмаў з Беларусі, так і асобаў. За гэты час яна дапамагла больш чым тысячы замежнікаў у атрыманні віду на жыхарства, пастаяннага месца жыхарства, а таксама ў афармленні розных ліцэнзіяў у галіне міжнародных транспартных перавозак, гастраноміі і г.д. Зарэгістравала звыш 200 паспяховых фірмаў, дапамагае ў рэлакацыі беларускіх кампаній у Польшчу.

Анастасія Баравікова кажа, што аформіць фірму ў Польшчы вельмі проста, больш праблем узнікае з вядзеннем бізнесу.

- З пачаткам дзейнасці ў Польшчы ў беларускіх кампаній няма праблем. Аформіць фірму можа кожны прадпрымальнік, нават калі ён знаходзіцца за межамі Польшчы. Больш пытанняў паяўляецца пазней, падчас вядзення кампаніі. Шмат фінансавых, падатковых нюансаў, якія адрозніваюць вядзенне бізнесу ў Польшчы ад вядзення ў Беларусі. Мы падказваем прадпрымальнікам, якім чынам пачаць дзейнасць і далей яе весці. У сваю чаргу, больш праблем бывае з легалізацыяй людзей з-за мяжы. На дадзены момант вельмі складана легалізавацца на падставе новай кампаніі. Аднак усё магчыма, мы шукаем і падказваем найлепшы варыянт.

У Беларусі цяпер вельмі складаная сітуацыя, шмат людзей пакутуе ад пераследу з боку сілавых структур, шырацца рэпрэсіі. Беларусам у Польшчы адносна лёгка атрымаць палітычны прытулак, але часам чуваць галасы, што яшчэ замала прывілеяў з боку польскіх уладаў было прынята ў адносінах беларусаў, што гэтых палёгак павінна быць больш.

- На маю думку, польскія ўлады і так дастаткова шмат прадставілі магчымасцяў беларусам на тэрыторыі Польшчы. Гэта датычыць вядзення бізнесу, дазволаў для спецыялістаў. Магчыма, часам узнікаюць цяжкасці з афармленнем некаторых дакументаў, у прыватнасці, так званага нумару PESEL (індывідуальны нумар жыхара), але ўсё залежыць ад чалавека – на колькі ён кемлівы, на колькі ён арыентуецца ў справах, і агулам, ці ў яго ёсць жаданне атрымаць дадзены дакумент. У прынцыпе, усё магчыма зрабіць, але трэба прывыкнуць да польскіх стандартаў, тэрмінаў. У Польшчы ёсць акрэсленыя тэрміны на афармленне дакументаў, і раней немагчыма зрабіць. Палякі ведаюць, што паскорыць працэс нельга, а беларусы прывыклі, што ўсё можна зрабіць раней, калі мы вельмі-вельмі хочам. Тут мы ўсе – іншаземцы, і павінны разумець, што краіна дастаткова шмат нам дае, каб мы маглі развівацца.

Калі хтосьці намераны весці ў Польшчы бізнес-дзейнасць, заснаваць тут фірму, або проста хацеў бы атрымаць від на жыхарства, ён павінен пазнаёміцца з польскімі законамі, якія ў вялікай ступені адрозніваюцца ад беларускіх, – кажа Анастасія Баравікова.

- Чым адрозніваецца польскі закон, нават ад беларускага закону – тым, што тут ёсць моманты, якія проста не ўлічваюцца ў законе, і іншаземцы пачынаюць гэтым карыстацца. Ёсць такое, але яшчэ раз нагадваю, што ёсць акрэсленыя тэрміны, за якія афармляюцца дакументы або выдаецца дазвол, якіх неабходна прытрымлівацца. Трэба шанаваць правілы, паколькі вы прыехалі ў чужую дзяржаву, і павінны паважаць яе законы. Канешне, ёсць у законах некаторыя шчыліны, якімі можна скарыстацца ў сваю карысць, але неабходна дакладна чытаць і добра ведаць заканадаўства. Такім чынам ніхто не парушае закону, можна рабіць нейкія рэчы ў рамках закону.

Адна з тэмаў, якія цікавяць беларусаў, што пераехалі на часовае або і пастаяннае ў перспектыве пражыванне ў Польшчу, гэта фінансавая дапамога на дзяцей. Многія не ведаюць, або не адразу даведваюцца, што не абавязкова мець від на жыхарства ў краіне, каб атрымаць так званую дапамогу 500+. Гэта 500 злотых у месяц на дзіця да 18 году жыцця. Аднак ёсць умова – дзіця павінна фізічна прабываць у Польшчы.

- Пры падачы дакументаў ідзе праверка ўсіх прыведзеных фактаў. І знаходжанне дзяцей у Польшчы таксама могуць праверыць. Гэта здараецца нячаста, але могуць праверыць. Калі пры афармленні папераў вы прадстаўляеце дакумент, які сцвярджае асобу, скажам, пашпарт, то ў ім будзе інфармацыя, што чалавек уехаў на тэрыторыю Польшчы. Чыноўнікі таксама супрацоўнічаюць з памежнай вартай ды іншымі структурамі, якія могуць гэта пацвердзіць.

Госцем нашай перадачы была Анастасія Баравікова, дырэктар групы кампаній Grand Company, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы бухгалтарска-кадравага абслугоўвання і юрыдычнага суправаджэння фірмаў ды легалізацыі замежнікаў.

нг