Беларуская Служба

Негатыўная эканамічная перспектыва Беларусі будзе спрыяць эміграцыі

15.10.2021 15:23
Эканамічная сітуацыя ў Беларусі кепская, пры адсутнасці рэформаў і пры цяперашняй уладзе эканамічныя перспектывы краіны вельмі слабыя.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: geralt /pixabay.com/CC0 Public Domain

Аднак, незалежная экспертная супольнасць ужо думае над тым, якія рэформы ў першую чаргу трэба будзе правесці пасля палітычных перамен у Беларусі. У чацвер адбылася першыя дыскусія з серыі «Дыялог пра будучыню».

Віцэ-старшыня CASE-Belarus, дарадчык Святланы Ціханоўскай па эканамічных пытаннях Алесь Аляхновіч расказаў, што эканоміка Беларусі сапраўды расце. Гэта рост на 3% у параўнанні з папярэднім годам, але рост забяспечаны экспартным бумам.

З пачатку году экспарт тавараў і паслуг выраслі больш як на 30%. Пры гэтым рост быў забяспечаныя павышэннем цэнаў на тавары, якія вырабляюцца ў Беларусі, а не павелічэннем экспарту. У сваю чаргу інвестыцыі ўнутры краіны, дзяржаўныя і прыватныя, скарачаюцца.

Эканаміст адзначае, што ў бліжэйшым часе гэтая кан'юнктура пачне затухаць. Паводле падліках Сусветнага банку, рост беларускай эканомікі на працягу трох гадоў складзе 0,6%. Для параўнання – польская эканоміка вырасце на 14%.

-Калі да гэтага дадаць страчаныя для Беларусі дзесяцігоддзі (рост эканомікі ў 2011-2020 гадах у 10%, а нашыя суседзі Польшча, Літва, Латвія выраслі ад 30 да 50%), то мы бачым, што вымалёўваюцца вельмі дакладныя прадпасылкі для эміграцыі з Беларусі. Разрыў паміж зарплатамі ў Беларусі і яе суседзямі, разрыў у магчымасці рэалізацыі свайго патэнцыялу, асабліва для тых, хто хоча адкрыць бізнес, велізарны. Эміграцыя будзе не толькі палітычная, але і эканамічная. Сярэднетэрміновая перспектыва пры дзейным рэжыме кепская, таксама на фоне іншых краін, якія будуць вельмі хутка развівацца.

Прымусіўшы з’ехаць з Беларусі палову інавацыйнага бізнесу (ІТ, стартапы), улады Беларусі пазбавілі сябе будучыні – гаворыць Тацяна Марыніч з кампаніі IMAGURU, CEO&Co-Founder. Калі нічога не памяняецца ні ў бізнесе, ні ў эканоміцы, то бізнес будзе працягваць рэлакацыю.

-На жаль, за рэлакацыяй ІТ-бізнеса пачнецца адток людзей, якія здольныя ствараць які-небудзь бізнес, якія ўвогуле здольныя што-колечы ствараць. Калі прадпрымальнікі маглі заснаваць бізнес у Беларусі, то яны зробяць гэта ў любой краіне. Калі нічога не будзе мяняцца, то гэты момант безумоўна наступіць.

Удзельнікі дыскусіі спрабавалі адказаць на пытанне, якія крокі пры змене палітычнай сітуацыі ў краіне трэба будзе прадпрыняць у першую чаргу.

Акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова адзначае, што адной з галоўных праблем з’яўляецца празмерная прысутнасць дзяржавы ва ўсіх сферах бізнесу. І гэта трэба змяніць.

-Будзем спадзявацца, што да рэформаў дажыве дастаткова вялікі і дынамічны прыватны сектар. Рэформы шмат у чым павінны быць накіраваны на яго развіццё. Праблемай з’яўляюцца таксама няроўныя ўмовы для дзяржаўнага і прыватнага сектара. Канешне, трэба рэфармаваць дзяржсектар. Неабавязкова кандытарская фабрыка павінна быць дзяржаўнай, але мы можам дыскутаваць пра падтрымку прамысловых гігантаў. Перад гэтым трэба аптымізаваць сістэму сацпадтрымкі, якая ў Беларусі састарэла. Адной з першых павінна быць змена сістэмы падтрымкі беспрацоўных, змена правіл выдзялення субсідый на камунальныя паслугі. У любым выпадку трэба будзе вырашаць праблему напаўняльнасці бюджэту. Таму непазбежнымі з’яўляюцца
нейкія непапулярныя рашэнні, як павышэнне пенсійнага ўзросту. Добра было б, каб гэты суправаджалася эфектыўнымі структурнымі зменамі.

Правільная мадэль эканомікі, паводле Тацяны Марыніч, гэта мадэль, у якой рост даходаў будзе забяспечваць прыватны сектар. Для гэтага павінны быць забяспечаны грамадзянскія эканамічныя свабоды. У першую чаргу трэба развіваць чалавечы капітал.

-Мэта новай эканомікі – гэта не павышэнне ВУП. Чаму мы хочам рэфармаваць эканоміку? Таму што мы хочам даць магчымасць развівацца абсалютна кожнаму чалавеку ўнутры Беларусі. Другое – гэта інавацыйнае прадпрымальніцтва. Трэцяе – пабудаванне лічбавага грамадства. Вось гэтыя тры моманты, па-мойму, павінны ў будучым вызначаць беларускую эканоміку.

Тацяна Марыніч дадае, што для гэтага трэба мінімізаваць ролю дзяржавы ў бізнесе, пабудаваць давер да дзяржавы, павінна быць незалежная судовая сістэма, роўныя ўмовы для ўсіх.

Хто будзе праводзіць рэформы? Алесь Аляхновіч лічыць, што Беларусь будзе найлепш падрыхтаванай краінай сярод постсавецкіх дзяржаваў, якая будзе праводзіць структурна-эканамічныя рэформы. Беларусь будзе рабіць гэта апошняй, а таму ёсць досвед больш за 30 краін, якія можна выкарыстоўваць. У Беларусі больш за 50% эканомікі ствараюць прыватныя кампаніі, таму рэфармаваць трэба будзе менш, чым іншым постсавецкім краінам у 90-ыя. Калі казаць пра кадры, то яны ёсць. Мноства людзей вучыліся за межамі і ведаюць, як павінна выглядаць сучасная мадэль эканомікі.

ав