Беларуская Служба

У Варшаве прайшла прэзентацыя выдання, прысвечанага расійскай агрэсіі

19.10.2021 11:42
Кніга «Выжыць побач з імперыяй. Агрэсія сучаснага Крамля» была напісана на ўкраінскай мове, але ў Варшаве прайшла прэзентацыя яе ангельскамоўнай версіі.
Аўдыё
  • Прэзентацыя кнігі, прысвечанай расійскай агрэсіі на Украіну
  :   ( ),   ( ), -   (), .   ( ), -   ( )
На здымку злева: Павел Залеўскі (польскі парламент), Святаслаў Юраш (украінскі парламент), д-р Яўген Магда (Кіеў), праф. Сяргей Фядуняк (Чарнавіцкі ўніверсітэт), д-р Казімір Вуйціцкі (Усходняя акадэмія)фота: БСПР/нг

У Беларускім доме ў Варшаве прайшла прэзентацыя выдання, прысвечанага агрэсіі Расіі ў адносінах суседніх дзяржаваў. Кніга пад загалоўкам «Выжыць побач з імперыяй. Агрэсія сучаснага Крамля» была напісана групай аўтараў з Польшчы, Украіны ды Эстоніі і выдадзеная ў бягучым годзе ўкраінскімі ўстановамі – Інстытутам сусветнай палітыкі і Цэнтрам палітычных апавяданняў у супрацы з Усходняй акадэміяй, якая дзейнічае ў Польшчы пры Фондзе Усходняга дома. Яшчэ перад сустрэчай мы папрасілі сказаць пра выданне дырэктара Беларускага дома ў Варшаве Алеся Зарэмбюка.

- І Польшча мяжуе з Расіяй, і Украіна, і Беларусь. Пасля 2008 года, калі Расія развязала вайну з Грузіяй, а пасля працягнула гэты сцэнар з Украінай, мы таксама знаходзімся пад пагрозай. Польшчу абараняе НАТА, палякам крыху лягчэй. Але трэба браць пад увагу, што расіяне сёння могуць спрабаваць напасць на Беларусь, а заўтра і на балтыйскія краіны, на Польшчу.

На прэзентацыі прысутнічалі як аўтары выдання, так і запрошаныя госці – між іншым дэпутаты польскага і ўкраінскага парламентаў. Доктар Казімір Вуйціцкі (Kazimierz Wójcicki) з Усходняй акадэміі прадставіў асновы расійскай ваеннай дактрыны.

- Яна адрозніваецца ад амерыканскай ці нямецкай. Расійская ваенная дактрына моцна звязана з нэаімперскай ідэалогіяй. Каб яе зразумець, неабходна пазнаёміцца з расійскім гістарычным наратывам. Напрыклад, у ім закладзена, што Крым – гэта месца хрышчэння Русі (князя Уладзіміра – рэд.), што не зусім правільна. Расія шукае аргументы ў гісторыі, каб распальваць і весці гібрыдныя войны. Акрамя таго, міфічным пачаткам расійскай дзяржавы лічыцца Кіеўская Русь, а Кіеў – гэта ж Украіна. Цяжка прызнаваць, што пачатак Расіі быў у незалежнай суседняй дзяржаве. І таму трэба праводзіць розныя маніпуляцыі. Агулам у расійскай гістарычнай палітыцы вельмі шмат маніпуляцыі і падтасоўвання фактаў. Яна тым адрозніваецца ад дактрын дэмакратычных краін, што ў ёй важнейшая не абарона, а атака, рэканструкцыя імперыі. А базавая частка дактрыны – гістарычная аргументацыя.

Прафесар Сяргей Фядуняк з Чарнавіцкага ўніверсітэту коратка прадставіў найважнейшыя тэзісы кнігі. Аўтары, між іншым, шукаюць адказу на пытанне, якім чынам можна разглядаць агрэсію Расіі ў Крыме і на Данбасе з пункту гледжання міжнароднага права.

-Ці можна пакараць таталітарную імперыю за яе злачынствы? Аўтар раздзелу, прысвечанага гэтаму пытанню, разглядае шматлікія прыклады і стараецца адказаць, як прыйсці да пакарання, да суду над расійскім імперыялізмам. Агрэсія Расіі ў Крыме і на Данбасе аналізуецца з пункту гледжання міжнароднага права. Гэта ваенная агрэсія, якая цалкам падпадае пад міжнародныя дакументы, не можа быць ніякіх сумненняў. Важна называць рэчы адпаведнымі тэрмінамі. Тое, што адбываецца ва Украіне з 2014 года – гэта расійская ўзброеная агрэсія, акупацыя часткі зямель Украіны. Важна казаць пра акупацыю Крыма, а не пра яго анексію. Пра гэта нельга спрачацца, ні з пункту гледжання здаровага сэнсу, ні з пункту гледжання міжнароднага права.

Прысутных на прэзентацыі беларусаў цікавіла перш за ўсё пытанне Беларусі, ці яна таксама можа стаць аб’ектам расійскага нападзення. Сацыёлаг Галіна Кашэўская нядаўна была прымушаная з’ехаць з Беларусі па палітычных матывах, паколькі яна ўдзельнічала ў паслявыбарчых пратэстах. Даследчыца кажа пра пагрозу з боку расійскага імперыялізму, але і пра надзею, што разам са зменай пакалення, калі свой голас падасць маладое, больш адукаванае і сучаснае пакаленне, палітыка Расіі ў адносінах суседзяў павінна мяняцца.

- Гэтая расійская імперыя ўмешваецца ўсюды, як гістарычна, так і зараз. У нас гістарычнае дэжавю. Шмат залежыць ад Расіі, ад яе палітыкі. Калі б не яна, калі б Расія не ўмешвалася ў нашыя справы, у нас усё было б добра. Аднак надзея памірае апошняй, я жыву надзеямі. Веру ў тое, што перамены так ці інакш прыйдуць, бо наша моладзь расце, савецкія людзі сыходзяць, жыццё возьме сваё. Тут вялікі ўплыў мае адукацыя, культура людзей.

Кніга «Выжыць побач з імперыяй. Агрэсія сучаснага Крамля» была напісана на ўкраінскай мове, але ў Варшаве прайшла прэзентацыя яе ангельскамоўнай версіі. Аўтары мяркуюць, што вельмі важна, каб яна была даступная чытачам на захадзе Еўропы, паколькі там не разумеюць, наколькі вялікая пагроза сыходзіць з боку Расіі. Неўзабаве плануюцца прэзентацыі выдання ў Вене, Бруселі, Вільні і Талліне.

нг