З 1 верасня 2022 года ўводзіцца новы абавязковы прадмет "Гісторыя і сучаснасць". Ён стане абавязковым для ўсіх вучняў I і II класаў, будзе ўведзены замест базавых ведаў аб грамадстве. Піша Dziennika Gazeta Prawna.
"Ідэя — увесці ў 1 і 2 клас прадмет, зместам якога будзе найноўшая гісторыя, гісторыя другой паловы 20 стагоддзя, пачынаючы з канца Другой сусветнай вайны", — сказаў Міністр адукацыі і навукі Пшэмыслаў Чарнэк (Przemysław Czarnek). Ён падкрэсліў, што гэта будзе "надзвычай важная тэма з пункту гледзішча ведання найноўшай гісторыі і разумення пэўных гістарычных працэсаў, якія аказваюць непасрэдны ўплыў на сучасны стан рэчаў у Польшчы, Еўропе і свеце".
Каманда экспертаў працуе над падрыхтоўкай праекта асноўнага вучэбнага плана новага прадмета "Гісторыя і сучаснасць".
Намеснік міністра адукацыі і навукі Дарыюш Піянткоўскі (Dariusz Piontkowski) паведаміў, што аб'ём гісторыі, які выкладаўся ў школе да падзей 2004 года, гэта значыць, які скончыўся з далучэннем Польшчы да Еўрасаюза, будзе падоўжаны да 2015 года. "Гісторыя і сучаснасць — гэта пашыраная версія найноўшай гісторыі, якую вучні вывучаюць у 8 класе (...). Мы хочам, каб яна грунтавалася на некаторых пытаннях з "Ведаў аб грамадстве", каб вучні, абмяркоўваючы гістарычныя пытанні, былі б у курсе таго, як гэта адбіваецца на сучаснасці, на сучасным функцыянаванні свету, грамадства і дзяржавы", — адзначыў намеснік міністра.
Пасля ўвядзення новага прадмета агульная колькасць гадзін абавязковай адукацыі, прадугледжаная рамкамі вучэбных планаў для агульнаадукацыйных школ, не зменіцца.
вх