Больш за 60% палякаў лічыць уварванне войскаў Расіі ва Украіну верагодным сцэнаром, вынікае з апошняга сацыялагічнага апытання United Surveys, праведзенага для RMF FM і Dziennik Gazeta Prawna.
Сярод гэтых 60%, 7,6% адказалі, што сцэнар уварвання «вельмі верагодны», а 53,5% «хутчэй за ўсё верагодны».
Супрацьлеглага меркаванне прытрымліваецца 32,6% апытаных. «Малаверагодным» расійскае ўварванне ва Украіну прызналі 26,1% апытаных палякаў, а «вельмі малаверагодным» – 6,5%. Адказу не ведалі 6,2%.
Тым часам, працягваецца напружанасць, звязаная з прысутнасцю расійскіх войскаў ля межаў Украіны. Па-ранейшаму вядуцца перамовы, накіраваныя на дээскалацыю і недапушчэнне пачатку вайны.
У канцы мінулага года Расія сфармулявала шэраг патрабаванняў у дачыненні да ЗША і НАТА, назваўшы іх «прапановамі аб гарантыях бяспекі». Расія патрабуе юрыдычных гарантый непашырэння НАТА. Краіны Паўночнаатлантычнага альянсу ўжо выключылі выкананне гэтага. У выпадку ігнаравання патрабаванняў, Масква пагражае захадамі, у тым ліку ваеннымі, хоць і не ўдакладняе, якімі яны могуць быць.
Ваенныя эксперты і заходнія ўрады кажуць аб рэальнай пагрозе расійскай агрэсіі.
эж