Беларуская Служба

Польшча гатовая прыняць бежанцаў і параненых з Украіны

22.02.2022 14:17
Вайна на Украіне – гэта, канешне, самы дрэнны варыянт развіцця падзей, але неабходна падрыхтавацца да найгоршага.
Аўдыё
  • Польшча гатовая прыняць бежанцаў з Украіны
Zdj. ilustracyjne
Zdj. ilustracyjneShutterstock

Супрацьстаянне паміж Расія ды Украінай пераходзіць у новую фазу. Гэта можа азначаць, што тысячам украінцаў будзе патрэбная дапамога.

Надоечы адбылося афіцыйнае прызнанне Расіяй сепаратысцкіх рэгіёнаў Украіны – Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Пакуль што малаверагодна, каб гэта стала пачаткам сёр’ёзнага ўзброенага канфлікту паміж Украінай і Расіяй, але да ўсяго трэба быць гатовым.

Вайна на Украіне – гэта, канешне, самы дрэнны варыянт развіцця падзей, але неабходна падрыхтавацца да горшага, каб своечасова прыняць адпаведныя крокі. Калі б сапраўды Расія рашылася пачаць інвазію, у суседнія дзяржавы пацяклі б патокі бежанцаў з Украіны. Польшча ўжо рыхтуецца прыняць гэтых людзей і даць ім прытулак.

Праўда, польскія ўлады разлічваюць, што канфлікт застанецца ў катэгорыі інфармацыйнай вайны, за рамкі правакацый і дыверсійных дзеянняў Расія далей не пойдзе. Аднак, калі дыпламатычныя захады не спрацуюць і пачнецца гарачая фаза, то з тэрыторыі, закранутай ёю, могуць пацягнуцца тысячы і сотні тысяч чалавек. Ужо некалькі тыдняў таму Польшча пачала рыхтавацца да гэтай верагоднасці. Ваяводы па ўсёй дзяржаве выдаюць распараджэнні падрыхтаваць адпаведныя месцы для ўцекачоў. «Трэба быць падрыхтаваным да кожнага сцэнару», – адзначыў член Камісіі нацыянальнай абароны польскага Сейма Лешак Дабжыньскі.

- Калі ўвесь свет адлічвае гадзіны і хвіліны, спадзяецца самага дрэннага – гарачага канфлікту, то немагчыма такіх крокаў не прадпрымаць і не рыхтавацца да элементарных рэчаў. У выпадку, калі Расія рашыцца на гарачы канфлікт, не можа абысціся без хвалі бежанцаў.

Прызнаючы ДНР і ЛНР ды прадстаўляючы ў звароце да членаў Савета бяспекі і народа сваё бачанне міру, з якім не згодны ўвесь цывілізаваны свет, Пуцін дабіўся таго, што цяпер з боку заходніх краін у напрамку Украіны пацягнецца яшчэ больш дапамогі, у тым ліку ў выглядзе ўзбраення. Польшча вуснамі афіцыйнага прадстаўніка ўраду Пятра Мюлера заявіла, што паставіць Украіне як гуманітарную, так і ваенную дапамогу.

- На дадзены момант чарговыя грузы накіроўваюцца ва Украіну. Гэта як гуманітарная, матэрыяльная дапамога, так і ўзбраенне. Для нас вельмі важна, каб Украіна мела шанцы абараніцца ад агрэсара, які прыходзіць з боку Расіі. Мы накіравалі ва Украіну гарматы вялікага калібру, снарады, зброю для супрацьпаветранай абароны. Вельмі важна, каб украінскае войска магло абараніцца.

Польшча гатова прымаць мірных жыхароў з Украіны, якія будуць уцякаць ад вайны. Нагадаем, Польшча прыняла тысячы беларусаў, калі ў Беларусі пачаліся рэпрэсіі пасля выбараў 2020 года. У Польшчы знойдзецца месца таксама для ўкраінцаў, у тым ліку яна гатовая прыняць параненых людзей, - дадаў Мюлер.

- На дадзены момант мы ўжо гатовыя, каб аказаць дапамогу ўсім параненым. Я спадзяюся, параненых не будзе, але мы гатовыя аказаць ім дапамогу ў выпадку неабходнасці. Калі б пачаўся ўзброены канфлікт, паявяцца людзі, якім таксама дапамога будзе патрэбная. Адпаведныя працэдуры сёння прапрацоўваюцца, у тым ліку хуткае транспартаванне з тэрыторыі Украіны тых людзей, якім будзе неабходная экстраная медычная дапамога.

Некаторыя заходнія краіны ўжо пачалі эвакуацыю сваіх дыпламатычных службаў з Украіны або перанеслі іх у заходнія рэгіёны дзяржавы. На думку польскіх уладаў, няма неабходнасці эвакуяваць дыпламатаў, хаця Польшча гатовая да таго, што такая неабходнасць паявіцца, і тады працэс можна будзе пачаць вельмі хутка. Аднак польскія дыпламаты патрэбныя на месцы. Пра гэта заявіў сёння намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павел Яблоньскі.

- Пакуль што наш дыпламатычны корпус застаецца на месцы, каб аказваць дапамогу польскім грамадзянам ва Украіне, каб паказваць салідарнасць з Украінай. Мы хочам быць саюзнікам, да якога можна мець давер, да якога можна звярнуцца ў кожную хвіліну па падтрымку. Мы не пакідаем сваіх партнёраў у бядзе. Такая наша палітыка. З іншага боку, калі б пачалася ваенная шырокамаштабная аперацыя, неабходна будзе пачаць эвакуацыю. І на такі варыянт развіцця падзей мы таксама падрыхтаваныя.

У Польшчы мяркуюць, што ў выпадку шырокамаштабнай вайны паміж Расія ды Украінай, нават мільён і болей украінцаў могуць шукаць прытулку на польскай тэрыторыі.

IAR PR/нг