Сёння мінае 12 гадоў з моманту Смаленскай авіякатастрофы. Польскі ўрадавы самалёт Ту-154M разбіўся а 8:41 (па цэнтральна-еўрапейскім часе) 10 красавіка 2010 года каля аэрапорта «Северный» у Смаленску. Польская дэлегацыя, якая ім падарожнічала, накіроўвалася на мерапрыемства з нагоды 70-й гадавіны Катынскага злачынства. Ніхто з 96 чалавек на борце не выжыў.
У катастрофе загінулі прэзідэнцкая пара Лех і Марыя Качыньскія, апошні прэзідэнт Польшчы ў выгнанні Рышард Качароўскі, намеснікі спікераў Сейма і Сената, 14 парламентарыяў, камандуючыя галоўнымі ўзброенымі сіламі, людзі, якія займалі высокія пасады ў дзяржаве, духавенства, прадстаўнікі катынскіх сем’яў, а таксама экіпаж самалёта і супрацоўнікі Бюро аховы ўраду.
У панядзелак у Варшаве будзе прадстаўлены даклад Падкамісіі Міністэрства нацыянальнай абароны па расследаванні прычынаў Смаленскай авіякатастрофы. Прэзентацыя дакладу, які члены падкамісіі прынялі ў мінулым годзе (10 жніўня 2021 года) адбудзецца ў сядзібе Дэпартамента ваенных замежных спраў Міністэрства нацыянальнай абароны а 11.00 раніцы.
Некалькі дзён таму кіраўнік падкамісіі Антоні Мацяревіч заявіў, што апублікуе справаздачу аб катастрофе. Паводле яго, дакумент налічвае больш за 300 старонак, плюс дадатак, які складае яшчэ 5 000 старонак. Абвяшчаючы гэта, былы міністр нацыянальнай абароны сказаў, што «прэзідэнт і ўся дзяржаўная эліта» былі забітыя ў Смаленску.
Паводле фільму аб высновах працы падкамісіі Мацярэвіча, які быў прадстаўлены ў 2020 годзе, прычынай катастрофы ўрадавага самалёта сталі, як мінімум, два выбухі.
У 2010 -2011 гадах катастрофай польскага ўрадавага самалёта пад Смаленскам займалася Камісія па расследаванні авіякатастрофаў пад кіраўніцтвам тагачаснага міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Ежы Мілера. Паводле ейнай справаздачы з 2011 года, самалёт апусціўся ніжэй мінімальнай вышыні і пры празмернай хуткасці ва ўмовах дрэннай бачнасці, урэзаўся ў дрэва, што прывяло да паступовага знішчэння канструкцыі машыны. Камісія таксама паказвала на некарэктную працу расійскіх дыспетчараў і падкрэсліла, што ні гукапісцы, ні параметры палёту не пацвярджаюць тэзіс аб выбуху на борце самалёта.
З 2016 года да лістапада 2021 года расследаваннем Смаленскай авіякатастрофы займалася падкамісія Мацяревіча. У 2018 годзе была абвешчаная тэхнічная справаздача згаданай падкамісіі. Паводле яе, урадавы Ту-154М «быў знішчаны ў паветры ў выніку выбуху». У сваю чаргу ранейшая справаздача камісіі Мілера была адмененая і прызнаная несапраўднай.
Абставіны катастрофы надалей расследуе таксама пракуратура. Прадстаўнікі якой апошні раз былі ў Смаленску восенню 2019 года, калі разам з судмедэкспертамі праводзілі судовыя мерапрыемствы. Следства пракуратуры, якое не выключае ніякіх магчымых прычын катастрофы, пакуль было прадоўжанае да канца года.
Нягледзячы на неаднаразовыя афіцыйныя звароты польскага боку, Расійская Федэрацыя да гэтай пары не пагаджаецца вярнуць палякам часткі разбітай машыны. Следчы камітэт РФ і расійскія ўлады ўвесь час паўтараюць, што ў сувязі з крымінальнай справай, якая вядзецца ў Расіі, вярнуць Польшчы абломкі Ту-154M немагчыма. Аднак інфармацыі аб канкрэтных следчых мерапрыемствах няма.
Некалькі дзён таму, між іншым, у эфіры Першай праграмы грамадскага Польскага радыё віцэ-прэм’ер Яраслаў Качыньскі сказаў, што ў яго няма ніякіх сумненняў у тым, што гэта быў замах:
- На дадзены момант мы ўжо вельмі многа ведаем аб тым, што адбылося ў Смаленскім аэрапорце, і ў нас няма ніякіх сумневаў, што гэта быў замах.
Надоечы ўрад Аўстраліі вырашыў падаць пазоў супраць Расіі ў Міжнародны суд за збіццё самалёта Малазійскіх авіялініяў NH17, у выніку чаго, загінулі, між іншым, больш за 20 грамадзян Аўстраліі. Яраслаў Качыньскі не выключыў, такіх міжнародных крокаў з боку Польшчы:
- Я думаю, што сітуацыя да гэтага даспявае. Там (у выпадку малазійскага самалёта – рэд.) было міжнароднае следства. Яны таксама мелі абломкі машыны і іншыя неабходныя магчымасці, каб даказаць прычыну авіякатастрофы – што машына была збітая, якой ракетай іг.д.(…) Аднак, у працэсуальным сэнсе, мы ў больш складанай сітуацыі, (чым Аўстралія – рэд.) Тым не менш, мы будзем, спадзяюся, яе выпраўляць, і фінал будзе менавіта такой.
Калі, гэта адбудзецца старшыня польскай кіроўнай партыі не сказаў. Ён дадаў, што справу ўскладняе таксама смерць намесніка генпракурора Марэка Пасёнэка, які ўзначальваў групу ў пракуратуры, што займалася Смаленскай катастрофай:
- Ёсць таксама справаздача і матэрыялы сабраныя Падкамісіяй Антонія Мацярэвіча. Усё гэта трэба будзе спалучыць. Гэта не будзе простая справа, прынамсі, калі гаворка ідзе аспект ad personam, бо ad rem – то так. Калі гаворка ідзе пра ход справы – усё зразумелае, аднак ёсць яшчэ асабістая адказнасць. Тут мы ведаем розныя рэчы, частка з іх відавочная, але з пункту гледжання крымінальная працэсу, нагадваю – гэта крымінальны суд, нашыя перакананні маюць невялікае значэнне. Каротка кажучы – гэта трэба дапрацаваць.
Віцэ-прэм’ер дадаў, што зараз міжнародная атмасфера больш спрыяе заняцца справай:
- Зараз умовы больш спрыяльныя заняцца справай, чым раней. Многія забылі пра справу, але зараз узгадаў яе прэзідэнт Зяленскі, а таксама нейкім чынам расійскі віцэ-прэм’ер Рагозін. Хоць гэта былі пагрозы, накіраваныя на мой адрас(…). Гэта новая сітуацыя, новы кантэкст. Ці яе вынікам будуць нейкія новыя матэрыялы з Захаду, на што разлічвае шмат людзей – невядома. Тым не менш, тое, што ўдалося дасягнуць таксама з Захаду – з заходніх лабараторыяў, гэта таксама шмат.
Зараз, у аспекце вайны ва Украіне, цяжка аспрэчваць факт, што Расія здольная ліквідаваць замежных лідараў, якіх лічыць пагрозай:
- Перш за ўсё, гаворка ідзе пра стаўленне элітаў, якія былі вельмі скептычныя ў дачыненні да паяснення прычынаў катастрофы. Калі ў інтэрв'ю BBC, я гаварыў пра магчымасць замаху, то журналіст пачаў ставіцца да мяне вельмі агрэсіўна. Былі таксама выказванні вядомых людзей, якія казалі, што калі б кітайцы забілі прэзідэнта ЗША, то амерыканцы схавалі б гэты факт; што намаганні «Права і справядлівасці», паясніць справу – скандальныя. Зараз, шмат сведчыць пра тое, што атмасфера памянялася.
- заявіў віцэ-прэм’ер лідар польскай кіроўнай партыі «Права і Справядлівасць» Яраслаў Качыньскі ў інтэрв’ю Польскаму радыё.
Нагадваем, целы ахвяраў авіякатастрофы пад Смаленскам – пасля ідэнтыфікацыі – былі прывезеныя ў Польшчу. Труна з парэшткамі прэзідэнта Леха Качыньскага першай вярнулася ў Польшчу. Праз два дні было ідэнтыфікаванае цела першай лэдзі Марыі Качыньскай. Пахаванне прэзідэнцкай пары адбылося 18 красавіка на Вавелі. Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел больш за 150 тысяч чалавек, у тым ліку прадстаўнікі вышэйшых дзяржаўных органаў і дэлегацыі з некалькіх дзясяткаў краін.
Пахаванне ахвяраў катастрофы працягвалася да апошніх дзён красавіка. У 8-ю гадавіну катастрофы, 10 красавіка 2018 года, на плошчы Пілсудскага ў Варшаве быў адкрыты помнік 96 ахвярам катастрофы польскага ўрадавага самалёта. 10 лістапада таго ж года, каля гэтага помніка быў афіцыйна адкрыты помнік прэзідэнту Леху Качыньскаму.
IAR/PR1/аз